Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.


[1359].I.05. Вільня. Фальсіфікат першай паловы XIX ст. В.к.л., рускі, дзедзіч Крэўскі, Віцебскі, Полацкі і іншых зямель Альгерд дазваляе, каб харужыя ў харужствах ВКЛ выконвалі судовыя абавязкі крэваў, якія з-за адсутнасці альбо з-за вялікай адлегласці не могуць судзіць усе справы паміж гаспадарскімі зямянамі.

Месцазнаходжанне арыгінала цяпер невядомае. Тэкст захаваўся ў складзе выпіса, нібыта выдадзенага Віленскім замкавым пісарам Іванам Чыжом 1451.III.08. Копія выпіса знойдзена ў паперах гісторыка Т. Нарбута, што ў пачатку XX ст. трапілі ў Польшчу - у Бібліятэку Асаліньскіх, сігнатура: l. 3116, pag. 1. Па гэтай копіі тэкст надрукаваны А. Прахаскам у артыкуле: Prochaska A. Czy istniał Krywe na Litwie // Kwartalnik Historyczny. 1904. R. 18. Z. 3/4. S. 485-486. Электронная версія зроблена па гэтай публікацыі. Тэкст перададзены ў такім выглядзе, як яго надрукаваў А. Прахаска, г. зн. лацінкай. Больш дробным шрыфтам друкуецца тэкст "клаўзулы" і апісанне пячаткі, якая нібыта была прыкладзена да выпіса І. Чыжа.

Дакумент з'яўляецца фальсіфікатам. Яго аўтарам, верагодна, з'яўляўся сам Т. Нарбут, каторы фабрыкаваў гістарычныя крыніцы, якія б пацвярджалі яго гіпотэзы - у дадзеным выпадку, гіпотэзу пра існаванне ў ВКЛ часоў Альгерда магутнага саслоўя жрацоў-"крэваў". Паходжанне тэксту цёмнае. Мова не адпавядае мове аўтэнтычных дакументаў, якія выходзілі з канцылярыі ВКЛ у XIV ст. У ёй маюцца паланізмы і лексіка, уласцівая дакументам больш позняга часу (wobec, ziemiane, wszeljakich). Існаванне ў ВКЛ часоў Альгерда такой адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі як "харужствы" не пацвярджаецца іншымі дакументамі. Фантастычнай з'яўляецца наяўнасць у канцылярыі в.к.л. Альгерда "маестатнай пячаткі". А. Прахаска растлумачваў гэтыя неадпаведнасці тым, што тэкст дакумента нібыта быў мадэрнізаваны ў часы в.к.л. Казіміра. Гэта тлумачэнне можна было б прыняць, калі б за тэкстам не маячыў так выразна цень Т. Нарбута. Звесткі пра Карыята і "Міхну" у пераліку сведкаў Т. Нарбут запазычыў з рускіх летапісаў, дзе распавядаецца пра няўдалае пасольства ВКЛ у Залатую Арду, якое ўзначальвалася Карыятам Гедымінавічам і Міхаілам Яўнутавічам. Дату дакумента (12-ы індыкт альбо 1359 год) Т. Нарбут падагнаў такім чынам, каб яна была бліжэйшай да 1358 г., калі ў пагадненні паміж ВКЛ і Мазавецкім княствам апошні раз упамінаецца Карыят. З гэтага ж аўтэнтычнага пагаднення, вядомага яму паводле "Гісторыі народу Польскага" А. Нарушэвіча (т. 9, Lipsk, 1837, с. 208), Т. Нарбут узяў згадку пра Войшвілта, якога ён, кіруючыся ўласнымі домысламі, палічыў сынам Кейстута. "Ліздзейка" сышоў на старонкі дакумента з легенды аб заснаванні Вільні Гедымінам.

У даце бачым беспрэцэдэнтны для сярэдневяковай дыпламатыкі ВКЛ выпадак, калі даецца спасылка на язычніцкую храналагічную адзнаку: 5 студзеня, першы дзень пасля Пярунавага дня. На думку С.П. Віцязя пад "Пярунавым днём" тут маецца на ўвазе свята Грамніц, якое, па этнаграфічных дадзеных другой паловы XIX ст., прыпадае на 20 студзеня па юліянскім календары. Але ў выніку астранамічнай з'явы прэцэсіі за перыяд, які прайшоў паміж 1359 г. і другой паловай XIX ст., адбыўся зрух прыкладна на 4 сутак (1 суткі за 128,2 года). "Гэта ўказвае на тое, што свята Грамніц у часы вялікага князя Альгерда адзначалася 24.01. Таму магчыма зрабіць выснову, што "Иван Чыж писар" падчас перапісу дадзенага дакумента зрабіў памылку, і замест 25.01 паставіў дату 05.01", - піша С.П. Віцязь (Віцязь С.П. Унікальная храналагічная адзнака ў дакуменце вялікага князя Альгерда // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. Мн., 2002. С. 99-100). Гэта развага, на яго думку, можа сведчыць аб аўтэнтычнасці дакумента.

Гіпотэза С.П. Віцязя не мае пад сабой падстаў. Складальнік дакумента (Т. Нарбут), гаворачы пра "Пярунаў дзень" меў на ўвазе не свята, а дзень тыдня. У першым томе "Старажытнай гісторыі літоўскага народу" Т. Нарбут адзначаў (цытата ў перакладзе з польскай): "Яго (Пяркунаса) знак на мантыі насіў найвышэйшы жрэц Krewe-Krewejto. Адзін дзень у тыдні, гэта значыць, пятніца, быў яму прысвечаны, які ўважаўся за святы дзень" (Narbutt T. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. T. 1. Mitologia litewska. Wilno, 1835. S. 8). Праверка па календару 1359 г. паказвае, што 5 студзеня ў тым годзе сапраўды прыпадала на суботу - на першы дзень пасля "Пярунавага дня" (ва ўяўленнях Т. Нарбута).

      Sam Olkherd welikij kniaź Litowskij, Ruskij, dedycz Krewskij, Witebskij, Połockij i innych.
      Oznajmujem sim naszim listom, chto na neho posmotrit', abo cztuczi jeho wsłyszit', kożdomu z osoba i wsim w obec.
      Khdy w państwie naszom litowskom ziemiane naszi hospodarskie trudnost' majut' w rosprawe meżi siebie w sporach i nestatkach wszeljakich, sumeżnych kriwdach i pokriwdżeniach, dla nemienija abo odlehłosti Krewow, terpiat' abo terpiti dajut' druhim obidy, nastija, napasti, proto my, hospodar, ustawujem, iżby ot tol chorużii naszii w chorużstwach swoich u Welikom Kniażstwie Litowskom takowyi spornosti, to samo jako Krewowie s tojuż mocoju [с. 486] sudili i sudy swoi w dieło wwodili, krom odzywu, a odzyw po wahie reczy i obyczaju dawnomu idet' do nas, hospodarja.
      Na twerdost zachowanie i kriepkoje ispołnenie seho naszoho listu dannoho nakazu peczat' naszuju majestatnuju k' onomu listu priwesiti weleli jeśmo.
      Pisan u Wilni indikta dwanaddesiat, miesaca henwar 5 deń, perwyj po Perunowom dni.
      A pri tom byli: kniaź Kestutej a syn jeho Wojszwił a kniaź Korjat a kniaź Nichno a kniaź Wirszul Lizdejki a Dywiło, Lenusz, Krjak, Hrodwił i inyje ljudi wysoki.
      A pisał djak Klim Nowhorodec.

Poczem czytamy klauzulę: Skorihował Iwan Czyż pisar u Wilni pod lieto bożeho narożenia 1451 marta 8 w poniedielnik. Pismem łacińskiem dopisano: Transsumptum. Correxit cum actis Johannes Tschisch notarius Castrensis Vilnae Anno Christi nativitatis MCCCCLI, mensis martii 8 feria secunda. Pieczęć przy tym wypisie z akt zamkowych (grodzkich) była wielkości talara, znak tylko wosku czerwonego został.

А.Л. Ідэнтыфікацыйны нумар электроннай версіі дакумента: d004 ад 2009.XI.26.






Hosted by uCoz