Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.


[1390.VIII-X.]. [Месца не пазначана]. Князь Васіль Нарымонтавіч перадае Паўлу Катовічу востраў на рацэ Ступве, каб паставіць сабе двор, а ўзамен дае яму востраў Вецелле ў Жыдзецкай воласці (Пінскай зямлі).

Арыгінал у XVI ст. належаў зямянам Пінскага павета Івану Сямёнавічу і Леўку Анцушкавічу Дамановічам і іх братам. У 1938 г. быў набыты Палескім краязнаўчым музеем у Пінску (тады ў складзе Польшчы) у жыхара в. Парахонск (цяпер Пінскі р-н) Станіслава Даравіцкага. Цяперашняя сігнатура: Музей беларускага Палесся ў Пінску. Пом. 1134. Пергамен без пячаткі. Доўгі час арыгінал лічыўся зніклым. Адкрыты і апублікаваны А. Грушам у 2009 г. - Копія 1. "Реестъръ списованя прывилев земянъ, шляхты повету Пинского и поповъ наданья замку Пинского" (1554). Цяперашняе месцазнаходжанне невядомае. Тэкст граматы быў прадстаўлены для ўпісання ў кнігу зямянамі Пінскага павета Іванам Сямёнавічам і Леўкам Анцушкавічам Дамановічамі і іх братамі, каб абгрунтаваць іх маёмасныя правы на "имѣньи свои отчызные въ повѣтѣ Пинскомъ на Дуковичы [цяпер: Вялікія і Малыя Дзіковічы Пінскага р-на] и на Мѣстковичы". - Копія 2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1777 ("Пінскі земскі суд"). Воп. 1. Адзінка захавання 88. "Выписи из книги привилеев, данных дворяном Пинского уезда в 1554 г. (составленные в начале XIX в.)" Гэта копія кнігі "Реестъръ списованя прывилев земянъ, шляхты повету Пинского и поповъ наданья замку Пинского" (як устанавіў А. Груша, спіс першай паловы XVII ст.).

Асноўныя публікацыі: Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением привилегий на входы в пущи и на земли. Т. 1. Вильна, 1867. С. 232 (па копіі 2); Груша А.I. Невядомы арыгінал граматы князя Васіля Нарымонтавіча канца XIV ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 2009, № 11. С. 31-42 і каляровая ўстаўка паміж с. 48 і 49 (па арыгіналу; прыкладзены фотаздымак, лакалізацыя населеных пунктаў, ідэнтыфікацыя асоб, датаванне). - Электронная версія зроблена за выданнем А. Грушы, паводле фотаздымка арыгінала. Пунктуацыя сучасная, але ў пераліку сведкаў захаваны кропкі, як у арыгінале. Варыянты (копія 2) паводле выдання "Ревизия пущ и переходов звериных".

Дата: А. Груша звязаў асобу пінскага князя Васіля Нарымонтавіча з "Нарымунтам", які паводле хронікі Длугаша, удзельнічаў у абароне Вільні ў 1390 г. і, трапіўшы ў палон, быў забіты Вітаўтам. Таму датаванне грунтуецца на тэрмінах абароны віленскіх замкаў, якая, па меркаванні А. Грушы, працягвалася з 28 жніўня па 7 кастрычніка 1390 г. Такім чынам, Васіль Нарымонтавіч ад'ехаў у Вільню прыблізна 1 жніўня, а інфармацыя пра яго смерць паступіла ў Пінск 20 кастрычніка. Грамату запячатаў сын Васіля Нарымонтавіча Фядушка. Першы варыянт датавання, паводле А. Грушы: з 1 жніўня па 20 кастрычніка 1390 г. (Пінск ці Піншчына). Другі варыянт: з 3 па 28 жніўня (Вільня).

      Се язъ1, кнѧзь Василии2 Наримонтовичь3.
      Оулюбилъ4 есмь5 о|стровъ оу6 Котовичѧ7 Павла на Ступьви8 дворъ собѣ поста|вити. На ѡтменоу9 далъ емоу10 стровъ11 оу12 Жидечьскои13, имѧ е|му Ветелье. А далъ есмъ14 Павлови.
      Потомь15 кнѧзь Федушько16, | ѡтцѧ17 своего кнѧ[зя]18 Василья с(ы)нъ, приложилъ19 грамотоу и печѧть20 сво|ю Котовичю21.
      А при22 семъ былъ: Пилюга Гоубаревичь23[.] Стефанъ. Пе|тръ Лѣвьчичь24. Стефанъ Черленъковичь25. игоуменъ26 Панъкра|тъ27 Троискии28. Козлѧкъ Радьчьскии. Кочѧнъ29. Юрко. Ганько30.
      А писалъ грамотоу31 поп32 Тимофѣи33 с(вя)т(о)го34 Ива[на]35 Кр(ес)т(ите)лѧ36.

1 я. 2 Василей. 3 Нарымонтовичъ. 4 Умовилъ. 5 есми. 6 у. 7 Котовича. 8 Ступьи. 9 вотмѣну. 10 ему. 11 островъ. 12 у. 13 Жидечькой. 14 есми. 15 по тому. 16 Федюшко. 17 отца. 18 У арыгінале: кнѧ. У копіі 2: князя. 19 приложилъ. 20 печать. 21 Котовичу. 22 пры. 23 Губаревичъ. 24 Левчычы. 25 Черлениковичъ. 26 игуменъ. 27 панъ Кр... 28 Троцкій. 29 Кочанъ. 30 Ганко. 31 грамоту. 32 поп  няма. 33 Тимофей. 34 съ того. 35 У арыгінале: Ива. У копіі 2: Ивана. 36 Крестителя.

А.Л. Ідэнтыфікацыйны нумар электроннай версіі дакумента: d007 ад 2010.IX.24.






Hosted by uCoz