Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.


[1470 альбо 1471].II.09, лета 6978, індыкт 3, луна 4. [Месца не пазначана]. Падазроны. Княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы, надае свайму слузе Ленцу Васільевічу і яго братанічу (пляменніку) Фальцу служэбную зямлю; з гэтай зямлі яны павінны служыць конную службу, не даючы ніякіх данін, на вечнасць.

Месцазнаходжанне арыгінала цяпер невядомае. Тэкст быў запісаны на паперы і зацверджаны пячаткай пад кустодыяй. Арыгінал прадставіў Карп Васілевіч з братамі ў Пінскі гродскі суд, і тэкст быў запісаны у кнігу пад названнем "Реестръ списовання привильевъ земянъ, шляхты повѣту Пинского и поповъ, наданья замку Пинского" (кніга перапісана 30 кастрычніка 1554 г.; яе копія XVII ст. захоўваецца цяпер у Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь у Мінску. Ф. 1777. Пінскі земскі суд. Воп. 1. Адзінка захавання 88). Па гэтай копіі тэкст граматы надрукаваны ў выданні: Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением привилегий на входы в пущи и на земли. Т. 1. Вильна, 1867. С. 340. Электронная версія зроблена па гэтай публікацыі.

Тэкст граматы выклікае некаторыя падазрэнні адносна яе аўтэнтычнасці. Не пазначана месца выдачы. Трэці індыкт не адпавядае даце 9 лютага 6978 году па сакавіцкаму стылю. Магчыма, 6978 год тут быў альбо ультрасакавіцкім, альбо вераснёўскім, але ў некаторых іншых граматах княгіні Ганны, удавы Свідрыгайлы, ужыты менавіта сакавіцкі стыль. Недакладнай з'яўляецца дата паводле луннага календара: 4 круг выпадаў на перыяд 1468/1469 гг. У тэксце чамусьці прапушчана імя чалавека, які служыў з Велісаўскай зямлі перад тым, як яе перадалі Ленцу Васільевічу і яго братанічу Фальцу. Магчыма, грамата з'яўляецца фальсіфікатам канца XV - першай паловы XVI стст.

      Село Велемичы, то есть слуги путные. <...> Карпъ Василевичъ и съ братьею оказалъ листъ кнегини Швитрыгайловое кнегини Анны, писанъ на паперы, подъ печатью кустодейною, на землю свою.

      Мы кнегини Швитрыгайловая кнегини Анна.
      Дали есмо землю Велисовскую слузѣ нашому Васильевичу Ленцу а братаничу его Фальцу землю служебную. А съ той земли имъ намъ служыти конемъ, а даньемъ ничого не давати, ни татарщыны, ани ильну, ани собакъ кормити, на [sic] ястреба кормить развѣй ему служыть намъ съ той земли по тому жъ, какъ съ той земли передъ тымъ служылъ, а имъ по тому жъ.
      А дали есмо имъ вѣчно и дѣтемъ ихъ.
      Въ лѣто по 6978, луна 4, индиктъ 3, мѣсеца февраля 9.

А.Л. Ідэнтыфікацыйны нумар электроннай версіі дакумента: d036 ад 2009.XII.10.






Hosted by uCoz