Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.


Чамярыцкі В., Жлутка А. Першая згадка пра Белую Русь - XIII ст.! // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. Мн., 1995. С. 143-152.

Да апошняга часу лічылася, што самыя раннія згадкі пра Белую Русь упершыню сустракаюцца ў гістарычных крыніцах другой паловы XIV ст., польскіх і нямецкіх[1]. Дзе-нідзе гэтая назва мільгае ў дзелавых дакументах і гістарыяграфічных творах заходнееўрапейскага паходжання XV—XVI стст.[2] Аднак яшчэ сто гадоў таму вядомы славіст В. Ламанскі, разважаючы над сэнсам і гісторыяй паходжання назвы, прыйшоў да высновы, што «яна больш старажытная, чым эпоха Альгерда і нават Гедыміна, што яна існавала ў канцы і нават у сярэдзіне XIII ст.»[3] Словы даследчыка аказаліся прарочымі.

Адносна нядаўна, у 1979 г., у амерыканскім часопісе, прысвечаным даследаванню эпохі сярэднявечча,— «Speculum» (Люстра) была апублікавана невядомая крыніца па гісторыі і геаграфіі Еўропы XIII ст. Прыарытэт яе адкрыцця належыць амерыканскаму вучонаму М. Л. Колкеру[4]. Публікацыя ажыццёўлена ім паводле рукапісу XIII ст., які захоўваецца ў бібліятэцы англіканскага універсітэта (Trinity College) у Дубліне (Ірландыя). Гэты рукапіс малога фармату (158x113 мм) налічвае 406 лістоў і змяшчае разнастайныя сярэднявечныя творы на лацінскай мове: вершы, ананімныя пропаведзі, павучальна-дыдактычныя трактаты і інш., у тым ліку запавет св. Францыска, прароцтвы Іяхіма Флорскага. Кароткі летапіс, прысвечаны пераважна гісторыі Ірландыі і даведзены да 1274 г. уключна. М. Колкер датуе зборнік канцом XIII ст.

У пачатку Дублінскага рукапісу на старонках 3—5 змешчаны невялікі геаграфічны трактат пад назваю «Incipiunt descriptiones terrarum» — «Апісаннечземляў». Як сведчаць яго заключныя словы, гэтае кароткае апісанне з'яўлялася своеасаблівым уступам да асноўнай працы пра татараў, якая або не была напісана, або не захавалася.

Хоць аўтар трактата вельмі бегла апісвае розныя еўрапейскія краіны і землі, толькі зрэдку спыняючыся на асобных дэталях, яго твор у цэлым — каштоўны дакумент часу, сведка геаграфічных уяўленняў добра дасведчанага еўрапейца другой паловы XIII ст. У гэтым помніку нямала цікавых звестак самага рознага характару. Унікальным, напрыклад, з'яўляецца паведамленне пра адкрыццё далёка за морам вялікага вострава, дзе з рачнога і марскога пяску здабываюць золата і куды рэгулярна са Старога свету плаваюць людзі. Гэта яшчэ раз пераканаўча сведчыць пра тое, што Амерыка была адкрыта еўрапейцамі задоўга да Калумба.

Зразумела, найбольшую цікавасць выклікаюць змешчаныя ў Дублінскім рукапісе гістарычныя звесткі пра наш край і прылеглыя да яго землі. Яны асабліва каштоўныя яшчэ і тым, бо належаць не таму, хто, здалёку гледзячы на Усходнюю Еўропу, апавядаў пра яе паводле пераказаў, розных чутак і паданнях, а непасрэднаму сведку і удзельніку падзей свайго часу, хрысціянскаму місіянеру-падарожніку, які жыў і працаваў тут у сярэдзіне XIII ст. Ён прапаведваў сярод яцвягаў і літоўцаў, тады язычнікаў; і нават прысутнічаў на каранацыі князя Міндоўга. Праўда, на жаль, не пакінуў яе падрабязнага апісання, дзе і як усё адбывалася.

Аўтар трактату пакінуў таксама важныя звесткі аб месцазнаходжанні асобных земляў на тэрыторыі Прыбалтыкі. У прыватнасці, ён піша, што «сумежная з Руссю зямля Літва» ляжыць на ўсход ад Жамойці. Гэта пацвярджаецца і дадзенымі старажытнарускіх летапісаў. Аднак, бадай, самае каштоўнае для беларускай гісторыі ў апублікаваным амерыканскім вучоным геаграфічным трактаце — сенсацыйнае паведамленне пра Белую Русь, на цэлае стагоддзе старэйшае за вядомыя дасюль звесткі. Апавядаючы пра норавы і звычкі карэлаў, аўтар піша: «Адзін з іх (місіянераў.— В. Ч.), слухаючы брата Вайслана, майго таварыша, які прапаведваў на Белай Русі (in Alba Ruscia), заклікаў таго ісці з ім да згаданых карэлаў». Геаграфічны кантэкст гэтага гістарычнага запісу (пералічваюцца сумежныя землі: Прусія, Яцвягія, Жамойць, Літва, Латгалія, Лівонія, Эстонія) дае падставы ўпэўнена зрабіць вывад, што пад Белай Руссю тут аўтар разумее суседнюю з прыбалтыйскім рэгіёнам частку Русі — Заходнюю Русь[5]. Такое геаграфічнае становішча займала тады ўсходнеславянская тэрыторыя прыблізна ад Пскова да Турава.

Якую канкрэтна яе частку ў дадзеным выпадку меў на ўвазе аўтар трактату, цяжка сказаць пэўна і дакладна. I ўсё ж, думаецца, гэта была, хутчэй за ўсё, менавіта сучасная Усходняя або Цэнтральная Беларусь, бо аўтар, прапаведуючы пераважна ў Яцвягіі і Літве, мог падтрымліваць цесную сувязь і сустракацца са сваім сябрам Вайсланам толькі пры ўмове, што апошні выконваў свой чын місіянера дзесьці зусім побач.

Калі ж быў напісаны гэты геаграфічны трактат? М. Колкер падае як найбольш праўдападобную, на яго думку, дату — 1255 г. К Гурскі спыняецца на 1255 — 1260 гг. Думаецца, што «Апісанне земляў» магло ўзнікнуць і крыху пазней — у 60я гг. XIII ст. Аўтар, хутчэй за ўсё, быў выхадцам з Заходняй Еўропы, бо ён ведаў пра адкрыццё новых астравоў, што ў Даніі жыве чалавек, які плаваў у Амерыку, дзе здабываюць золата. Рукапіс яго твора апынуўся аж у Ірландыі, дзе быў змешчаны ў адным зборніку з мясцовым летапісам і знаходзіўся там на працягу стагоддзяў. Аўтар, відаць, узяўся за пяро, каб грунтоўна апісаць Татарыю, шмат пабачыўшы і зведаўшы, ужо, напэўна, вярнуўшыся дамоў пасля сваёй працяглай хрысціянскай місіі ў Прыбалтыцы. Да яго маглі і не дайсці звесткі пра некаторыя гістарычныя падзеі пачатку 60х гг. XIII ст.

I ці не сведчыць выраз «і гэта ж пакінуў ён (Міндоўг.— В. Ч.) і сваім нашчадкам», што трактат складаўся ўжо пасля смерці князя?

У заключэнне хочацца яшчэ раз адзначыць, што менавіта ў гэтым геаграфічным трактаце трэцяй чвэрці XIII ст., поўны тэкст якога падаецца ніжэй у перакладзе на беларускую мову,— самая ранняя згадка пра Белую Русь у дакладных гістарычных крыніцах. Падкрэсліваем гэта спецыяльна, бо ў навуковай і навукова-папулярнай літаратуры бытуе неабгрунтаваная думка, са спасылкай на В. Тацішчава, быццам бы назвы Белая Русь, беларускі ўпершыню згадваюцца нават у XII ст.[6] Аднак гісторыя В. Тацішчава гэта гістарыяграфічны твор XVIII ст. (!). Яго звесткі пра ўладзімірскіх князёў, якія быццам бы ў некаторых рукапісах называюцца беларускімі, узяты гэтым гісторыкам з больш позніх, хутчэй за ўсё XVII ст. летапісных кампіляцый.

У сапраўдных жа, добра вядомых гістарычных крыніцах XII — XV стст., пачынаючы ад “Аповесці мінулых гадоў», Радзівілаўскага, Лаўрэнцьеўскага, Іпацьеўскага і іншых аўтэнтычных летапісаў і дакументаў таго часу, што складзены на ўсходнеславянскіх землях, нідзе не згадваецца Белая Русь. Няма гэтай назвы і ў агульна-дзяржаўных беларуска-літоўскіх летапісах і хроніках XV—XVI стст. Дзіўна, але Белая Русь ні разу не згадваецца нават у такім паказальным помніку, як Баркулабаўскі летапіс, які складзены ва Усходняй Беларусі ў першай палове XVII ст.

Самая ж даўняя, дакладная гістарычная звестка пра Белую Русь у аўтэнтычным помніку ўсходнеславянскага паходжання сустракаецца ўпершыню ў грамаце Івана III да папы рымскага Сікста 1472 г., дзе маскоўскі князь называе сябе Ioannes dux Albae Russiae[7]. I ўжываецца тут гэтая назва ўжо ў сэнсе вольная, прававерная, вялікая, а не ў сэнсе заходняя, як гэта падаецца ў заходнееўрапейскіх крыніцах эпохі сярэднявечча. Тлумачэнне слова Белая ў апошнім значэнні падмацоўваецца і назіраннямі мовазнаўцаў[8].

Такім чынам, назвы Беларусь, беларусы, хоць і даўнія, аднак не мясцовага, не тутэйшага паходжання. Яны не мелі спачатку выразна этнічнага характару, мо таму так марудна тут прыжываліся і так позна замацаваліся ў народнай самасвядомасці. Гэта, аднак, не падвяргае сумненню старажытнасці і самабытнасці беларускага народа, яго мовы, гісторыі і культуры, а таксама не дае падставы ставіць пытанне аб замене гэтых, замацаваных ужо шматвяковай гістарычнай традыцыяй нашых нацыянальных назваў на іншыя, напрыклад, на Крывія — крывічы ці Літва — ліцвіны.

Апісанне земляў[9]

(1) Дзеля таго, каб ведаць пра ўзнікненне, распаўсюджанне і звычаі таго племені, якое называецца татарамі (Tartari), неабходна адзначыць, што населеная зямля, як гэта падаецца ў розных гісторыях, падзяляецца на тры галоўныя часткі, якія засялілі пасля смерці бацькі сыны Ноя Сім, Хам і Яфет са сваімі нашчадкамі[10]. Азію занялі сыны Сіма. Яна пачынаецца ад вялікай ракі Яўфрат, на ўсходзе ж абмяжоўваецца акіянам. Афрыкай завалодалі сыны Хама. Яна, пачынаючыся ад правінцыі Сірыя і гораў Аман[11] і Ліван[12], на захадзе канчаецца пад зімнім сонцастаяннем. Еўропу, якая яшчэ называецца паўночным краем, займелі сыны Яфета.

(2) Яна ж пачынаецца ад Таўра[13] і Амана — гораў Сіліцыі (Silicie)[14] і Сірыі, цягнецца паміж усходам летняга сонцастаяння і паўночнымі краямі той самай часткі, дзе размешчана Манголія (Mongal) — зямля татараў, як гэта будзе тлумачыцца далей,. і кіруецца да летняга захаду і пасхальнай (pascalis) часткі акіяна, змяшчаючы ў сабе заходнюю царкву.

(3) Гэтая ж самая частка, а менавіта Еўропа, паводле некаторых [аўтараў], падзяляецца яшчэ на дзве часткі, гэта значыць, на ўсхoднюю і заходнюю царкву. Заходняя пачынаецца ад Італіі ўключна.

(4) На поўнач ад яе, за Венецкім морам[15] знаходзіцца сўседняя зямля венграў. Яе насяляюць славяне (Sclaui), якія называліся гунамі. Пазней яе цэнтрам авалодалі, уварваўшыся туды, венгры. На ёй, мяркую я, быў Рымскі выган (Pascua Romanorum).

(5) Да Венгрыі (Hungarie) з паўночнага боку прымыкае частка ўсходняй Польшчы (Polonie), за якой размешчана Прусія (Pruscia), якая таксама на поўначы кранаецца Салодкага мора (Mare Dulce)[16]. Яе пачаў схіляць [у хрысціянства] богаўгодны муж Хрыстыян[17], першы біскуп гэтай зямлі з закону цыстэрцыяў без меча, а праз ласку хрышчэння.

(6) З захаду ад яе размешачана вялікая частка Польшчы, прыморская ад поўначы. Яна называецца Памераніяй.

(7) З усходу ж, у напрамку Русі (Russiam), да яе далучаецца Яцвягія (Jetwesya)[18]. Яе пачаў хрысціць я з таварышам. За Прусіяй, на поўнач ад гэтага ж народу, ляжыць Замбія (Zambia)[19]. Яна нібыта прыморская з паўночнага боку.

(8) Яе падпарадкаваў сваёй уладзе сам Прыміцый (Primicius), пяты кароль багемцаў (Boemorum)[20], які правіць і цяпер, адзначаны крыжам, з вялікім войскам хрысціян. Найзнатнейшага з гэтай зямлі ён, ахрысціўшы, назваў сваім імем у маёй прысутнасці ў першы год валадарства папы Аляксандра IV[21].

(9) Яны, гэтак як і прусы (Prutheni), шанавалі асобныя лясы за багоў, вельмі верылі варажбе і нябожчыкаў спальвалі разам з коньмі, зброяй і лепшым адзеннем, бо думалі, што гэтым і ўсім іншым, што спальваецца, змогуць карыстацца ў наступным жыцці.

(10) Да Замбіі далучаецца Курляндыя, якая больш схіляецца да поўначы, аточаная морам з паўднёвага, а таксама з заходняга боку. А з усходняга краю размешчана зямля язычнікаў, якая называецца Жамойць (Samoita). Тут ніколі не прапаведвалася без меча.

(11) Таксама на ўсход ад яе ляжыць сумежная з Руссю (Ruscie) зямля Летавія (Lectauie)[22], першы кароль якой Міндоўг (Mendogus) быў хрышчаны і пры каранацыі прыняў сваё каралеўства ад рымскага прастолу пры маёй там бытнасці[23]. I гэта ж пакінуў ён і сваім нашчадкам, калі б толькі належным чынам дбалі пра справу такога роду.

(12) Згаданыя літоуцы (Lectaui), яцвягі (Ietuesi) і нальшаны (Nalsani)[24] лёгка паддаюцца хрышчэнню, бо ўзгадаваныя ад самай калыскі хрысціянскімі карміцелькамі, таму мы маглі дзейнічаць сярод іх больш бяспечна.

(13) За Курляндыяй ідзе Лівонія, на поўначы якой ёсць арцыбіскуп з 7 суфраганамі, з якіх чатыры знаходзяцца ў Прусіі, а тры — у Лівоніі. Яна атрымала пачатак свайго збавення дзякуючы купцам. Гнаныя непагодаю, яны павярнулі ў вялікую раку пад назваю Дзвіна (Duna), якая выцякае з межаў Русі, і пабачылі народ просты і бяззбройны. Абачліва і паступова купцы дамагліся ад іх дазволу на пабудову каменнай агароджы для невялікага двара на выспе ў гэтай рацэ, каб ваўкі альбо разбойнікі не патурбавалі ўначы іх саміх ці скаціну, якую яны прыдбалі тамсама. I, зрабіўшы цамент, пачалі ўзводзіць даволі моцны замак. Пабачыўшы гэта, [тубыльцы] пачалі змаўляцца: «Дзвайце дазволім гэтым людзям складаць камяні і пасля, калі яны скончаць справу, абвязаўшы моцнымі канатамі і ўпрэгшы шмат валоў і коней, у адзін момант усё зрынем на зямлю». Калі ж яны прыйшлі з гэтымі прыладамі і ўбачылі шмат сваіх параненых стрэламі абаронцаў, то пасля нарады вырашылі ўчыніць з купцамі вечны мір. Вось такім чынам пачало тут пашырацца хрысціянства.

(14) Да гэтай зямлі прымыкае Эстонія (Hestonia), якая, схіляючыся больш да паўночы, ляжыць пад Арктурам. Яна таксама прыморская з паўднёвага боку. За ёй, з захаду, ідзе Біронія (Bironia)[25].

(15) Да яе затым прымыкае каралеўства Швецыя (Suecie) як з поўдня, так і з захаду, схіляючыся да поўначы і паўднёвага захаду. Непасрэдна за ёй ідзе каралеўства Нарвегія, якое цягнецца як на поўнач, так і да краёў паўночнай часткі захаду.

(16) У даўжыню і шырыню гэтага каралеўства нялёгка паверыць недасведчанаму чалавеку, хоць бы таму, што яго крайняя частка, якая прымыкае да краю поўначы летняга захаду з сярэдзіны траўня аж да канца ліпеня, не знае захаду сонца. Здаецца, што сонечны дыск у час летняга сонцастаяння, узняўшыся ў свой задыяк з паўночнай часткі акіянскіх водаў, прарабляе шлях сярод ночы на вышыні альпійскіх вяршыняў, альбо на адлегласці каля аднаго стадыя.

(17) У паўночнай частцы гэтай зямлі ёсць вельмі высокія горы, пакрытыя лясамі. У іх шмат белых, надта хуткіх аленяў, якіх лепш лавіць у пасткі, чым цкаваць сабакамі. На гэтай частцы зямлі зусім няма ядавітых паўзуноў. Даволі шмат тут кітоў (cetus). Гэта — род рыбы, якая ў час шторму ікламі, што вырастаюць у яе, чапляецца за скалы. Калі ж мора раптам адступае, то іклы пад цяжарам кіта вырываюцца.

(18) Гэтая краіна мае таксама два, вельмі аддаленыя на захад і поўнач астравы[26]. На іх людзі з-за недахопу дроў у маразы звычайна робяць вогнішча з пакрытых рыбіным тлушчам касцей розных рыб і жывёл. Звычайна там вельмі шмат буйнай рагатай жывёлы і авечак.

(19) Апрача таго, ёсць востраў, зноидзены ўжо ў наш час у паўночнай частцы згаданай зямлі[27]. На яго двойчы ў пяцігоддзе адпраўляюцца і вяртаюцца назад два караблі. Гэта вялікі востраў, на якім вельмі шмат людзей, але язычнікаў. З рачнога і марскога пяску ў вялікай колькасці [там] здабываецца найлепшае золата. Улетку гэтыя людзі не ведаюць начнога змроку, а зімою цалкам пазбаўленыя святла. Аднак пад Нараджэнне Гасподняе, як [кажа] той, хто быў там два гады, а цяпер жыве ў каралеўстве Даніі (Dacie), з поўначы дзівосным агнём палаюць паднябесныя зарніцы.

(20) На поўдзень ад згаданай Нарвегіі, як даведзена, ляжыць востраў Англія і Шатландыя (Scocia). Ірландыя (Hibernia) ж размешчана паміж поўднем і летнім захадам. З гэтага ж выразна бачна, якое становішча займаюць зямля святога Якуба Іспанія і Праванс (Prouincia), а таксама якім чынам нашая заходняя царква ўключае землі ля Міжземнага мора і вышэй названыя, разам з хрысціянскімі астравамі на моры.

(21) Усходняя ж царква пачынаецца ад Грэцыі альбо Сербіі (Seruia), што была названа так таму, што служыла Грэцыі. Яна з роду славянаў (Sclauorum). Уключаючы ў сябе Антэварыю (Anteuariam)[28], яна цягнецца праз Грэцыю і заканчваецца на ўсходзе ў вышэй названых гарах Сіліцыі і Сірыі.

(22) Праходзячы далей, яна з поўначы далучаецца да Балгарыі (Bulgarie), з паўночнага ж боку мяжуе з Руссю. Гэтыя дзве землі, а менавіта Сербія і Балгарыя, ад захаду сумежныя з Венгерскім каралеўствам.

(23) Прусія ж, судакранаючыся з часткаю Венгрыі, па той жа самай лініі поўначы аточвае Польшчу, Яцвягію, Латвію (Latuuoniam), а потым схіляецца ў напрамку між поўначчу і паўднёвым захадам, абыходзячы Лецыю (Leciam)[29], Лівонію і Эстонію. I гэткім чынам даходзіць на захадзе да паганых карэлаў (Carilos), якія мяжуюць з Нарманскім каралеўствам (regno Nortmannorum).

(24) Згаданыя карэлы — людзі лясныя і даволі дзікія. Калі яны пабачаць, што ідуць чужыя, як, напрыклад, купцы, то зараз жа з усёй сям'ёю накіроўваюцца ў лес. Чужынцы ж вольна могуць карыстацца тым, што знойдуць у дамах, нічога, аднак, не выносячы. Бо калі б забралі з сабою якое-небудзь футра, якіх там шмат, а тыя, вярнуўшыся дадому, заўважылі б гэта, то неадкладна, склікаўшы грамаду, напалі б на чужынцаў ужо як на ворагаў.

(25) Адзін з іх, слухаючы брата Вайслана (Vaislanum), майго таварыша, які прапаведваў на Белай Русі (in Alba Ruscia)[30], заклікаў таго ісці з ім да згаданых карэлаў, даводзячы, што без сумнення давёў бы іх да праўдзівага бога праз хрышчэнне і, пры жаданні, збудаваў бы там касцёлы.

(26) Вось жа ўсе землі, [пачынаючы] ад Русі і Грэцыі ўключна, што ідуць на ўсход між нашым Міжземным морам і Паўночным акіянам, уваходзяць у склад усходняй царквы.

(27) Такім чынам, неабходна ведаць, што згаданы траісты падзел зямлі трэба разглядаць, зважаючы на яе цэнтр, дзе прапаведвалі прарокі і дзе Госпад заслужыў для многіх збавенне. Гэтая зямля — святая[31].

(28) На поўначы яе, што таксама называецца Еўропай, жылі пятнаццаць пакаленняў Яфета, сына Ноя, як тлумачыцца ў гісторыях. З іхняга роду ў час апошні прыйдзе племя ліхое і найгоршае, а менавіта Гог і Магог, як адкрывае прарок Езекііль (раздз. 38), кажучы: «Сыне чалавечы! Павярні аблічча сваё супроць Гога і зямлі Магог»[32]. I далей: «Ці не ў той дзень, калі народ мой Ізраіль будзе жыць упэўнена і мудра? I прыйдзеш з месца твайго з паўночных краёў ты і шмат народаў з табою, усе верхам на конях, сціжма вялікая і войска моцнае ў апошнія дні»[33].

(29) Тады, кажа магістр Гуго[34], два народы, паводле Пісання, прыйдуць з паўночных краёў дзеля вайны ў час апошні з вернымі і нявернымі. А ці гэтыя прыйдуць, альбо якія іншыя — дасюль немагчыма вызначыць.

(30) Але пэўна тое, што з гэтых краёў выйдзе вялікае войска, якое бесперапынна будзе нападаць на розныя часткі свету. Аднак цяпер ужо я сцісла раскажу пра татараў і пра іх паходжанне[35].


[1] Ламанский В. "Белая Русь" // Живая старина. Вып. 3. СПб., 1891. С. 245-250; БелСЭ. Т. 2. 1970. С. 274. [2] Begunow J.K. "Weisse Rus" und Weissrussen in einer deutschen Chronik des 15. Jahrhunderts // Forschungen zur Osteuropäischen Geschichte. Bd. 27. Berlin, 1980. S. 299-305.

[3] Живая старина. Вып. 3. С. 245.

[4] Colker M.L. America rediscovered in the thirteenth century? // Speculum. A Journal of medieval studies. Vol. 54. № 4. 1979. Cambridge, Massachusetts. P. 712-726.

[5] Так тлумачыць гэтую назву і польскі даследчык К. Гурскі: Górski K. Descriptiones terrarum. Nowo odkryte źródło do dziejów Prus w XIII wieku // Zapiski historyczne. 1981. T. 46. Zesz. 1. S. 10.

[6] Юхо Я. Пра назву "Беларусь" // Полымя. 1961. № 1. С. 175- 182; Францыск Скарына і яго час. Мн., 1988. С. 203; Этнаграфія Беларусі. Мн., 1989. С. 77.

[7] Грушевський М. С. Велика, Мала і Біла Русь // Український історичний журнал. 1991. № 1. С. 85.

[8] Трубачев О. Н. Ранние славянские этнонимы - свидетели миграции славян // Вопросы языкознания. 1974. № 6. С. 48-67.

[9] Пераклад з лац. мовы А.Жлуткі.

[10] Біблейскі сюжэт пра падзел зямлі між трымя сынамі Ноя з'яўляецца "агульным месцам" у сярэднявечных летапісах, хроніках і землеапісаннях.

[11] Аман - старажытная назва горнага хрыбта Аманус, які пачынаецца ад затокі Іскандэрон і цягнецца на паўночны ўсход па тэрыторыі паўднёвай Турцыі.

[12] Хрыбет Ліван, які захаваў сваю старую назву, знаходзіцца на землях сённяшняга Лівана.

[13] У старажытнасці так называліся тры горныя хрыбты: Заходні, Цэнтральны і Армянскі (альбо Усходні) Таўр, якія перасякаюць з захаду на ўсход аж да возера Ван усю паўднёвую Турцыю.

[14] Сіліцыя (Silicia, Scilicia альбо Cilicia) - Кілікія, старажытная краіна, якая размяшчалася ў паўднёва-ўсходняй частцы Малой Азіі на ўзбярэжжы Міжземнага мора паміж гарамі Аман і Таўр.

[15] Тут маецца на ўвазе паўночная частка Адрыятычнага мора, размешчаная ля гістарычнай вобласці Італіі, дзе калісьці жыло племя венетаў. Яго імя захавалася ў назве вядомага італьянскага горада - Венецыя.

[16] Балтыйскае мора, названае так, відаць, з-за больш прэснай, у параўнанні з іншымі морамі, вады.

[17] Хрыстыян дэ Аліва цыстэрцыянец, пачаў сваю місіянерскую дзейнасць у Прусіі каля 1207 г. Біскупам прускім быў з 1215 і да 1245 г.

[18] Яцвягія - гістарычная вобласць на паўднёвы ўсход ад Прусіі, дзе жыло балтыйскае племя яцвягаў. У XII-XIII стст. яны займалі тэрыторыю пераважна ў паўночнай частцы сучаснага Падляшша ў вярхоўі рэк Нараў і Бобр. У гістарычных крыніцах Яцвягія часам называецца і Судавіяй.

[19] Самбія - невялікая прыбярэжная частка Балтыі паміж ракой Праголяй, на якой стаіць сучасны Калінінград, і Куршскім залівам. Пазней увайшла ў склад Прусіі.

[20] Прыміцый - гэта Прэмысл II (Атакар), які быў каралём Багеміі з 1253 да 1278 г. Яго палітычны ўплыў дасягаў берагоў Адрыятыкі і Балтыйскага мора. Паспяховы паход гэтага караля ў Прусію адбыўся ў 1254 г., у выніку чаго заснаваны ў 1255 г. крыжакамі новы горад у Самбіі быў названы ў яго гонар - Кралявец (Кёнігсберг).

[21] Аляксандр IV займаў папскі трон з канца 1254 да 1261 г.

[22] Размешчаная паміж Жамойцю і Руссю зямля Летавія - гэта, несумненна, Літва, або, інакш, Летува.

[23] Літоўскі князь Міндоўг прыняў хрышчэнне каля 1251 г., каранаваны каля 1253, вярнуўся ў язычніцтва прыблізна ў 1260 г., а быў забіты ў 1263 г.

[24] Нальшаны - зямля даўняй Літвы. Яе месцазнаходжанне дакладна не вызначана. Адны змяшчаюць яе ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага Віленскага краю, на думку іншых, яна ляжала ў раёне нашай Гародні. Паводле найноўшых вывадаў літоўскай навуковай думкі, Нальшаны займалі тэрыторыю на поўнач ад Віліі, дзе цяпер ляжаць гарады і мястэчкі Свянцяны, Лынтупы, Ігналіна, Уцяны.

[25] Цяжка з пэўнасцю высветліць, якую зямлю тут меў на ўвазе аўтар трактата.

[26] Паводле праўдападобнага меркавання першага публікатара гэтага трактата М. Л. Колкера, два астравы на паўночным захадзе - гэта Ісландыя і Грэнландыя.

[27] Калі строга следаваць напрамку свету, указанаму аўтарам, то на поўнач ад Нарвегіі ляжыць востраў, які сёння называецца Шпіцбергенам. Аднак іншыя дэталі зместу гэтай часткі тэксту (на востраве жыве шмат людзей, там цякуць рэкі, а з пяску здабываюць золата) сведчаць пра тое, што тут маецца на ўвазе, хутчэй за ўсё, нейкая частка Паўночнай Амерыкі. Так мяркуе і М. Колкер, які адпаведна і назваў свой уступны артыкул: "Паўторнае адкрыццё Амерыкі?". Чаму паўторнае ў XIII ст.? Даследчык лічыць, як прызнае сёння шмат хто з вучоных, што Амерыку ўпершыню адкрылі ісландскія вікінгі (каля 1000 г.).

[28] Са зместу трактата немагчыма дакладна вызначыць, якую тэрыторыю займала так званая Антэварыя і што пад ёю разумеў аўтар.

[29] Тут, напэўна, маецца на ўвазе Латгалія, жыхары якой у старажытнарускіх летапісах называюцца латыгола і летгола. У лацінамоўных крыніцах XIII ст. назва гэтай зямлі часам падаецца як Letthia, шта сугучна форме, пададзенай у гэтым трактаце - Lecia.

[30] Гэта самая ранняя згадка ў пісьмовых крыніцах пра Белую Русь. Храналагічна яна адносіцца да сярэдзіны ХІІІст.

[31] Святая зямля - гэта Палесціна.

[32] Езекііль. XXXVIII, 2.

[33] Езекііль. XXXVIII, 14-15. Тэкст Бібліі працытаваны аўтарам трактата недакладна.

[34] Магістр Гуго - гэта, напэўна, Гуго Віктарынец (1097-1141), сярэднявечны манах, аўтар шэрагу філасофска-багаслоўскіх твораў, прадстаўнік містыцызму.

[35] Падзел тэксту трактата на часткі і іх нумарацыя належыць М. Колкеру.







вакансии уз        Диагностика автомобилей оборудование на сайте http://www.beliyservice.ru.

Hosted by uCoz