Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.


Беларускі фальклор

Архіў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Ф. 8, воп. 1, спр. 93, сш. 2, арк. 10-11. Зап. К.П. Кабашнікаў у 1964 г. у в. Ледневічы Сенненскага р-на ад Ф.М. Даўгалавай, 65 г. Эл. версія паводле выд.: Вяселле. Песні ў 6 кнігах. Кн. 1 / Склад. Л.А. Малаш. Мн., 1980. С. 41-42, № 17.

Прыехалі заручоначкі,
Каго ж яны заручаць будуць?

Евачкі дома нету,
У садзе вішні шчыплець.

У садзе вішні шчыплець,
На талерачкі сыплець.

- Гніся вішанька, гніся,
З каранём вон вярніся.

Мне ў мамкі не жыці,
Па саду не хадзіці.

Па саду не хадзіці,
Вішань не шчыпаці.

Вішань не шчыпаці,
Красачак не рваці.

Красачак не рваці,
Вяночка не віці.

Я ж адзін была звіла,
Я й той не знасіла.

Я й той не знасіла,
Сястрыцу папрасіла:

"Сястрыца мая родная,
Данасі мой вяночак,

Дагуляй мой таночак,
Даламай мой пярсцёнак".







Hosted by uCoz