Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.


Выд.: Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992.

Крыніцы, скарачэнні.

Летнія песні. Купальскія і пятроўскія:

342. АІМЭФ ф. 8, воп. 1, спр. 85, сш. 1, л. 9. Зап. В. Іваноўская ў 1964 г. у в. Дахны Смаргонскага р. ад Я. I. Іваноўскай, 55 г.

Ішла Купала сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром.
На Йвана Купала, на Йвана Купала! [Паўтараецца пасля кожных двух радкоў.]
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом.
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Свяціла ночкі агнём, агнём.
Свяціла ночкі агнём, агнём,
Пляла вяночкі шаўком, шаўком.
Пляла вяночкі шаўком, шаўком,
Слыла Купалка цяплом, дабром.
Слыла Купалка цяплом, дабром,
Славу Купалу пяём, пяём.

343. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 8, л. 194. Зап. А. М. Шыманоўскі ў 1898 г. Рукап. "Мінская губерня і яе народная творчасць".

Хто, хто на Купалле ідзе,
Да хто, хто саладуху нясе?
Да хто, хто да не вынесе,
З караваці не вылезе,
Ляжа яна да калодаю,
Ляжа яна да дубоваю.

344. Сахараў, 1, с. 25. Зап. у в. Церахава Лудзенскага п. ад З. Лапацёнак.

Ляцеў чыжык цераз рынак
Ды клікаў дзевак на Купалле:
— Дзеўкі, бабы, на Купаллю!
Красным дзеўкам свая воля,
А маладзіцам няма волі:
Дзіця плача ў калысцы,
А муж бурчыць у пасцельцы,
А свякроўка супроць печы,
Свёкар-бацюшка на печы,
А дзявер'я на пакоі,
А залоўкі на Купаллі.
Ды я, млада, прыбяруся,
Ды я дзіцё прыгалублю,
Ды я мужа перапрашу,
Ды я свёкру пакаруся,
Ды я свякроўцы пакланюся,
А дзявер'ям — па платочку,
А залоўкам — па вяночку.
Пакуль, млада, прыбяруся,
Дзеўкі, жонкі ідуць з Купалля,
А я, млада, на Купалле.
— Дзеўкі, бабы, на Купаллю!
Рана, рана, на Купаллю.

345. АІМЭФ, ф. 8, воп. 78, спр. 145, сш. 3, л. 11. Зап. Л. Малаш у 1978 г. у в. Заполле Навагрудскага р. ад Т. І. Свірыда, 1906 г. н.

Сягоння й Купала, заўтра Ян,
Да заграй, сонейка, заграй нам,
Каб зялёны лугі шумелі,
Каб сырая зямля стагнала.
Каб сырая зямля стагнала
Да й ад дзявоцкага гуляння,
Да й ад дзявоцкага гуляння,
Да й ад жаноцкага спявання.

346. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14. Зап. Г. Таўлай у 1979 г. у в. Краснае Маладзечанскага р. ад В. Старажэвіч, 1912 г. н.

Сядзіць Купалля на плоце,
Яго галоўка у злоце,
Яго галоўка у злоце.
Просе ў бога пагоды,
Просе ў бога пагоды:
— Да дай жа, божа, пагоду
На гэту ночку вясёлу,
Да каб музыкі ігралі,
Да каб дзевачкі спявалі,
Да каб малойцы гулялі.

347. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, сш. 18, № 1. Зап. Г. Таўлай у 1975 г. у в. Табулкі Пінскага р. ад П. Сацішур, 1908 г. н.

Сягоння Купалле, а заўтра Ян,
Пойдзем, дзевачкі, ў зялёны гай.
У зялёным гаі начаваць будзем,
Зялёныя вяночкі віць будзем.

348. Белорус. Купала в белорусской деревне // Вилен. вестник, 1895, № 134. Зап. у в. Залессе Ашмянскага п.

А на Купалле, на Яна
Дзевачкі зелле капалі.
Яны капалі, не зналі,
Да караля паслалі.
Кароль зелля не пазнаў,
Да каралевы адаслаў.
Каралева зелле пазнала
I да дзевачак адаслала.
— Гэта, дзевачкі, не зелле,
Гэта ваша вяселле.
Вы збірайце, збірайце
Да ў вяночкі звівайце.

349. Шейн. Бел. песни, с. 143, № 215. Зап. С. Шымковіч у Лепельскім п.

Месяц яснюсенькі,
Ўзыдзі ранюсенька,
Асвяці віднюсенька.
Андрэйка малодзенькі,
Устань жа ранюсенька,
Ўмыйся бялюсенька,
Надзень жа ты боцікі казловыя,
Надзень жа ты шубачку бабровую,
Выйдзі ж ты на вуліцу,
Развядзі купальнійка,
Дзевачкам гуляннійка.
Дзевачкі гуляць будуць,
Жоначкі пяяць будуць,
Андрэйку хваліць будуць:
"На Андрэйку кашуля
Сто рублёў каштуіць.
Хто ж гэту кашулю праў?
Прала яе матулька,
Ткала яе сястрыца,
А Мар’ічка вышывала
I Андрэйку даравала,
На Купальнійка даравала".

350. Гілевіч, 1974, с. 134. Зап. у в. Раманы Маладзечанскага р. ад М. Русак, 77 г.

— Узыдзі, ўзыдзі, месячык,
Ўзыдзі, ўзыдзі раненька,
Разлажы купаллейка:
Дзевачкам спяваннейка,
Малайцам гуляннейка.
— А мне, ўзышоўшы, многа трэба:
Я з вечара неба абайду,
А з поўначы зоркі палічу,
Тады я к вам, дзевачкі, прыйду,
Тады на Купалле к вам прыйду,
Тады вам купалле разлажу.

351. АІМЭФ, ф. 8, воп. 79, спр. 164, сш. 2, л. 2. Зап. А. Ліс у 1979 г. у в. Гняздзілава Докшыцкага р. ад В. Пракулевіч.

То-то-то! Купала Яна на вулку звала, то-то. ["То-то-то!" паўтараецца ў пачатку, "то-то" – у канцы кожнага радка.]
— Хадзі, Яначка, хадзі на вулку,
Скрыпачкі граюць, дзевачкі пяюць,
Дзевачкі пяюць, Яначку ждуць.

352. Романов, 8, с. 217. Зап. Е. Сакалоўская ў в. Сініцы Віцебскага п. ад З. Аляксеевай.

— Каманіца зеляная, маладзіца маладая,
Чаму не йдзеш на вуліцу на шыроку?
— Як жа мне йці на вуліцу на шыроку.
Свёкар кажыць: "Мядзведзіца",
Свякрова кажыць: "Пахмурніца",
Дзевер кажыць: "Шчыкатуха",
Залоўкі кажуць: "Зелянуха",
Мужык кажыць: "Жана мая, душа мая,
Не ўмела ты адказаці:
Мядзведзіца — ў цёмным лесе,
Пахмурніца — цёмная ночка,
Шчыкатуха — сарока ў лазе,
Зелянуха — трава ў лугах".

353. Земцовский, с. 459, № 637. Зап. у 1967 г. у Ідрыцкім р.

Дзеўкі, бабы — на Купальню,
Ладу-ладу, на Купальню!
Ой, хто не выйдзець на Купальню,
Ладу-ладу, на Купальню,
Ой, той будзець пень-калода,
Ладу-ладу, пень-калода.
А хто пойдзець на Купальню,
Ладу-ладу, на Купальню,
А той будзець бел бяроза,
Ладу-ладу, бел бяроза.

354. Грынблат, с. 34, № 25. Зап. М. Грынблат у 1936 г. у Лёзненскім р. ад М. Свірскай, 50 г.

Як пойдзем мы, дзеўкі,
На вулкі шырокі, [Кожны цотны радок паўтараецца.]
Як зайдзем мы, дзеўкі,
К Іваньку на дворкі.
Ай, дась нам Іванька
Нам сваёй кулагі.
— А ў тваёй кулагі
Пчоланькі бруялі.
Іванька не чуіць,
Ў пярыні начуіць.
— Спасіба, Іванька
За тваю кулагу.
А ў тваёй кулагі
Пчоланькі бруялі,
Пчоланькі бруялі,
А ў палёт ляталі,
А ў палёт ляталі,
Мяды сабіралі,
Мяды сабіралі,
Кулагу сладзілі.

355. Tyszkiewicz, с. 371. Зап. у в. Быстрыца Віленскага п.

Сягоння ў нас Купала,
То-то-то-то. [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Сам бог агонь расклаў,
Усіх святых к сабе сазваў,
Толькі нету Іллі з Пятром.
Пайшоў Ілля каля жыта.
Чыё жыта добрае, харошае?
Сцяпана найлепшае.
Сцяпан будзе піва варыць,
Сына жаніць, гарэлку гнаць,
Дачку замуж даваць.

356. Можейко, 1983, с. 82, № 69. Зап. у 1968 г. у в. Спорава Бярозаўскага р. ад А. Ф. Тарасюк, 67 г.

Святое Пятро ў поле ходзіць,
Святы Купала агонь кладзе.
Хадзем, дзяўчаткі, на Купалу,
Хадзем, сястронкі, агонь класці.
Хадзем, сястронкі, на мяжыцы
Пільнаваці жыта й пшаніцы.
Пільнаваці жыта й пшаніцы
Ад тое ведзьмы-чараўніцы,
Каб яна па межах не хадзіла,
Раннія расы не абівала.
Раннія расы не абівала,
З жыта спору не збірала.

357. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, ст. 22, № 11. Зап. Г. Таўлай у 1976 г. у в. Шабаны Дубровенскага р. ад М. Сямёхінай, 1906 г. н., і інш.

Мар'я Івана ў поле звала:
— Пойдзем, Іван, па межах хадзіць,
Па межах хадзіць, жыта радзіць.
Радзі, божа, жыта густа,
Жыта густа, ядраніста,
Ядраніста, каласіста.
Ядро — з вядро, колас — з бярно,
А жыцінка, як бабінка,
Саломінка, як трасцічынка.

358. Сербаў // Гоман, 1918, № 93. Зап. у м. Юр'ева Бабруйскага п.

Ой, мы Купалу на вулку звалі:
— Хадзі, Купалка, гуляць на вулку!
Купалка кажа: "Не маю часу —
Трэба хадзіці мне каля жыта!
Ой, чыё жыта харошае?
А Сцяпанкава найлепшае.
Будзе Сцяпанка піва варыць,
Піва варыць, сыноў жаніць,
Ой, да будзе ён гарэлку гнаць,
Гарэлку гнаць, дачок аддаваць".

359. Гілевіч, 1974, с. 135. Зап. Н. Супрун і Э. Ігнацюк у в. Воўча Докшыцкага р. ад Е. Аўдашкевіч, 58 г.

Купалка Івана на вулку звала,
То-то-то. [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
— Іван-Іванішча, хадзі на йгрышча.
— Купалка-сястра, мне часу няма:
Пільную сяла, новага двара,
Каб ведзьмішча не хадзіла,
Чужых кароў не даіла.

360. Чуркін, 1949, с. 99. Зап. у Мсціслаўскім п.

Ой, рана на Йвана, [Словы "Ой, рана на Йвана" паўтараюцца двойчы.]
Проці Йвана ночка мала,
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана.
— Дзе, Купала, начавала?
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана.
— Начавала ў чыстым полі,
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана.
Ў чыстым полі сярод жыта,
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана.
— Чым, Купала, вячэрала?
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана.
— Варэнічкі вячэрала,
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана.
— Чым, Купала, запівала?
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана.
— Гарэлачкай запівала,
Ой, рана на Йвана.

361. Сахараў, 1, с. 27—28, № 38. Зап. у 1936 г. у в. Шакуры Лудзенскага п. ад Л. Чыўчыш.

— Святы Яне, на Купаллю!
— Моцны божа, німа часу!
— Святы Яне, дзе дасюль быў?
— Моцны божа, ляды араў!
— Святы Яне, нашто ляды?
— Моцны божа, ячмень сеяць!
— Святы Яне, нашто ячмень?
— Моцны божа, солад расціць!
— Святы Яне, нашто солад?
— Моцны божа, піва варыць!
— Святы Яне, нашто піва?
— Моцны божа, сына жаніць!
— Святы Яне, каторага?
— Моцны божа, Іваньку!
— Святы Яне, каго бярэць?
— Моцны божа, Марыльку!

362. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 74, сш. 6, л. 60. Зап. В. Кушнарэнка ў 1973 г. у в. Аўсянка Горацкага р. ад Е. Лугавой, 1916 г. н.

Не йдзі, Купала, ты ў сяло-сяло, [Кожны радок паўтараецца, акрамя трэцяга і чацвёртага.]
А йдзі, Купала, па заселейку.
Не начуй, Купала, ты ў сяле, ў сяле,
Начуй, Купала, ты ў жыце, ў жыце,
Каб туды змяя не залятала,
Ў жыцечку спору не выбірала.

363. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 49, сш. 1, л. 12—13. Зап. I. Цішчанка ў 1960 г. у в. Мішневічы Сіроцінскага р. ад Т. Булахавай.

Пойдзем, дзеўкі, [Кожны радок паўтараецца.]
Каля жыта,
Ці не ўбачым
Каго ў жыце:
Ці коніка
Варанога,
Ці хлопчыка
Маладога.
К'лі коніка —
Лавіць будзем,
К'лі хлопчыка —
Жаніць будзем.

364. АІМЭФ, ф. 8, воп. 75, спр. 64, сш. 2, л. 46. Зап. А. Ліс у 1975 г. у в. Блужа Пухавіцкага р. ад С. Падалека, 1906 г. н.

На вуліцы рамон бялее.
— Да хто?
— Дзевачкі.
— Да хто?
— Дзевачкі, Купалле.
На вуліцы чыр чырванее.
— Да хто?
— Хлопчыкі.
— Да хто?
— Хлопчыкі, Купалле.

365. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 86, сш. 3, л. 4. Зап. А. Фядосік у 1974 г. у Валожыне ад Ганны Рубацкай, 74 г.

Божа мой! Да ў нашым сяле тры вуліцы, божа мой. ["Божа мой" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Ў першай вуліцы ружа лялее,
Ў другой вуліцы рамон бялее,
Ў трэцяй вуліцы крапіва млее.
Ружа лялее — то дзевачкі,
Рамон бялее — то малойчыкі,
Крапіва млее — то малодачкі.

366. Czeczot, 1844, с. 54—55. Зап. над Нёманам.

Прасілася Гарыслаўка ў ойчанькі на Купаллейка,
На дзявоцкае пагуляннейка:
— Ой, мой ойчанька родненькі,
Пусці ж мяне пагуляць
Да й дзецюкам купальнічка заспяваць.
Яны ж з нас смяюцца цэлы год,
А мы жа ж ім заспяваем усю ноч.
Заспяваем купальнічка такога,
Каб яны не дачакалі году другога,
Калі яны жаніціся не хочуць,
Да нас, маладзенькіх, любіць не будуць.
Ой, гуляла Гарыслаўка ўсю ноч,
Няма жа яе ў ойчанькі на абед.
Нізка сонца, нізка пад палудзень,
Гарыслаўка з Купальнічка ідзе.
А ойчанька яе сустрачае
У вароцейках, праўданькі пытае:
— Донька мая родненькая, скажы мне,
Каго любіш верна ў сяле,
Таму пашлю залаты пояс у дары,
Штоб ён пазнаў Гарыслаўку, малады.
— Не пасылай, мой ойчанька, паяса,
Ой, прывядзе мне малайца мая краса.

367. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 54, сш. 1, л. 16—17. Зап. А. Фядосік у 1960 г. у в. Карцэвічы Нясвіжскага р. ад А. Жураўскай, 1914 г. н.

Ой, рана-рана на Яна
Сонца гуляла з Купала,
А лясы звінелі, як пелі,
А сяло дрыжала, музыка йграла.
Прасілася нявехначка ў свякроўкі
Ад маленькага дзіцятка:
— Пусці мяне, свякроўка, на вулку
Пагуляці з дзяўчаткамі мінутку.
— Ідзі, мая нявехна, не баўся,
Да белага свету не шляйся.
Першыя куры пяюць — паслы шлюць,
А нявехна гуляе, не дбае.
Другія куры пяюць — паслы шлюць,
А нявехна гуляе, не дбае.
Трэція куры пяюць — паслы шлюць,
А нявехна гуляе, не дбае.
Першы пасланец — свякроўка,
А другі пасланец — дзевяратка,
А трэці пасланец — востры меч.
— Зніму нявехне галаву з плеч!
— Ой, скачу ж я, маладая, ў вішнёвы сад
I стану я думаць-гадаці,
Як мне свайго свякратка назваці.
Назаву яго: "Свякратка мой родненькі,
Залатая твая галоўка,
Шоўкава твая бародка,
Пярловыя твае зубачкі".
— Гуляй, мая нявехна, як гуляла,
Абы мяне харашэнька называла.

368. Шлюбскі, с. 110, № 119. Зап. П. Стэфкін у 1921 г. у в. Барсукі Віцебскага п. ад М. Стэфкінай.

А на Купалу
Рана сонца йграла,
Рана сонца йграла
На добрыя годы,
На добрыя годы,
На цёплыя росы,
На цёплыя росы,
На хлебы-ўраджаі,
На хлебы-ўраджаі.

369. Czeczot, 1846, с. 4. Зап. на Навагрудчыне.

Сонейка, сонейка, Ян з Пятром ходзяць,
Сонейка, сонейка, да па межах ходзяць,
Сонейка, сонейка, да жыта глядзяць.
Сонейка, сонейка, да ідучы гаварылі:
Сонейка, сонейка, усё жыта добрае,
Сонейка, сонейка, Юрасёва яшчэ лепшае,
Сонейка, сонейка, Габрусёва найлепшае,
Сонейка, сонейка, Юрасёва ў трубу ўецца,
Сонейка, сонейка, Габрусёва ў сцірты кладзецца.

370. Карский Е. Отчет о поездке в Белоруссию в 1903 г. СПб., 1905, с. 9. Зап. у в. Янава (Фабіянава, у Латгаліі).

— Ты, Купалінька,
Рана, рана. [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Да і дзе ты была,
Да што ты рабіла?
— Да ў бару была,
Я краскі збірала.
— Нашто красачкі?
— Я й вянкі віці.
— А нашто вяночкі?
— Дзевачцы на галоўку.

371. Czeczot, 1846, с. 32—34. Зап. у Падзвінні.

— Купалачка, дзе твая дачка?
— А ў гародзе на пагодзе красачкі рвець,
Вяночкі ўець.
Звіўшы вяночак, пайшла ў таночак,
А ў танок ідучы, пахваляецца:
— Ніхто ў мяне вяночка не зніме.
А дзе ўзяліся буйны ветры,
Знялі з галоўкі вяночак,
Пакацілі на сіняе мора.
Пайшла дзявіца шукаючы, пытаючы.
Спатыкаіць трох рыбаловаў:
— Ах, рыбаловы, братцы мае,
Чы не відзелі вяночка майго?
— Ой, дзевіца, не шукай, не пытай:
Твой вяночак на сінім моры.
Будзем сеці закідаць, вянка шукаць.
— Вы рыбаловы, братцы мае,
Аднаму дам залаты персцень,
Другому дам шаўкову хустачку,
А за трэцяга я сама пайду.
Што персцень дала — меншы брацец,
Што хустку дала — сярэдні брацец,
А за старшага сама пайшла.

372. Czeczot, 1844, с. 53. Зап. на Лепельшчыне.

Прыехала Купалначка ў сяло
Да пытаецца аб тых вароцейках:
— Чаму то залатым замком замкнёны
Да кітайкаю завешаны?
Адказала ёй Марыська красная:
— Я то для Купалначкі прыбрала.
Залаты замочак адчыню,
Дарагую кітайку адхілю,
Да цябе, Купалначка, упушчу,
Зялёным віном і прыйму,
Пшанічным півам упаю,
А белым сырам накармлю.

373. Czeczot, 1846, с. 32, № 1. Зап. каля Дзвіны.

Ай, нету-нету Купаліша,
Да як над нашага Яначка:
Пяшком на вулку не выходзіць,
Ён на коніку выязджаець,
Сабе дзеваньку выглядаець.
Сам жа ён едзець на коніку,
Дзеваньку вязець на возіку.
Сам жа ён едзець ў атласе,
А дзеваньку вязець ў пакрасе.
Сам жа ён едзець, як жар гарыць,
Дзеваньку вязець, як цвет цвіціць.

374. Сербаў // Гоман, 1918, № 98. Зап. у м. Юр'ева Бабруйскага п.

Ой, нету-нету Купаліша,
Ой, над Іваньку ўсё нашага:
Пяшком на вулку не выходзе,
Ён на коніку выязджае.
Ой, яго конік быструсенькі
Хвосцікам вулку падмятае,
Грыўкаю слончык пакрывае,
Вушкамі войска выслухае,
Вочкамі дзевак выглядае
Да Купалішу выбірае.

375. Гілевіч, 1974, с. 141—142. Зап. В. Лазарчык у в. Ладасна Лепельскага р. ад Л. Мурашка, 35 г.

Ішла Купалка сялом, сялом,
Давала дзеўкам чалом, чалом.
Дзеўкі Купалку не пазналі,
Нанач Купалку не пазвалі.
Стала Купалка бедаваці:
— Дзе ж мне ночку начаваці?
Начаваць ночку мне ў Іванькі,
Прасіць вячэрку — у Аксінькі.
У іх бочка піва наварона
I купа гарэлкі наганёна,
Іхняя Марылька заручона.
Яе купчык будзе купчуваці,
А Марылька будзе памагаці.
Яе купчык будзе грошы лічыць,
А Марылька будзе сукны насіць.

376. Шейн. Бел. песни, с. 148—149. № 223. Зап. у м. Чашнікі Лепельскага п. ад М. Каткевічоўны.

Ішла Купаленька па вуліцы,
Краскамі вочы завесіўшы.
Сталі людзі дзівіціся,
I стала Купаленька сварыціся:
— Што вы, людзі, за дзіўныя!
Ці вы на вулку не хадзілі,
Ці вы Купаленькі не відзелі,
Ці вы вяночкаў не вівалі?
Я не такое дзіва відала:
Шчука-рыба кросна ткала,
А рак-небарак цэўкі сучыў,
Сучыў жа цэўкі чырвоныя,
Яна ткала кітайкі зялёныя
I слала да маткі радзёнае:
— Вот табе, маці, кітаечка
Ад тваёй дочкі-каханачкі.
Вот табе, маці, зялёная
Ад тваёй дочкі радзёнае.
Вот табе, маці, урубачкі
Ад тваёй дочкі-галубачкі.
Вот табе, маці, цясомачка
Ад тваёй дочкі-цаненачкі.

377. Багдановіч, с. 118. Зап. на Барысаўшчыне.

Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі чубром, чубром,
Давала хлопцам чалом, чалом.
Сталі людзі дзівіціся,
Стала Купалка сварыціся:
— Ах вы, людзі, вы дзіўныя!
Чы вы на вулку не хадзілі,
Чы вы Купалкі не відзелі,
Чы вы цвяточкаў не збіралі,
Чы вы вяночка не звівалі,
Чы вы ў таночак не хадзілі,
Чы вы дзевак не звадзілі?

378. Добровольский, 4, с. 218, № 9. Зап. у Дзісенскім п.

— Да Купаленка,
Рана-рана, [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Гдзе дасюль была?
— За ракой была,
За быстрай была.
— Што ты рабіла?
— Кужалі прала,
Кужалі прала,
Ткала, бяліла,
Замуж дачок выдавала.

379. Шейн. Бел. песни, с. 151, № 229. Зап. Праабражэнскі ў Лепельскім п.

— Дзе ж ты была, Купалачка?
Купала на Йвана! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
— Ў сяле была, Іванічка.
— Дзе ж ты сядзела, Купалачка?
— А ў запечку, на прыпечку.
— Што ж ты ела, Купалачка?
— Ела траву памётную.
— Што ж ты піла, Купалачка?
— Піла ваду балотную.
— Дзе ж ты была, Купалачка?
— Ў сяле была, Іванічка.
— Дзе ж ты сядзела, Купалачка?
— На покуце, на золаце.
— Што ж ты ела, Купалачка?
— Ела кашу рыжовую.
— Што ж ты піла, Купалачка?
— Піла мёд-віно зялёнае.

380. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 50, л. 5—8, № 23. Зап. М. Я. Грынблат у 1972 г. у в. Шатрова Верхнядзвінскага р. ад Паліны Тварановіч, 74 г., Аўгінні Бужынскай, 78 г., Палагеі Гейшын, 75 г., Ксеніі Бужынскай, 56 г.

І пайдзём, сястрыцы,
I па ясну зарыцу,
Цёмна ночка Іванаўская. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]
Набяром, сястрыцы,
Жоўтага пясочку
I пасеем, сястрыцы,
Пад таткаву клетку.
А знаці, пазнаці,
Пясочак не ўзыдзець —
Нам у таткі не быці,
Вянкоў не насіці.
I вянкоў не насіці,
Двароў не красіці.
Пайдзём мы, сястрыцы,
Пад ясну зарыцу,
Набяром, сястрыцы,
Белага гарошку
I пасеем, сястрыцы,
Пад цесцеву клётку.
А знаці, пазнаці,
Гарошак узыдзе,
Гарошак узыдзе —
Нам у свёкаркі быці,
У свёкаркі быці,
Чэпчыкі насіці,
Чэпчыкі насіці,
Дварочкі красіці.

381. АІМЭФ, ф. 8, воп. 75, спр. 93, сш. 2, л. 12. Зап. Л. Салавей у 1975 г. у в. Старыя Ляды Чэрвеньскага р. ад Марыі Бабіч.

Купала на Йвана,
А на Йвана сонца йграла,
Купала на Йвана!

Купала на Йвана,
Над Горкамі калясом стала,
Купала на Йвана!

Купала на Йвана,
А ў Горках дзеўкі красны,
Купала на Йвана!

Купала на Йвана,
Дзеўкі красны, хлопцы страшны,
Купала на Йвана!

Купала на Йвана,
А на Йвана сонца йграла,
Купала на Йвана!

Купала на Йвана,
Сонца йграла, калясом стала,
Купала на Йвана!

Купала на Йвана,
А ў Лядах дзеўкі белы,
Купала на Йвана!

Купала на Йвана,
Дзеўкі белы, хлопцы мілы,
Купала на Йвана!

382. Гілевіч, 1974, с. 141. Зап. Г. Пасюк у в. Слабодка Лепельскага р. ад Г. Салтан, 1908 г. н.

- А дзе была, Купалачка?
- У Крыўцы была, Іванечка.
- Што рабіла, Купалачка?
- Боб палола, Іванечка.
- Чым паілі, Купалачка?
- Цэт цадзілі, Іванечка.
- Чым кармілі, Купалачка?
- Пірагамі, Іванечка.

383. Гілевіч, 1974, с. 156—157. Зап. у г. Смалявічы ад С. Ігнатовіч.

А Купалначка дачку біла,
Каліна. [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
— Дзе ж ты, шэльма, вянок дзела?
— Ішла, мамачка, дарогаю,
Тудой ішоў бялявы хлопец,
Ўзяў, мамачка, мой вяночак,
Панёс, мамачка, бялявым дзеўкам.
Купалначка дачку біла:
— Дзе ж ты, шэльма, вянок дзела?
— Ішла, мамачка, дарогаю,
Туды ішоў красен моладзец,
Ўзяў, мамачка, мой вяночак,
Аддаў, мамачка, красным дзевачкам.

384. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, сш. 27, № 17. Зап. Г. Таўлай у 1977 г. у в. Варганы Докшыцкага р. ад Г. Шылёнак, 1903 г. н.

Ой, то-то! Хто гэту гару капаў,
Чорныя сцежкі таптаў? Ой, то-то. ["Ой, то-то" паўтараецца ў пачатку першага і ў канцы другога радка.]
— Васілька гару капаў,
Чорныя сцежкі таптаў,
Да Волечкі ходзючы,
Гасцінчыкі носючы.
— Нясу я падарачкі:
Садовыя яблычкі.
Стук-грук у акеначка:
— Ці дома паненачка?
Арэшкі лушчоныя,
Мы з табой злучоныя,
Яблыкі садовыя,
Мы з табой маладыя.

385. Tyszkiewicz, с. 372, № 6. Зап. на Барысаўшчыне.

Цераз горачку тры сцежачкі,
Божа наш! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Ішлі туды тры дзевачкі:
Адна ішла ў золаце,
Другая — у аксаміце,
Трэцяя — у розуме.
Што у золаце — то Васількава,
Што ў аксаміце — то Максімава,
Што у розуме — то Яначкава.
А золата хоць прыпазычу,
Аксаміту хоць прыкуплю,
А розуму ані ўцяць, ані ўзяць.

386. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 104, сш. 2, л. 37. Зап. А. Ліс у 1966 г. у в. Сенькава Верхнядзвінскага р. ад А. Саўлук, 1880 г. н.

Цераз гару чорна сцежка,
Да там ішла красна дзеўка,
За ёй ззаду бел малойчык.
— Пастой, пастой, красна дзеўка,
Скажу табе шчыру праўду:
Каля Ражства рожа цвіла.
— Праўда, праўда, бел малойчык,
Я й там была, вянкі пляла.
Цераз гару чорна сцежка
Да там ішоў бел малойчык.
— Пастой, пастой, бел малойчык,
Скажу табе шчыру праўду:
Каля Пятра рэкі сталі.
— Праўда, праўда, красна дзеўка,
Я там быў, лёд прабіў, каня паіў.

387. Гілевіч, 1974, с. 142. Зап. С. Крыванос на Ушаччыне ад М. Лісіцы і Л. Саўчанка.

Ішла Купалка сялом, сялом,
Казала мальцам: "Чалом, чалом",
А мужчынам наругалася:
"Нашто з Купалкі дзівіліся,
А што ў Купалкі сыноў многа.
А што за многа — тры сыночкі:
Першы сыночак — Васілёк,
Другі сыночак — Іванька,
Трэці сыночак — Дзям'янка".
Ішла Купалка сялом, сялом,
Казала дзеўкам: "Чалом, чалом",
А бабачкам наругалася:
"Нашто з Купалкі дзівіліся,
А што ў Купалкі дачок многа.
А што за многа — тры дачушкі:
Першая дачушка — Аксіннечка,
Другая дачушка — Наталачка,
Трэцяя дачушка — Валечка".

388. АІМЭФ, ф. 8, воп. 3, спр. 17, сш. 9. Зап. У. Паўлюкоўскі ў 1929 г. у в. Брыксічы Баранавіцкага п.

На гары купала гарэла,
Ды на ім хлопцаў згалела.
Ды гарэла купала ясненька,
На купале дзяўчат паўненька.
Ды гарэла купала, гарэла,
Ды на тым купале хлопцаў згалела.

389. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 59, сш. 1, л. 5. Зап. А. Емяльянаў у 1972 г. у в. Балоціна Верхнядзвінскага р. ад А. Альхімовіч, 75 г.

Перад Пятром, пятым днём,
Разгуляўся Янаў конь,
Ой, то-то. [Паўтараецца пасля кожных двух радкоў.]
Разгуляўся Янаў конь,
Разбіў камень капытом.
А ў камені ядра нет,
А ў мальцоў праўды нет.
Перад Пятром, пятым днём,
Разгуляўся Янаў конь.
Разгуляўся Янаў конь,
Разбіў арэх капытом.
А ў арэху ядро ёсць,
А ў дзевачак праўда ёсць.

390. Малевич, с. 29, № 3. Зап. у в. Малева Слуцкага п.

Ішла паненка цераз бор,
На ёй сукенка ў дзевяць пол.
Стала тая сукенка шамрэці,
Зялёна дуброва шумеці,
Стала наша купала гарэці.
Ішлі малодкі тушыці,
Неслі ў чэпчыку вадзіцы.
Колькі ў чэпчыку вады ёсць,
Столькі ў малодкаў праўды ёсць.
Ішла паненка цераз бор,
Ў яе сукенка ў дзевяць пол.
Стала тая сукенка шамрэці,
Зялёна дуброва звінеці,
Стала наша купала гарэці.
Ішлі малайцы тушыці,
Неслі ў рэшаце вадзіцы.
Колькі ў рэшаце вады ёсць,
Столькі ў малайца праўды ёсць.
Ішла паненка цераз бор,
На ёй сукенка ў дзевяць пол.
Стала тая сукенка шамрэці,
Стала наша купала гарэці.
Ішлі дзевачкі тушыці,
Неслі ў кубках вадзіцы.
Колькі ў кубку вады ёсць,
Столькі ў дзевачак праўды ёсць.

391. Jaroszewicz // Ondyna Druskieneckich źródł, 1846, s. 43. Зап. I. Ярашэвіч у Брэсцкім п.

Малая ночка Купалночка,
Нашы малойцы не выспаліся,
За валамі ідуць хліпаючы,
Хвастамі вочы праціраючы.
— Быцю, быцю, пазыч хваста,
Пратры вочы пасля ночы.
Вяліка ночка Купалночка,
Нашыя дзеванькі выспаліся,
За валамі ідуць спяваючы,
Шолкам хустанькі вышываючы.

392. Шлюбскі, с. 118, № 143. Зап. у 1914 г. у в. Арлоўка Полацкага п.

Як улетку на Купалу
Ішлі дзеўкі табуном,
Пілі мядок стаўбуном.
Ішлі мальцы мяжою,
Пілі дзёгаць дзяжою.

393. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 111, сш. 2, л. 26. Зап. А. Ліс у 1967 г. у в. Плешчыцы. Шклоўскага р. ад Г. Кавалёвай, 1924 г. н.

А ў масце, масце
Сон-трава расце,
Ой, люлі-люлі. [Паўтараецца пасля кожных двух радкоў разам з другім радком.]
Сон-трава расце,
Сон-трава расце.
Жоўты красачкі,
Жоўты красачкі
Аднагодачкі.
Нашы дзевачкі
Самаволачкі:
Дзе піва чуюць,
Там заначуюць.
А дзе салодкі мёд —
Там і круглы год,
А дзе гарэлка —
Там нядзелька.

394. Романов, 1—2, с. 277. Зап. у в. Зенькава Сенненскага п.

— Купала на Івана! Што Іван робіць?
— Косы клепець! Купала на Івана! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]
— Нашто яму косы? — Сена касіць.
— Нашто яму сена? — Кароў карміць.
— Нашто яму каровы? — Малокі збіраць,
— Нашто яму малокі? — Дзетак карміць.
— Нашто яму дзеці? — Краскі ірваць.
— Нашто яму краскі? — Свіней карміць.
— Нашто яму свінні? — Горы рыць.
— Што ў тых гарах? — Жалезная ступа.
— Што ў той ступцы? — Палівана міска.
— Што ў той місцы? — Макава зерне.
— Дзе тое зерне? — А пятух склюваў.
— Дзе той пятух? — На мора паляцеў.
— Дзе тое мора? — Краскамі зарасло.
— А дзе тыя краскі? — Дзеўкі парвалі.
— А дзе тыя дзеўкі? — Замуж пайшлі.
— Дзе іх мужыкі? — На вайну пайшлі.

395. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 117, сш. 1, л. 16. Зап. Г. Барташэвіч у 1976 г. у в. Абярцы Лепельскага р. ад Е. А. Кліменціёнак, 1908 г. н.

I, ой, на гарэ карыта
Поўна вады наліта.
Там дзевачкі хадзілі,
Рукі-ногі памылі,
А мальчыкі хадзілі,
Тую ваду выпілі.
Ой, на гарэ карыта
Поўна вады наліта.
Там пчолачкі ляталі
I крылачкі макалі,
А дзевачкі хадзілі,
Тую ваду выпілі.

396. Гілевіч, 1973, с. 358. Зап. В. Вашкова і Л. Далідовіч у 1970 г. у в. Паляны Барысаўскага р. ад В. Герасімовіч, 63 г.

Каліна, а ружачка мая чырвоная, каліна.
Каліна, не садзіся блізка сяла Скупліна, каліна.
Каліна, у Скупліне дзеўкі недаростачкі, каліна.
Каліна, не ўмеюць ружу шанаваць, каліна.
Каліна, рана і вечар паліваць, каліна.
Каліна, стопчуць ружу лапцішчамі, каліна.
Каліна, лапцішчамі лазовымі, каліна.
Каліна, сатруць ружу спадніцамі, каліна.
Каліна, спадніцамі патрэпнымі, каліна.
Каліна, а ружачка мая чырвоная, каліна.
Каліна, сядзь каля сяла Палянскага, каліна.
Каліна, палянскія дзеўкі харошыя, каліна.
Каліна, умеюць ружу шанаваць, каліна.
Каліна, рана і вечар паліваць, каліна.
Каліна, не стопчуць ружу чаравічкамі, каліна.
Каліна, чаравічкамі шаўровымі, каліна.
Каліна, не сатруць ружу спаднічкамі, каліна.
Каліна, спаднічкамі шаўковымі, каліна.

397. Бессонов, с. 19, № 28.

Прыйдуць к нам, прыйдуць
Да зарэцкія дзевачкі.
Зашумяць, зашумяць
Да мачальныя істужкі,
Заскрыпяць, заскрыпяць
Да вазовыя лапцішчы,
Зазвіняць, зазвіняць
Да алавяныя пярсцёнкі,
Да заззяюць, заззяюць
Да саламяныя вяночкі.
Прыйдуць к нам, прыйдуць
Да баярскія дзевачкі.
Зашумяць, зашумяць
Шаўковыя істужкі,
Заскрыпяць, заскрыпяць
Казловыя чаравічкі,
Зазвоняць, зазвоняць
Залатыя пярсцёнкі,
Засіяюць, засіяюць
Сярэбраныя вяночкі.
Прыйшлі к нам, прыйшлі
Да зарэцкія дзецюкі.
Стрэлілі, стрэлілі
Да забілі да дзевяць,
Дзевяць свярчкоў
Да з-пад гаршкоў, з-пад гаршкоў,
Дзесятую курку,
Дзесятую курку, дзесятую курку
На вадзе.

398. Гілевіч, 1973, с. 352. Зап. В. Гашак і В. Бутыла ў 1970 г. у в. Паляны Барысаўскага р. ад М. Муха, 78 г.

Каліна, не расці чабор каля дорожкі, каліна.
Каліна, а ў Колечкі — сінія вочкі, каліна.
Каліна, у Валодзі — крывая нага, каліна.
Каліна, у Івана — сівая барада, каліна.
Каліна, крывой нагой — жар заграбаць, каліна.
Каліна, сівой барадой — печ замятаць, каліна.
Каліна, сінія вочкі — пісаць, чытаць, каліна.
Каліна, белыя ручкі — дзевак вітаць, каліна.

399. Гілевіч, 1973, с. 353—354. Зап. Л. Комар і Н. Іванкевіч у 1970 г. ў в. Паляны Барысаўскага р. ад А. Саханевіч.

Каліна, а па ельнічку, па бярэзнічку, каліна.
Каліна, канюшкі свішчуць, конікаў ішчуць, каліна,
Каліна, а згубіліся тры конікі, каліна.
Каліна, адзін конік — сівы-буланы, каліна.
Каліна, другі конік — звёздачка ў ілбе, каліна.
Каліна, трэці конік — залата грыўка, каліна.
Каліна, сівы-буланы — Юрачкаў, каліна.
Каліна, звёздачка ў ілбе — Іванкаў, каліна.
аліна, залата грыўка — Сцяпанаў, каліна.
Каліна, сівы-буланы — да Галечкі, каліна.
Каліна, звёздачка ў ілбе — да Манечкі, каліна.
Каліна, залата грыўка — да Валечкі, каліна.

400. Минская старина, 1911, вып. 2, с. 230. Зап. I. Белановіч у 1908 г. у Вілейскім п.

Да у ляску на вераску, божа наш, ["Божа наш" паўтараецца пасля кожнага радка.]
Стаяла бруссе цясовае,
Цясовае, бялёвае.
На тым брусейку Міколка ходзе,
Міколка ходзе, Хвядорку просе:
— Хвядорка-душа, хадзі ка мне,
Хадзі ка мне, скажу табе,
Скажу табе навіначку,
Навіначку, ўсю праўдачку:
Да што на таргу, да што на часну
Да ўжо дзевачкі падзешавелі,
Ужо за Хвядорку тысячы не дадуць.

401. Гілевіч, 1973, с. 44. Зап. А. Лашук у 1965—1971 гг. у в. Альсевічы Мядзельскага р. ад Тэклі Хілы і Ганны Хілы.

Божа наш! Сягоння ўнас Купальнічак, заўтра Ян! ["Божа наш!" паўтараецца ў пачатку, а з трэцяга радка – і ў канцы кожнага радка.]
А мы пагонім сваіх хлопчыкаў на папар:
А большымі папар араць,
Серадольшымі баранаваць,
А з меншымі самім гуляць.

402. АІМЭФ, ф. 2, воп. 7, спр. 4, сш. 6, № 20. Зап. Л. Фёдараў у 1960 г. у в. Карцэвічы Нясвіжскага р.

Да сягоння Купала, заўтра Ян,
Кідаў чорт хлопцаў цераз паркан,
А хлопчыкі дзевачак прасілі:
— Да дзевачкі-сястрыцы, ратуйце,
Хаця адну жэрдачку адкіньце.
А дзевачкі хлопчыкаў ратавалі —
Яшчэ болей жэрдачак наклалі.

403. Сахараў, 1, с. 33, № 58. Зап. Я. Кірстук у 1935 г. у в. Сілене Ілукстэнскага п. ад М. Кірстук-Лукашэвіч.

Сягоння Купалле, а заўтра Ян,
Будзе, хлопчыкі, ліха вам.
Ой, ліха, ліха ліхое —
Пагонеце котак у поле.
Котанькі ў полі не ходзяць,
Ўсё па балоцетках бродзяць,
Ўсё па балоцетках бродзяць,
Дзеванькі ў доме гуляюць.
Ідзіце, котанькі, дадому,
Пусціце хлопцаў на волю!

404. Можейко, 1983, с. 87, № 76. Зап. у 1968 г. у в. Жаховічы Петрыкаўскага р. ад П. Б. Рабчанка, 1907 г. н., і А. С. Леановіч, 1917 г. н.

Да зялёна балота, зеляно.
— Чаго так рана палягло?
— Як жа мне, балоту, зялёнаму быць?
Стапталі мяне хлопчыкі,
Стапталі мяне хлопчыкі,
Рана ў карчомку ідучы,
Рана ў карчомку ідучы,
Мёд-гарэлку несучы.

405. Шырма, 3, с. 131, № 80. Зап. у 1929 г. у в. Навасёлкі Пастаўскага п. ад М. Скурко.

То-то-то, Пятрова ночка невялічка, то-то-то!
То-то-то, я ж, маладзенька, не выспалася, то-то-то!
То-то-то, на таргу была, таргу слухала, то-то-то!
То-то-то, а што на таргу падзешавела, то-то-то!
То-то-то, падзешавелі нашы хлопцы, то-то-то!
То-то-то, а за Лявоньку шэлег даюць, то-то-то!
То-то-то, а за Міколку — паўшэлега, то-то-то!
То-то-то, а Мішатачку дарма аддаюць, то-то-то!
То-то-то, дарма аддаюць — і то не бяруць, то-то-то!

406. Гілевіч, 1974, с. 185—186. Зап. А. Судак у в. Гараўкі Лепельскага р. ад К. Казлоўскай, 77 г.

— А ты, зязюля баравая,
Блізка ля торгу кукавала.
А ці была ты на рыначку,
А ці чула навіначку?
— Ай, была, была на рыначку,
Ай, чула, чула навіначку —
Падзешавелі нашы хлопчыкі:
А за Парфенку шэлег даюць,
А за Ахрэмку — паўшэлега,
А за Адамку — ні шэлега.
— А ты, зязюля баравая,
Блізка ля торгу кукавала.
А ці была ты на рыначку,
А ці чула навіначку?
— Ай, была, была на рыначку,
Ай, чула, чула навіначку —
Падаражэлі нашы дзевачкі:
А за Зоську тысячу даюць,
А за Ганначку — тры тысячы,
А за Марылечку — і не лічачы.

407. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, ст. 33, № 15. Зап. Г. Таўлай у 1978 г. у в. Бараўляны Барысаўскага р. ад М. Капыток, 1912 г. н., і інш.

Каліна! А у полі тры гароды, каліна. ["Каліна" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Тры гароды выгараджаны:
Ў адным гародзе — то рутачка,
Ў другім гародзе — то мятачка,
Ў трэцім гародзе — чырвоная рожа.
А хто гожы — пільнаваць рожы,
А хто круты — пільнаваць руты,
А хто багаты — пільнаваць мяты.
Віцечка круты — пільнуе руты,
Васіль багаты — пільнуе мяты,
Генечка гожы — пільнуе рожы.

408. ЦНБ АН БССР, АРКіР, ф. 23, воп. 1. спр. 472, л. 11. Зап. Я. і А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

То лаўцы, то лаўцы,
Моладаўскія хлопцы-малайцы.
Да па рыначку хадзілі,
Панну за ручку вадзілі,
Персні на персні мянялі,
Панне на ручку клалі.
То лаўцы, то лаўцы,
Рудніцкія малайцы.
Да па рыначку хадзілі,
Сучку на лычку вадзілі,
Лычка на лычка мянялі,
Сучцы на лапкі паклалі.

409. Гілевіч, 1974, с. 178. Зап. Л. Бацюк у в. Кімія Барысаўскага р. ад А. Бізюк, 1912 г. н.

А хто ж у нас да дзевачак лас?
Каліна. [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Мішачка у нас да дзевачак лас.
Узяў лясачку папіраціся,
Пайшоў дзевачкі даведаціся.
Лясачка яго паламалася,
Дзевачка яго адцуралася.

410. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 85, сш. 1, л. 67. Зап. В. Іваноўская ў 1964 г. у в. Пасад Сенненскага р. ад Ф. П. Сухадолавай, 66 г.

А ў каго ж ба аганёк гарыць?
Купала на Йвана! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
А ў каго ж ба жывоцік баліць?
А ў Іванькі аганёк гарыць,
У Іванькі жывоцік баліць.
А няхай гарыць-прыпагарываіць,
А няхай баліць-прыбаліваіць,
Было дзевачак не абманываць.

411. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 117, сш. 5, л. 44—45. Зап. Г. Барташэвіч у 1976 г. у в. Маставуха Полацкага р. ад Г. I. Лук'янавай, 90 г.

Чырвоная рожа, не стой пры дарозе, [Кожны радок паўтараецца.]
Не стой пры дарозе, не стой пры шырокай,
Не клонься за мною, не клонься за мною,
За мной, сіратою, за мной, сіратою.
У мяне чужы татка, ў мяне чужы татка,
Няродная матка, няродная матка.
Позна спаткі кладуць, позна спаткі кладуць,
Рана пабуджаюць, рана пабуджаюць:
— Устань, чужа дзіця, устань, чужа дзіця,
Устань, прабудзіся, устань, прабудзіся.
Устань, прабудзіся, устань, прабудзіся,
Слёзкамі умыйся, слёзкамі умыйся.
Слёзкамі умыйся, рукаўком утрыся
Да йдзі ў камораньку, мялі сыра жыта.
Мялі сыра жыта, сырую пшаніцу,
Сырую пшаніцу на мелку мучыцу.

Чырвоная рожа, чырвона, прыгожа,
Да стой пры дарозе, да стой пры шырокай,
Да клонься за мною, за мной, маладою.
Ў мяне родны татка і родная мамка.
Рана спацькі кладуць, рана спацькі кладуць,
Позна пабуджаюць, позна пабуджаюць:
— Устань, родна дзіця, устань, прабудзіся,
Устань, прабудзіся, беленька умыйся,
Беленька умыйся, рушнічком утрыся
Да йдзі ў камораньку, харашо ўбярыся
Ды йдзі на вулічку, дзе музыкі йграюць,
Дзе музыкі йграюць, дзевачкі гуляюць.

412. Шырма, 3, с. 128, № 77. Зап. у 1928 г. у в. Страшава Ваўкавыскага п. ад Т. Карпюка.

Пад тынам рутанька, пад тынам зялёненька
У тры рады саджана, у чатыры палівана.
Там Гануська бывала, з руты росу збірала.
З руты росу збірала, расою ўмывалася.
Расою ўмывалася, красою ўціралася,
Красою ўціралася, Ясенька пыталася:
— Ой, Ясенька-душанька, ці беленька лічанька,
Ці беленька лічанька, ці верненька слованька?
— Ой, Гануська-душанька, беленька лічанька,
Беленька лічанька, верненька слованька.

413. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 55, сш. 1, л. 32. Зап. С. Барыс у 1972 г. у в. Гараўцы Верхнядзвінскага р. ад Л. Пашуты, 1901 г. н.

Купальнае ночы, купальнае ночы
У Кузьмы пры дварочку ўсё дзеўкі ў радочку,
Адной толькі нету Рожынай дочкі.
Чэшыць яе маці, чэша, навучаіць:
— Не стой з Кузьмой поплеч, не стой у радочку,
Кузьма цябе зманіць, Кузьма цябе зманіць.
Кузьма дагадаўся, пайшоў і прыбраўся
У дзявоцкае адзенне, ў дзявоцкае аблічча
I стаў у радочку із Рожынай дочкай.
Варыць Кузьма піва на дзіўнае дзіва,
Завець Кузьма дочку, завець у камору.
Пішыць Кузьма пісьмы да Рожынай маці:
— Не жджы, маці, дочку, не жджы у вяночку,
А жджы, маці, дочку ў беленькім платочку.
Не жджы з белым сырам, а жджы з малым сынам.
Не жджы у Пятроўку, а жджы у Ражтоўку.

414. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 90, сш. 3, л. 32. Зап. У. Паўлюкоўскі ў 1929 г. у в. Брыксічы Баранавіцкага р. ад В. Ціханавай, 1892 г. н.

Ў нашага войта на дварэ
Стаіць явар зялёны,
Пад яварам — сталове,
За сталамі — панове
Радзяць рады тайныя,
Не так тайныя — дзіўныя:
Войтаўна сына ўрадзіла,
На бацьку няславу пусціла.
Не вінавацяць віноўнага,
Вінавацяць бацьку яе,
Што доўга замуж не выдаваў,
Вялікага пасагу шкадаваў,
Часта да сверна пасылаў
Ды з залатымі ключамі,
Ды з залатымі ключамі,
А з маладымі панічамі
Па мёд, па віно, па гарэлку
Такую дарослую дзеўку.

415. Часоп. "Вучнёўскі звон", 1930, № 1. Зап. М. Шчасны ў 1930 г. у в. Рабунь Вілейскага р. ад С. Чабат.

На вуліцы скрыпкі граюць,
Божа мой! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Кароль дачкі не пускае.
Стала яна прасіціся:
— Мой татачка, мой родненькі,
Пусці мяне на вулачку,
Ды я прыйду ранюсенька.
Ужо на дварэ свет белы, зара,
Каралёвай дачкі з гульбы няма.
Ужо ў вёсцы абедаюць,
Каралёва дачка з гульбы йдзець,
На ёй шаты сцёрты, змяты,
Руцвяны хепчык з галоўкі зняты.
— Мая дачушка, я цябе страчу.
— Не траць мяне у пятнічку,
А траць мяне у суботку,
Пахавай мяне пад цэркаўкай,
Пасадзі на мне чырвону рожу.
Будуць дзевачкі у цэркаўку йсці,
Будзіць ружачка, будзіць цвісці,
Будуць дзевачкі ружачкі рваць,
Будуць мяне успамінаць.

416. Гарэцкі, Ягораў, с. 85—86. Зап. у в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р.

А ў горадзе на рынку
П’ець худоба гарэлку,
А багаты дзівіцца,
Чым худоба жывіцца.
— Шынкарачка малада,
Падай піва і віна!
— Ах ты, добры моладзец,
На сколькі табе?
— А на сто рублёў піва,
А на тысячу віна!
— Ах ты, добры моладзец,
Не сап'еш ты ўсяго.
— Хоць я сам не сап'ю,
Таварышаў напаю.
— Калі ты такі пан,
Я за цябе дзеўку аддам:
Харошую паненку —
Яўрэйскую наймічку.
Іх у касцёле вянчалі,
У каморы спаць клалі.
— Скажы, скажы, дзявіца,
Якога ты роду?
— Па бацюшку Карпаўна,
Па матушкі Войтаўна.
- Скажы, скажы, моладзец,
Якога ты роду?
— Па бацюшку Карповіч,
Па матушкі Вайтовіч.
А хвала ж табе, бог,
Што з сястрою спаць не лёг.
Пойдзем, сястра, у поле
Рассеімся травою,—
А на брату — сіні цвет,
На сястрыцы — жоўценькі.
Будуць дзеўкі краскі рваць,
У вяночкі ўвіваць,
У вяночкі ўвіваць,
Нас з табою памінаць...

А на Йвана Купала
Дзеўкі краскі ірвалі,
Дзеўкі краскі ірвалі,
У вяночак ўвівалі,
У вяночак ўвівалі,
Брата, сястру паміналі:
А брахцінька — сіні цвет,
А сястрыца — жоўценькі.

417. Минская старина, вып. 2, с. 225. Зап. I. Белановіч у 1908 г. у Вілейскім п.

Божа наш! Каля саду тры сцежачкі, божа наш. ["Божа наш" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Тудымі ішлі тры дзевачкі,
Тры дзевачкі-паненачкі:
Адна паненка — тонка, высока,
Другая паненка — бела, румяна,
Трэцяя паненка — чорна, маленька.
Тонка, высока пайшла далёка,
Бела, румяна пайшла за пана,
Чорна, маленька — за караля.
Сталі каралі збіраціся,
Сталі з караля смяяціся:
— Кароль, кароль, вялікі пан,
Чаму ты не браў такой, як сам?
Чаму ты не браў тонкай, высокай,
Чаму ты не браў белай, румянай,
Нашто ж ты ўзяў чорну, маленьку?
— Тонкае дрэва гіблівае,
Белая рэдзька чарвівая,
Чорная зямля ўрадлівая,
Мая жонка шчаслівая.

418. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 134, л. 17. Зап. Станкевіч у с. Блудзень Пружанскага п.

Сягоння Купала, заўтра Ян,
Палюбіў дзевачку харошы пан.
Ой, не пан, не пан, да панішча
Купіў дзевачцы жупанішча.
— Накладай, дзеванька, штонядзеленьку,
Успамінай мяне, штогадзінаньку.
Як накладала — успамінала,
Як скідала — праклінала:
— Я ў том жупане не хадзіла,
Я й таго пана не любіла.

419. АІМЭФ, ф. 8, воп. 78, спр. 145, сш. 3, л. 42—43. Зап. Л. Малаш у 1978 г. у в. Заполле Навагрудскага р. ад Т. I. Свірыда, 1906 г. н.

Ой, у саду, саду каліна,
Да пад калінаю маліна,
Да пад малінаю дзяўчына.
Яна на крэсялку сядзела
Да русую косу часала,
Да белае ліцо ўмывала.
Да ехаў тудою старэнькі,
Ўзялі яго мыслі да паненкі.
— Ой, не мыслі, не мыслі, старэнькі,—
Не з твайго саду каліна,
Не з твайго саду каліна,
Не да твайго стану дзяўчына.
Не з твайго саду садовага,
Не да твайго стану старога.
Да ехаў тудою маладзенькі,
Ўзялі яго мыслі да паненкі.
— Ой, мыслі, мыслі, маладзенькі,-
Гэта з твайго саду каліна,
Гэта з твайго саду каліна
Да твайго стану дзяўчына.

420. Романов, 8, с. 224. Зап. I. Мікіцін і I. Кіпрыянаў у в. Ільіно Себежскага п.

Іванькіна мамка ўсю ночку не спала,
Ўсю ночку не спала: у Пётры ключы крала,
Землю размыкала, расу выпускала.
Раса медавая лугі прыўтапіла,
Трава шаўкавая лугі прыўкрасіла. .

421. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, ст. 27, № 2. Зап. Г. Таўлай у 1977 г. у в. Глебаўшчына Лагойскага р. ад Г. Гулько, 1894 г. н.

Каліна! На святую Купалачку, каліна. ["Каліна" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Ой, выйду на вулачку
Да буду глядзець, што будзе ляцець.
Ляцяць-ляцяць тры лебедзі.
— Лебедзі мае шарэнькія,
Да скіньце мне па перынцы,
Па перынцы, па русай касе.
Русую касу я ў мамкі знашу,
А перайка — пад венчыкам,
Русу косачку — пад чэпчыкам.

422. Гілевіч, 1973, с. 335. Зап. у в. Паляны Барысаўскага р. ад Ксені Кішкурна.

Каліна, чыя рута за вадою, каліна.
Каліна, зарасла яна лебядою, каліна.
Каліна, чаму, Ніначка, руты не полеш, каліна.
Каліна, руты не полеш, дзевачак не просіш, каліна.
Каліна, дзевачкі мае, не да руты мне, каліна.
Каліна, не да руты мне, не да рутачкі, каліна.
Каліна, узялі мяне цяжкі смутачкі, каліна.
Каліна, паехаў мілы на паляванне, каліна.
Каліна, пакінуў мяне на гараванне, каліна.
Каліна, пакуль конік наскачацца, каліна.
Каліна, дык я, малада, наплачуся, каліна.
Каліна, пакуль мілы напалюецца, каліна.
Каліна, дык я, малада, нагаруюся, каліна.

423. Шырма, 3, с. 134, № 83. Зап. у 1940 г. у м. Міёры ад М. Шуманскага.

О то-то, Пятрова ночка невялічка, о то-то!
О то-то, я, малада, не выспалася, о то-то!
О то-то, сучыла шнуры шаўковыя, о то-то!
О то-то, не таму-сяму прадавала, о то-то!
О то-то, свайму міламу так даравала, о то-то!
О то-то, насі, міленькі, штодзянёчак, о то-то!
О то-то, памінай мяне штогадочак, о то-то!
О то-то, насі, міленькі, штонядзельку, о то-то!
О то-то, ўспамінай мяне штогадзінку, о то-то!

424. Романов, 8, с. 233. Зап. С. Піліпёнак у в. Завулкі Дзісенскага п.

Ой, то-то, Пятрова ночка невялічка, ой, то-то.
То-то, чаму ж яна невялічка, то-то.
То-то, нашы дзевачкі не выспаліся, то-то.
То-то, ўсю ноч не спалі, шнуры сукалі, то-то.
То-то, шнуры сукалі шаўковыя, то-то.
То-то, кашулькі шылі бялёвыя, то-то.
То-то, выйшлі на вулку прадаваці, то-то.
То-то, сяму-таму — за грошыкі, то-то.
То-то, а свайму міламу — за слоўчыкі, то-то.
То-то, за слоўчыкі вярненькія, то-то.
То-то, за прыходы часценькія, то-то.
То-то, за падарункі дарагія, то-то.
То-то, ён даець — не жалаваець, то-то.
То-то, а яна бярэць — не дзякаваець, ой, то-то.

425. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 54, л. 22. Зап. А. Ліс у 1970 г. у в. Вётхава Смаргонскага р. ад А. Дудко, 1907 г. н.

Пятрова ночка маленька,
Не выспалася паненка.
Не выспалася паненка,
На новым ганку седзячы,
На новым ганку седзячы,
Міламу кашульку шыючы,
— Ой, шыю, шыю, штапую
Свайму міламу кашулю,
З белай паперкі — каўнеркі,
З белай паперкі — каўнеркі,
З чорнай кітайкі — рукаўкі,
З белай паперы — каўнерык,
Каб на мілага глядзелі.

426. Гильтебрандт, с. 44—56. Зап. В. Мятла ў Дзісенскім п.

Да ў чыім гэта ляночку
Залатая макаўка, а сярэбраная лісцінка?
Брацетка мой родненькі,
Пойдзем бор церабіць,
Будзем лён гарадзіць,
Каб па ім дзеўкі не хадзілі,
Майго ляночку не тапталі,
Макаўкі не шчыпалі,
Вяночкаў не вязалі,
На галоўкі свае не клалі,
На вуліцы не выходзілі,
Малойчыкаў не зводзілі.

427. Шейн. Материалы, с. 236. Зап. у с. Дуброўка Лепельскага п.

А што ў нас сягоння за вечар быў?
Звінелі страмёны каля коней.
— А едзьце, малойцы, ў славен горад,
А ў слаўным горадзе дзяльбу дзеляць:
Кожнаму малойцу па коніку,
Нашаму Данілку штонайлепшага.
А што ў нас сягоння за вечар быў?
Звінелі страмёны каля коней.
— Сядайце, ўсе малойцы, на коней,
А едзьце, малойцы, ў славен горад,
А ў слаўным горадзе дзяльбу дзеляць:
Кожнаму малойцу па дзевачцы,
Нашаму Данілку штонайлепшая.

428. Малевич, с. 27—28. Зап. у в. Малева Слуцкага п.

Купальна ночка невялічка,
Да не выспалася дзевачка,
Да ягадкі рвала — драмала,
Перабірала — заснула,
Прыехаў дзяціначка — не чула,
Махнуў хустачкаю — не дамахнуў,
Пакаціў персцянём — не дакаціў,
Злез з коніка — сам пабудзіў:
— Устань, мая дзевачка, годзе спаць,
Да ўжо твае сватове на дварэ стаяць,
Пара табе падаркі падаваць.
— Да няхай жа стаяць здаровы —
Ужо ж мае падарачкі гатовы:
Да сорак саракоў палацён,
Да трыццаць паставоў ручнікоў,
Да апарць дробні і драбніцы,
Што дараць дзеверы і залвіцы.
Да дзяцінка дзевачку падабаў —
Ёй на пярсцёначак дараваў,
Дзевачка дзяцінка падабала —
Яна яму хустачку даравала.

429. Шейн. Бел. песни, с. 155, № 237. Зап. В. Катырло ў в. Апанасковічы Лепельскага п.

На моры вутка купалася,
На беражочку сушылася.
Млада Кулінка стужылася,
Што яе дары не прадзены.
Хоць прадзены, дык не вітыя,
Хоць вітыя, дык не снованы,
Хоць снованы, дык не тканыя,
Хоць тканыя, дык не белены,
Хоць белены, дык не качаны,
Хоць качаны, дык не рэзаны,
Хоць рэзаны, дык не дзелены.
Таму-сяму — па локціку,
А сужаньку — не мерачы.
Ад таго-сяго — па сто рублёў,
Ад сужанькі — ні шэлежкі.

430. Захарава, с. 87. Зап. Д. Фёдараў і Л. Брухан у в. Здзітава Бярозаўскага р. ад В. М. Пліс, 1916 г. н.

Дзе ж ты, Купала, купалася,
Па беражочку хавалася,
Па ляшчыначцы сушылася?
Дзеванька ў бацькі прасілася:
— Дай мне, баценька, сваю волю,
Дай мне, родненькі, сваю волю,
Да расчашу я сваю косу.
Ой, расці, каса, да пояса,
Белае лічыка, як яблычка,
Сама малада, як ягадка.

431. Романов, 8, с. 219. Зап. Кандрацьеў у Віцебскім п.

— А хто ж у нас нежанаты, барадаты?
— Аляксандра нежанаты, барадаты.
Доля яго няшчасная —
Дзеўка яго не красная.
Няхай доля пашчаснеіць,
Няхай дзеўка пакраснеіць.

432. Романов, 8, с. 218. Зап. у в. Сініцы Віцебскага п.

— А хто ж у нас нежанаты ходзіць?
— Сямёнка ў нас нежанаты ходзіць:
Ён браў хмялёк у святы дзянёк,
Саладзіў солад на пярэклеце,
Мыў катлы на сінім моры,
Сушыў бочкі на сонейку.
Доля яго няшчасная:
Козы, оўцы хмель паелі,
Куры, гусі солад паклявалі,
Мора катлы патапіла,
Сонцам бочкі пашчапіла.

433. Романов, 8, с. 234. Зап. С. Піліпёнак у в. Завулкі Дзісенскага п.

Ой, то-то! Ляцелі гусі рад по раду, ой, то-то. ["Ой, то-то" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Крыкнулі гусі раз-поразу:
— Чаму, Іванька, не жэнішся?
— А як я маю жаніціся?
Хмель на тычынцы не павіўся,
А ячмень на ніўцы не наліўся,
Дачка ў мамкі не нагулялася,
А мне, маладому, не спадабалася.
Цяпер буду жаніціся:
Хмель на тычынку ўжо павіўся,
Ячмень на ніўцы ўжо наліўся,
Дачушка ў мамкі нагулялася,
А мне, маладому, спадабалася.

434. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 66, сш. 26, л. 8—9. Зап. А. Каўрус у 1963 г. у в. Навасёлкі Мядзельскага р. ад М. Захарэвіч, 46 г.

Купалялё! А на сенажаці мядуначка, Купалялё. ["Купалялё" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
А там кукавала зязюлечка,
Яна кукавала — праўду казала.
Каціўся крышталь па сенажаці,
Маніўся Ванечка Галечку браці.
— Не буду браці — не ўмеіць жаці,
Выйдзіць на ніўку толькі ляжаці,
Падкініць сярпок вышэй сябе:
— Не жала ў таткі — не буду ў цябе.

435. АІМЭФ, ф. 8, воп. 79, спр. 159, сш. 2, № 62. Зап. С. Асташэвіч і У. Васілевіч у 1979 г. у в. Рубань Вілейскага р. ад С. Лычаўка, 1908 г. н.

Божа мой! На сенажаці мядуначка, божа мой. ["Божа мой" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Там кукавала зязюлечка,
Яна кукавала — праўду казала,
Што ў Рабуні ўсё добра чуць:
Дзевяць дзевачак замуж ідуць,
Дзесятую запіваюць.
На сенажаці мядуначка,
Там кукавала зязюлечка,
Яна кукавала — праўду казала,
Што ў Слабадзе нядобрае чуць:
Дзевяць хлопчыкаў на вайну бяруць,
Дзесятага расстраляюць.

436. Гілевіч, 1974, с. 160—161. Зап. С. Дук у в. Іллюшына Ушацкага р. ад Т. Бурак.

Ой, тынок высок, Дунаёк шырок,
Божа ж мой!
Хто ж гэты тынок пераскочыць,
Хто ж гэты Дунай пераплыве,
Каралеўначку за сябе возьме?
Колечка тынок пераскочыць,
Колечка Дунай пераплыве,
Каралеўначку за сябе возьме.
А як жа скочыў — не праскочыў,
А як жа паплыў — не пераплыў,
Каралеўначкі за сябе не ўзяў.

437. Гілевіч, 1974, с. 150. Зап. у в. Чыжэвічы Вілейскага р. ад Н. Шарафановіч.

Кукуй, зязюленька, не ўпікай,
Ой, люлі, не ўпікай.
Нямнога будзеш кукаваць,
Ой, люлі, кукаваць.
На Юр'я рана пачынаць,
Ой, люлі, пачынаць.
На Пятро позна пакідаць,
Ой, люлі, пакідаць.
Заплач, Анэтка, жалосна,
Ой, люлі, жалосна.
Нямножка будзеш плакаці,
Ой, люлі, плакаці.
У нядзельку рана пачынаць,
Ой, люлі, пачынаць.
У аўторак позна пакідаць,
Ой, люлі, пакідаць.

438. Гілевіч, 1974, с. 156. Зап. Г. Кучынская ў в. Цімкі Барысаўскага р. ад А. Кучынскай.

А ў бару, бару, на баравіне,
Ай, рана, рана, на баравіне.
Там Аленка ягадкі брала,
Ай, рана, рана, ягадкі брала.
Ягадкі брала, цяжка ўздыхала:
Ай, рана, рана, цяжка ўздыхала:
— Бярозкі мае невядомыя,
Ай, рана, рана, невядомыя.
Дарожкі мае незнакомыя,
Ай, рана, рана, незнакомыя,
А з некім сесці лустачку з'есці,
Ай, рана, рана, лустачку з'есці.
А з некім стаці, слоўца згукаці,
Ай, рана, рана, слоўца згукаці.
Прыйшоў да яе міленькі яе,
Ай, рана, рана, міленькі яе.
— Чаго, Аленка, цяжка ўздыхаеш,
Ай, рана, рана, цяжка ўздыхаеш?
Мы з табой сядзем, лустачку з'ядзім,
Ай, рана, рана, лустачку з'ядзім.
Мы з табой станем, слоўца згукаем,
Ай, рана, рана, слоўца згукаем.

439. Гілевіч, 1974, с. 145. Зап. С. Скурко ў в. Міхеевічы Бярэзінскага р. ад Паліны Крыварот.

Каліна на лузе стаяла,
А з луга пайшла — зайграла.
Мостам ішла — грымела,
А полем ішла — лялела,
А к сялу прыйшла — зайграла,
У сяло ўвайшла — гуляла,
К варотам прыйшла — грукнула,
Пад вакенца прыйшла — гукнула:
— Адчыні, Тацянка, новы двор.
А Тацянка ёй адказала:
— Некалі, калінка, некалі:
У садзе вінаград пераспеў,
Трэба яго пашчыпаць,
Да свайго мілога паслы слаць.
Я б паслала пасол — не смею,
Напісала б лісток — не ўмею,
I пайшла б я сама —баюся,
Доўгая дарога — стамлюся.
Дык прабачай, калінка, прабачай.

440. Federowski, 5, с. 713. Зап. у в. Шчасновічы каля Ляхавіч ад Анелі Масол.

Ой, у лесе, у лесе, пры барку,
Да рабіў дзяцінка каморку.
Да к яму дзевачка прыбяжала,
Яна яго, маладога, навучала:
— Да рабі, дзяцінка, з акенцам,
Каб і к нам салавейка прылятаў,
Каб нас маладзенькіх пабуджаў.
Бо чужая матка, не свая,
Да не будзе рана будзіці,
Пойдзе да суседа судзіці:
— Сонейка зайдзе, пастаіць,
Да мая нявехна яшчэ спіць,
Сонейка зыйдзе, паграе,
Спіць мая нявехна, не дбае.

441. Романов, 8, с. 224. Зап. К. Маісееў у в. Далосцы Себежскага п.

— А рутанька-мятанька,
Чырвоная рожанька,
А дзе цябе пасадзіці:
Ці ў гародзе на ляхе,
Ці ў капусце ў баразне?
— Дзе хочаце, садзіце,
Толькі мяне паліце
Ўсё ранняю расою,
Вячэрняю зарою.
— Ты, дзяўчынка маладая,
А дзе цябе пасадзіці:
Ці ў татухны за сталом,
Ці ў свёкаркі на куце?
— Дзе хочаце, садзіце,
Толькі мяне дарыце
Тонкім белым палатном,
Кужальнымі ручнічкамі.

442. Часоп. "Ondyna", с. 17—18. Зап. каля Друскенік Гродзенскай губ.

Сярод бору зялёнага, з лесу цёмнага
Выбегла тры конікі:
Уперад бяжыць вараненькі,
Пасярэдзіне — сівенькі,
А назадзе — кульгавенькі.
Што вараненькі — Клімулька,
Што сівенькі — Грыгорка,
Кульгавенькі — Сцяпанка.
З саду, з саду, з-пад вішанькі
Там выбегла тры дзеванькі:
Адна — ў шчэрым злоце,
Друга — ў аксаміце,
Трэцяя — ў вяночку нагенька.
Што ў злоце — то Клімулькава,
Што ў аксаміце — то Грыгоркава,
А што нага ў вяночку — то Сцяпанкава.
Пахваліўся Клімулька, што "сваю
На сена павяду і сто фур награбу".
Пахваліўся Грыгорка:
— Я на жніво павяду і сто коп нажну.
Пахваліўся Сцяпанка:
— Я сваю на шынок павяду і сто гарцаў вып'ю.
I пайшлі напіліся,
Прыйшлі ўдому, пабіліся.
Дзесь маё гора крапіву поле,
Рукі напякло і дадому ўцякло.

443. АІМЭФ, ф. 13, воп. 8, спр. 1, сш. 1, л. 6. Зап. Л. Жгіроўская ў 1948 г. у в. Гатава Мінскага р. ад Г. Жгіроўскай.

На вуліцы Купалле,
А для Купалля гулянне.
Там дзевачка гуляла,
Яна гуляла, не дбала.
Прыйшла па яе мамачка:
— Ідзі, дзіцятка, дадому,
Прыехалі госці здалёку.
Яны нікога не знаюць,
Цябе, маладзеньку, пытаюць.
— Не мае, мамачка, не мае.
Як будуць мае ехаці,
Дык будзе дубрава шумеці,
Кованыя колы бразджаці,
Вараныя коні іржаці,
Да будуць музыкі іграці,
Будуць дзевачкі гуляці,
Малады малодкі спяваці,
Старыя бабы сядзеці
Да на гэта дзіва глядзеці.

444. АІМЭФ, ф. 8, воп. 77, спр. 136, л. 11. Зап. А. Ліс у 1952 г. у в. Вётхава Смаргонскага р. ад Алены Ліс, 1907 г. н.

— Ой, баравая зязюля,
Чаму ў бары не кукуеш?
Чаму ў бары не кукуеш,
Чаго ў наш сад прылятаеш?
— Як жа мне ў бары кукаваць
За сасонкамі не відаць,
За сасонкамі не відаць,
За салаўямі не чуваць.
— Ой, маладая Аленка,
Чаму ў мамы не плакала?
Чаму ў мамы не плакала,
Чаго да нас прыехала?
Як жа мне ў мамы плакаці —
За брацяткамі не відаць,
За брацяткамі не відаць,
За сястрыцамі не чуваць.

445. Гілевіч, 1974, с. 180—181. Зап. С. Шадурскі ў в. Кледнявічы Горацкага р. ад Т. Кавалёвай.

А ў нашым жыце перапяліца,
Яна не свішчыць — праўду гаворыць:
—Ай, трудна жыці той маладзіцы,
А ў каторае заловак многа,
А дзівярочка ніводнага.
Куды ні пойдуць — нявестку ганюць:
"Наша нявестка не работніца,
К нашаму двору непрыходніца,
Нашаму скоту непрыглядніца,
Нашым гасцём непрыветніца".
А ў нашым лесе зязюлечка,
Яна не кукуіць — праўду гаворыць:
— Ой, добра жыці той маладзіцы,
А ў каторае дзівяроў многа,
А заловачкі ніводнае.
Куды ні пойдуць — нявестку хвалюць:
"Наша нявестка работніца,
Нашаму двору прыходніца,
Нашаму скоту прыглядніца,
Нашым гасцём прыветніца".

446. Černy, с. 216, № 39. Зап. А. Чэрны ў вв. Падліпкі і Каменьполе Дзісенскага п. ад Е. Шульскай і М. Асту, 40 г.

Ай, то-то! Ды за гарою за камянною, ай, то-то. ["Ай, то-то" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Стаяць коні вараныя,
Вараныя, прыбраныя,
Прыбраныя, сядланыя —
Як уссесці, паехаці
Да ўдованькі жаніціся.
Ды ўдованьку лёгка браці,
Лёгка браці, цяжка жыці:
Пасцель сцеліць — ўсё клянецца,
Спаць кладзецца — не хінецца.
За гарою камянною
Стаяць коні вараныя,
Вараныя, прыбраныя,
Прыбраныя, сядланыя —
Як уссесці, паехаці
Да дзеванькі жаніціся.
Ды дзеваньку цяжка браці,
Цяжка браці, лёгка жыці:
Пасцельку сцеліць — ўсё смяецца,
Спаць кладзецца — прыхінецца.

447. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 66, сш. 4, л. 14—15. Зап. С. Асташэвіч у 1973 г. у в. Дрычын Асіповіцкага р. ад А. I. Пыпінай, 1911 г. н., і інш.

Во, ля-лё! Хмелю на тычынку навіваецца, во, ля-лё. ["Во, ля-лё" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Якаўка дачкой набіваецца:
— Ой, зяцю мой, зяцю мой,
Вазьмі дачку да за белую ручку.
Да мая дачка да работніца:
Да кароўкі жане і кудзельку прадзе,
А з пасты жане - пачыначкі ўе,
На нары ступае — лапці варсае,
Сені-хату мяце — абуваецца.

448. АІМЭФ, ф. 2, воп. 12. Купальскія і пятроўскія песні (БНТ), с. 382—383. Зап. Г. Таўлай у 1975 г. у в. Колбавічы Баранавіцкага р. ад С. Юрэні, 73 г.

Вой, рана-рана на Яна
I да дзяціна конічка сядлая.
Да дзяціна коніка сядлая,
Да яго бацюхна пытая:
— Да й куды, дзяціна, сядлаеш,
Да й куды, дзяціна, паедзеш?
— Ой, паеду, бацюхна, на места
Да прывязу, родненькі, нявесту.
Ой, табе, бацюхна, нявеста,
А мне, родненькі, мілая.
Ой, табе, бацюхна, жыта й жаці,
А мне, родненькі, пасцель слаці.
Ой, табе, бацюхна, работнік,
А мне, родненькі, заботнік.

449. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 68, сш. 4, л. 37. Зап. А. Ліс у 1961 г. у в. Пасынкі Мядзельскага р. ад Н. Савук, 1908 г. н.

Купалялё! Да пайду я ў двор із мяцёлачкай, Купалялё. ["Купалялё" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
От мяту, мяту, прыслухаюся,
Што мая мамка ціха гаворыць:
Хочыць аддаць замуж дачку за няроўніцу.
Ой, цяжка, цяжка камень каціці,
А яшчэ цяжэй з нялюбым жыці.

450. Гілевіч, 1974, с. 194. Зап. у пас. Калініна Мінскага р. ад Н. Гладкай.

Пятрова ночка невялічка,
Я, маладзенька, недаспала —
Кашулечку вышывала.
Каб я знала, што старому,
Я б вышывала крапіўкаю,
Выстрачыла б жыгучкаю.
А старэнькі павярнуўся б,
Павярнуўся б — абстрыкнуўся.
Пятрова ночка невялічка,
Я, маладзенька, недаспала —
Кашулечку вышывала.
Каб знала, што маладому,
Я б вышыла чорным шоўкам,
Выстрачыла б бялюсенькім,
Маладзенькі павярнуўся б,
Павярнуўся б — усміхнуўся.

451. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 65, сш. 1, л. 35. Зап. I. Лушчыцкая ў 1961 г. у в. Пронькі Мядзельскага р. ад Е. Крывенькай, 1904 г. н.

А ў гародзе канапелька зеляненька,
А у гародзе, ў карагодзе
Гуляіць Паўлінка маладзенька,
Ў карагодзе.
А Мікітка ходзіць, выглядае,
Ці добра гуляіць.
— А Паўлінка, ўжо на дварэ роса,
Ты гуляеш боса.
— А Мікітка, калі твая ласка,
Пашый чаравічкі.
— А Паўлінка, я не ўмею шыці,
Не ўмею шыці.
— А Мікітка, ты не ўмееш шыці,
Я ўмею насіці.

452. Шлюбскі, с. 125, № 168. Зап. у 1913 г. у в. Бабінічы Віцебскага р. Пятроўка.

А я дзеўка добрая,
Бацькі багатага.
Мой бацька — ясны месяц,
Мая маці — краснае сонейка,
Мае браты — ў саду салавейкі,
Мае сёстры — ў жыце перапёлкі.
Ясны месяц ўсю ноч свеціць,
Краснае сонейка ўвесь дзень грэіць,
Ў саду салавейка ўсей дзень спяваіць,
Ў жыце перапёлкі жыта падбіраюць.

453. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, ст. 32, № 2. Зап. Г. Таўлай у 1978 г. у в. Урэчча Вілейскага р. ад А. Субач, 1913 г. н.

Божа мой! Чыя рутачка там за ракою, божа мой. ["Божа мой" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Зарасла ж яна ўсякай травою?
— Мая сястрыца, памажы палоць.
— Мая сястрыца, шырока рака,
Шырока рака, я не перайду.
— Мая сястрыца, я падам руку.
— Мая сястрыца, шырока рака,
Шырока рака, не сойдзець рука.

454. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 14, сш. 4, л. 14—15. Зап. М. Клянчонак у 1967 г. у в. Халмоўка Барысаўскага р. ад М. Казуры.

Каліна! У полі, полі пад ялінаю, каліна. ["Каліна" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Там дзевачкі лянок палолі,
Сіротачка з багатырачкай.
А ехалі два варанцы,
А яны сталі, дзень добры далі.
Сіротка стала, ім адказала,
Багатырачка бедаваць стала:
— Ручнічкі мае дымковыя,
А што ж я з вамі рабіць буду:
А ці не дарожкі высцілаць буду?
Падушкі мае пуховыя,
А што ж я з вамі рабіць буду:
А ці не горачкі выкладаць буду?
Паяскі мае шаўковыя,
Што ж я з вамі рабіць буду:
Ці не конікі ляйцаць буду?

455. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, ст. 28, № 17. Зап. Г. Таўлай у 1978 г. у в. Бараўцы Вілейскага р. ад Ю. Бярозы, 1898 г. н.

Да заказалі на вайну
Нашаму сялу усяму,
Нашаму сялу усяму,
Нашаму войту самаму.
Нашага войта сыноў нет,
Адна дачушка на раду,
Адна дачушка на раду,
Тая паедзіць на вайну.
Яе татачка да тому
Купіў сукенку дадолу,
А пры сукенцы сядзельца,
А пры сядзельцы коніка.
Першы разок як махнула —
Палавіна войска ўлякнула,
Другі разок як махнула —
Дык усё войска ўлякнула.
А дзе там браўся крулёвец:
— А каб я ведаў, чый то сын,
Аддаў бы дочку крулёву.
— Нашто мне дочка крулёва,
Нашто мне дочка крулёва,
Я сама пані Цітова.

456. Карский // РФВ, 1885, т. 13, с. 272. Зап. у с. Бярозавец Навагрудскага п.

Цёмна, цёмна за дваром,
Да ехалі казакі ўсё радом,
Везлі Міхала на кані.
Да яго галоўка на мечы.
Да за ім матачка плачучы:
— Ой, сыне, сыне, Міхале,
Да за каго ты галоўку палажыў?
Ці за ойчанька старога,
Ці за матачку родную,
Ці за брацейка мілога,
Ці за сёстраньку любую?
— Я ні за ойчанька старога,
Я ні за матачку родную,
Я ні за брацейку мілога,
Я ні за сястрыцу любую.
Палажыў я галоўку за дзевачку,
За яе ціхія паходы,
За яе нізкія паклоны,
Да што яна ціхенька хадзіла,
Нізенька галоўку насіла.

457. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 62, сш. 1, л. 111. Зап. П. Альхімовіч у 1973 г. у в. Камена Лагойскага р. ад Е. К. Курыловіч.

Каліна! А ў лазе, ў лазе ляжыць маладзец, каліна. ["Каліна" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Ён сечан-рубан, харашо прыбран.
Прыляцелі тры зязюлечкі:
Адна ўпала на галовачку,
Другая ўпала на ножачкі,
Трэцяя — на сэрданька.
Што на галоўцы — мамачка яго,
Што на ножачках — сястрыца яго,
Што на сэрданьку — мілая яго.
Мамачка плача — рэчачкі бягуць,
Сястрыца плача — ручайкі ідуць,
Мілая плача — замуж хоча.

458. Сахараў, 1, с. 32—33, № 57. Зап. у 1936 г. у в. Шушкі Лудзенскага п. ад В. Дамчонак, 80 г.

Ту-ру, ту-ру, па дуброўкі
Ды там едзіць пан вялікі,
Пан вялікі, брыль шырокі.
— Ты вярніся, ты вярніся,
Пан вялікі, брыль шырокі,
Твая жана доч мела.
— Я для дочы не вярнуся:
Я для дочы падарую
Плат шаўковы, вянок пярловы.
Ту-ру, ту-ру, па дуброўкі
Ды там едзіць пан вялікі,
Пан вялікі, брыль шырокі.
— Ты вярніся, ты вярніся,
Пан вялікі, брыль шырокі,
Твая жана сына мела.
— Я для сына вярнуся:
Куплю сыну каня варанога,
Каня варанога, узду залатую
I для сына падарую.

459. Шлюбскі, с. 130, № 183. Зап. Г. Даўгяла ў 1919 г. у в. Крутое Веліжскага п.

Бумажанька Мархушынька,
Белы сырок Ляксандрачка.
Выхадзіла на вуліцу,
Выглядала сабе выглядка:
— Выглядак мой, Ляксандрачка,
Выгледжан ты на вуліцы,
На вуліцы на шырокай,
Міжа мальцаў міжа большых.
Міжа мужчын — мужыцкі сын,
Міжа паноў — ён панскі сын,
Міжа купцоў — купецкі сын,
Выглядак мой, Ляксандрачка.

460. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 85, сш. 1, л. 27. Зап. В. Іваноўская ў 1964 г. у в. Пасад Сенненскага р. ад В. Сухадолавай, 70 г., і Ф. Сухадолавай, 60 г.

Стучыць-гручыць па вуліцы,
Едуць купцы купцуючы:
— А вы, жонкі, вы, лябёдачкі,
Купляйце ў нас чорна чарніла!
— Мы і так чорны без чарніла
Ў чужых бацек і чужых матак.
Стучыць-гручыць па вуліцы,
Едуць купцы купцуючы:
— А вы, дзевачкі, вы, паненачкі,
Купляйце ў нас бела бяліла!
— Мы і так белы без бяліла
Ў сваіх бацек і сваіх матак.

461. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 66. Зап. I. Місуна ў 1969 г. у в. Сваткі Мядзельскага р. ад В. Роўды.

Купала. Янава ночка невялічка, Купала.
Нашы дзевачкі ўсю ноч не спалі, Купала.
Ім зязюленькі ўсё шчабяталі, Купала.
— Дзевачкі, з ружы вянкоў не віце, Купала.
Дзевачкі, рана замуж не йдзіце, Купала.
Віце вяночкі ды із чабору, Купала.
Ідзіце замуж ды ўпору, Купала.

462. Гілевіч, 1973, с. 43. Зап. у в. Альсневічы Мядзельскага р. ад Тэклі Хілы і Ганны Хілы.

Купалялё, на сенажаці мядуначка, купалялё.
Купалялё, там кукавала зязюлечка, купалялё.
Купалялё, там кукавала, праўду казала, купалялё.
Купалялё, не будзіць свёкарка родны татулька, купалялё.
Купалялё, не будзіць свякроўка родная мамка, купалялё.
Купалялё, не будзіць залвіца родная сястрыца, купалялё.
Купалялё, не будзіць дзевярка родны брацятка, купалялё.

463. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 12, сш. 7, л. 8—9. Зап. Г. Яцэвіч у 1967 г. у в. Садоўшчына Мядзельскага р. ад Н. Каравацкай, 87 г.

Бела-бела бярозка,
Чаго на моры палягла,
Чаго на моры палягла,
Дзяўчаткам дарожку залягла?
Куды дзевачка хадзіла
I шчырае срэбра насіла
Да рассыпала па моры,
Клікала мамачку з каморы:
— Памажы срэбра сабраці.
Шчырае золата знізаці.
— Не выйду, дзіцятка, не магу:
Я з жалю ручак не ўздыму,
Што цябе, маладу, аддаю
Ды на чужую старану,
Ды да чужога дзіцяткі
Чорныя сцежачкі таптаці,
Чорныя сцежачкі таптаці,
Белыя ручкі ламаці.

464. Гілевіч, 1974, с. 143—144. Зап. М. Багданчук у в. Трэці Гарадзец Ушацкага р. ад Я. Віннік, 58 г.

Лугам-берагам коні хадзілі,
Коні хадзілі, ўсё гаварылі:
— Жылі мы былі ў дрэннага пана:
Ён нас позненька на луг выводзіў,
Ён нас раненька з луга прыводзіў,
Забрытваў аброткай вяроўчатай,
Путаў пяньковымі путамі.
Лугам-берагам коні хадзілі,
Коні хадзілі, ўсё гаварылі:
— Жылі мы былі ў добрага пана:
Ён нас раненька на луг выводзіў,
Ён нас позненька з луга прыводзіў,
Забрытваў аброткай раменнаю,
Путаў шаўковымі путамі.

465. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 117, сш. 4, л. 61. Зап. Г. Барташэвіч у 1976 г. у в. Лукаўцы Полацкага р. ад Л. Р. Быкоўскай, 52 г., і Л. Ф. Перапечкінай.

Іванька Купалька на гарэ купаўся, [Кожны радок паўтараецца.]
На гарэ купаўся, бераг калыхаўся.
Іванькава мамка па беражку ходзіць,
Па беражку ходзіць, кашуленьку носіць.
Кашуленьку носіць, Іванюшку просіць:
— Іванька, сынулька, пераймі кашульку,
Я й тоненька прала і чысценька ткала,
Я й бела бяліла, хораша пашыла,
Хораша пашыла, шоўкам вышывала,
Шоўкам вышывала, Ваню даравала.

466. АІМЭФ, ф. 20, воп. 76. Зап. Г. Таўлай у 1976 г. у в. Малыя Шчарбінічы Навазыбкаўскага р. ад А. Паддубнай, 1911 г. н., і інш.

Ой, рана на Йвана, [Паўтараецца перад і пасля кожнага радка.]
Кругом, кругом сонца ходзе —
Недзе сонцу станавіцца.
Станавілась сонца ў Рогаве,
А ў Рогаве дзеўкі гладкі,
Дзеўкі гладкі — глядзець гадка.
Кругом, кругом сонца ходзе.
Станавілась сонца ў Шчарбінішчах,
Ў Шчарбінішчах дзеўкі худы,
Дзеўкі худы — глядзець люба.

467. Гілевіч, 1974, с. 140—141. Зап. В. Вішнеўская ў в. Замошша Ушацкага р. ад М. Закрэўскай, 63 г.

А ў бару, бару ель гарэла,
Божа мой! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Не так гарэла, як зелянела.
А там дзевачкі краскі збіралі,
Краскі збіралі, вяночкі вілі,
Вяночкі вілі, ў Дунай кідалі.
Палез Ванечка вянкі даставаць.
Ён разок ступіў — па калена ўвяз,
Другі раз ступіў — па пояс увяз,
Трэці раз ступіў — і сам паплыў.
— Вузкі беражкі — вы мае дружкі,
Рыба-плаціца — мая сваціца,
Светла вадзіца — мая дзявіца.

468. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, ст. 24, № 19. Зап. Г. Таўлай у 1976 г. у в. Ордаць Шклоўскага р. ад М. Рыжковай, 1918 г. н., і М. Сікорынай, 1909 г. н.

Дзеўкі на Тройцу вянкі вілі, [Кожны радок паўтараецца.]
А на Купала развівалі,
На сваю долю загадалі:
— Ой, калі наша добрая доля —
Цвіці, вяночак, як гаёчак,
Ой, калі й наша бяздоллейка —
Ссохні, вяночак, на сухарочак.

469. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 52, сш. 1, л. 24. Зап. Л. М. Салавей у 1972 г. у в. Якубоўшчына Міёрскага р. ад М. С. Малец, 1906 г. н.

А як я ў зёлачкі пайшла. [Кожны радок паўтараецца двойчы.]
Шэру зязюлечку найшла,
Зязюля кукавала,
На мяне вешчавала:
На сем год замуж не йці.
Я й да хатачкі прыйшла,
Я й парадачак найшла:
Татулька піва варыць
Да к майму вяселлейку,
Матулька хлябы пякець
Да к майму вяселлейку,
Брацетка каня строіць
Да к майму вяселлейку,
Сястрыца дары кроіць
Да к майму вяселлейку.

470. Себежские песни, с. 25, № 28. Зап. у Себежскім р. ад Н. Ф. Картэнка.

Зялёненькі вінаград урадзіўся на пагляд.
— Зялёненькі вінаград, да дзе цябе садзіці?
— Дзе хочаце, садзіце, толькі мяне паліце.
Не палівайце вадою, да палівайце сытою:
Ад вадзіцы зелянею, ад сыціцы крамянею.
— Маладая Зіначка, да дзе цябе садзіці:
Ці ў татухны на стале, ці ў свёкаркі на куце?
— Дзе хочаце, садзіце, толькі мяне дарыце:
Ці золатам, ці серабром, ці беленькім палатном,
Ці беленькім палатном, ці Колечкам маладым.

471. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 183, л. 9. Зап. Бяльковіч і Лацкевіч у 1889 г. у Вітулічанскай вол. Барысаўскага п.

Мяне замуж давалі, божа мой, [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]
Чатыры скрыпачкі гралі,
Пятая жалеечка,
Я ж была паненачка,
Шостая фіялачка,
Я ж была шляхцяначка,
Сёмыя цымбалы білі,
Мяне замуж падманілі,
Конікаў залажылі,
На павозку усадзілі,
Прывязлі к свёкру на двор,
Ссадзілі з павозкі далоў,
Міленькі пад пашку вядзець,
Свякроўка гарэлку даець,
Хатачку адчыняець:
— Ідзі, мая нявехначка,
Ідзі, маё дзіцятка,
Вяселле адгулялі,
Работку загадалі.
Лепш дзевачкай хадзіць,
Чым работку рабіць.

472. Бессонов, с. 40, № 74.

Братавая золвы на ноч просіць, ту-ту-ту. ["Ту-ту-ту" паўтараецца пасля кожнага радка.]
— Мая залвіца, мая сястрыца,
Прыйдзі ка мне ноч начаваці,
Да цябе ў мяне ніхто не ўкрадзе:
Да ў мяне клетка з перакляткамі,
Ў мяне завесы шаўковыя,
Ў мяне падушкі пуховыя,
Ў мяне пасцелька мякка, бяленька.
Сяей ночы апоўначы
Ды прыязджаюць тры двараніны,
Тры двараніны нежанатыя:
Адзін дваранін клетку адчыніў,
Другі завесы падняў,
Трэці дваранін мяне, маладу, ўзяў.
Ніхто таго не чуў, не бачыў,
Толькі чула неба да зямля,
Толькі бачыла чужа старана.
Не ёсць мая братавая,
Да ёсць мая здрадніца:
Здрадзіла мяне, маладзенькую,
З руцьвянога вянца,
З дзявоцкага стаўца.

473. Гілевіч, 1974, с. 168. Зап. Г. Агалакава ў в. Замошша Барысаўскага р. ад Е. Ржавуцкай, 1912 г. н.

А сягоння ў нас Купаллейка,
Каліна. ["Каліна" паўтараецца пасля кожнага радка.]
Ой, купаліся тры сястрыцы.
Пакупаўшыся, на бераг выйшлі,
На бераг выйшлі, гаварылі:
— А мы жылі, як лябёдачкі,
Раскаціліся, як ягодачкі.
Кароўкі нашы развядзёныя,
Куфэркі нашы развязёныя,
А мы, сястрыцы, разабраныя.
А сягоння ў нас Купаллейка,
Ой, купаліся тры ятровачкі.
Пакупаўшыся, на бераг выйшлі,
На бераг выйшлі, гаварылі:
— А мы жылі, як ягодачкі,
А сышліся, як лябёдачкі.
Кароўкі нашы ўсе звядзёныя,
Куфэркі нашы ўсе звязёныя,
Мы, ятровачкі, ўсе сабраныя.

474. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 20, л. 11. Зап. у 1888 г. у Вілейскім п. Пятроўка.

Божа наш! А ель мая зялёная, божа наш, [Прыпеў "Божа наш" паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнага радка.]
Свякроўка мая шалёная
Загадала работку рабіць,
Работу рабіць, адзежку мачыць,
У суботку мачыць, у нядзельку жлукціць,
У нядзельку жлукціць, сярод мора праць,
Сярод мора праць, верх лесу сушыць,
Верх лесу сушыць, па небу каціць,
Па небу каціць, у арэшак злажыць.
— Свякроўка-матка, я не татарка,
Я не татарка ў суботку мачыць,
Я не жыдоўка ў нядзельку жлукціць,
Я не вутачка сярод мора праць,
Я не птушачка верх лесу сушыць,
Я не зорачка па небу каціць,
Я не шчурачка ў арэшак злажыць.

475. АІМЭФ, ф. 20, воп. 74, ст. 65, № 16. Зап. Г. Таўлай у 1974 г. у в. Дакудава Крупскага р. ад А. Моніч, 1906 г. н.

Ту-ту! Што ў мяне была за свякровачка, ля-лё. ["Ту-ту!" паўтараецца ў пачатку, "ля-лё" – у канцы кожнага радка.]
Што ў яе была за натурачка —
Сама ўстане а ранюсенька,
Мяне накрые цяплюсенька:
— Спі, дзіця маё, спі, нявестачка,
Пакуль на небе сонца ўзыдзе,
Пакуль на небе сонца ўзыдзе,
Пакуль на зямлі раса абвее.

476. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 117, сш. 5, л. 96. Зап. Г. Барташэвіч у 1976 г. у в. Зялёнка Полацкага р. ад В. М. Марыненка і інш.

— Купала, Купала, дзе ж ты прабывала? [Кожны радок паўтараецца.]
— На рынку бывала, таргі таргавала.
Таргі таргавала — свякроўку прадавала.
Свякроўку прадавала, мамку пакупала.
Таргі не сышліся — свякроў не прадала.
Свякроў не прадала, мамку не купіла.
Нету такіх лавак, каб куплялі мамак.

477. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 325, л. 8. Зап. у Слуцкім п. ад Л. Сакалоўскай.

Паару я поле ўсё чорнымі валамі,
Пасею я поле ўсё рыжымі камянямі,
Памашчу я масты ўсё бітымі талерамі,
Засцялю я лугі тонкімі кужалямі.
Не ззяй, не ззяй, маё поле, ўсё рыжым золатам,
Не звініце, масты, бітымі талерамі,
Не бялейце, мае лугі, ўсё тонкімі кужалямі.
Каб я знала, каб я ведала,
Што мае дзверы сюдою іцімуць,
Памасціла бы масты густою жасцярынаю
I заслала бы лугі жыжкаю крапіваю.

478. Гілевіч, 1974, с. 194—195. Зап. Л. Баран і Л. Вайцялёнак у в. Ілля Вілейскага р. ад П. Вайцяшонак, 72 г.

Пятрова ночка невялічка,
Я ж, маладзенька, не ведала,
Было летка ці не было.
Мамка на вулку не пускала,
Нову святліцу замыкала.
Як адчыню ж я ваконачка,
Кіну-гляну на вуліцу:
Ці ўсе вулачкі памяцёны?
Усе вулачкі памяцёны,
А пад яворам не мецена.
А там мой мілы з торгам стаіць,
Таму-сяму таргуючы,
А мне, маладзе, даруючы.

479. АІМЭФ, ф. 2, воп. 14, ст. 21, № 24. Зап. Г. Таўлай у 1976 г. у в. Трылесін Бялыніцкага р. ад Г. Палоннікавай, 1907 г. н., і Т. Зорачкінай, 1907 г. н.

А ўжо Купала мінуецца, мінуецца, [Другая частка кожнага радка паўтараецца.]
Не гуляць дзеўкам на вуліцы,
А гуляць дзеўкам з сярпочкамі,
Са ржанымі й снапочкамі.

480. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 82, сш. 1, л. 47. Зап. Г. Барташэвіч у 1963 г. у в. Лоск Маладзечанскага р. ад К. О. Скапец, 75 г.

Кукуй, зязюлька, да Яна,
Ужо па Яне не будзеш.
Цяпер ночка малая,
А як ночка прыбудзе,
Кукаваць зязюлька не будзе:
Паляціць зязюлька ў лясок,
Сядзе зязюлька на сучок,
Выплыве ячны каласок,
Займе зязюльцы галасок.

481. Можейко, 1983, с. 87. Зап. у 1970 г. у в. Выганішча Івацэвіцкага р.

Ой, кудраў, кудраў ляночак
Ад Вялікадня да Пятра.
Прыйдзе да цябе Пятроў дзень —
Палавіна цвету ападзе,
Палавіна цвету ападзе,
Больш галовачак прыбудзе.
Ой, красна панна Настачка,
Бо яна ў свайго баценька.
Як пойдзе яна к чужому —
Палавіна красы адбудзе,
Палавіна красы адбудзе,
Болей розуму прыбудзе.

482. Захарава, с. 92. Зап. А. Карасёва ў 1969 г. у в. Бабровічы Івацэвіцкага р. ад В. Пінчук, 1921 г. н.

Ой, Пятро Іллю кліча: [Кожны радок паўтараецца.]
— Ой, Ілліца-сястрыца,
Да хадзі ж пагуляем.
— Да гуляй, Пятро, гуляй,
Як табе гуляецца,
Ў мяне ўсе жэнчыкі у полі,
Усе касары на балоце,
Усе людзі на рабоце.

483. Довнар-Запольский, с. 58. Зап. у в. Краглевічы Целяханскай вол.

Да не будзе лецечка
Да ніводнага дзянёчка,
Да не будзе ягадак
Ніводнае ягадкі,
Да не будзе дзевачак
Да ніводнае дзеванькі:
Ягадкі з расы падуць,
Дзевачкі замуж пайдуць.

484. Малевич, с. 30, № 5. Зап. у в. Альхоўка Слуцкага п.

Ой, рана-рана, на Яна Купала
На вулачку сонейка дзевачак збірала,
Ў ручкі сярпочкі давала:
— Да годзе, дзевачкі, гуляці,
Да йдзіце ў поле жыта жаці.
Роўнае поле, роўнае,
Зародзіць бог жыта буйнае,
А ярую пшаніцу да на ніве,
Да збірайся, родзе, ўвесь ка мне.

485. АІМЭФ, ф. 8, воп. 78, спр. 156, сш. 1, л. 17. Зап. А. Ліс і П. Каруза у 1978 г. у в. Астраўцы Іўеўскага р. ад Яўгеніі Чэрнік, 1909 г. н.

Сонейка, Пятрова ночка суборначка, сонейка.
Сонейка, сабрала дзевак да на вулачку, сонейка.
Сонейка, пасадзіла да на тыночку, сонейка.
Сонейка, выправіла ў бор жыта жаць, сонейка.
Сонейка, на бару ўсё жыта пажата, сонейка.
Сонейка, на лузе сена пасянована, сонейка.

Сенакосныя, або касецкія:

486. Раговіч. Вянок беларускіх народных песень. Мн., 1988, с. 68.

Ветрычак вее, сонейка грэе,
Люлі, люлі, сонейка грэе.

А мой міленькі касіць не ўмее,
Люлі, люлі, касіць не ўмее.

Узяў касіцу, пайшоў касіці,
Люлі, люлі, пайшоў касіці.

А мне, маладзе, абед варыці,
Люлі, люлі, абед варыці.

Абед гатую, бяду бядую,
Люлі, люлі, бяду бядую.

Каб мой абедзік хаця зварыўся,
Люлі, люлі, хаця зварыўся.

Каб мой міленькі не знаравіўся,
Люлі, люлі, не знаравіўся.

Ой, як згатую, панясу есці,
Люлі, люлі, панясу есці.

Скасіў міленькі, што недзе сесці,
Люлі, люлі, што недзе сесці.

487. Булгаковский, с. 51. Зап. на Піншчыне.

Зажурылася малада ўдованька,
Што не кошана зялёна дуброванька.
— Не журыся, малада ўдовачка,
Будзе скошана зялёна дубровачка.
Будзем наймаці касары маладыя,
Будзем плаціці па чатыры златыя.
— Касары косяць — ветрык павявае,
Маё сенца ад сонца пасыхае.

488. Гілевіч, 1973, с. 49. Зап. у в. Альсневічы Мядзельскага р. ад Лёні Хілы.

А ў лузе касец косіць,
А ў лузе касец косіць
Ды, прылёгшы, галосіць.
— А чаго, касец, плачаш,
А чаго, касец, плачаш,
А ці твая каса тупа?
Ці твая каса тупа,
Ці твая каса тупа,
Ці твая жана скупа?
— А мая каса востра,
А мая каса востра,
А мая жана жостра.
Прынясла палуднаваць,
Прынясла палуднаваць
У маленькім адлівачку,
I хлеба скарыначку,
Цыбулькі быліначку,
Цыбулькі быліначку
I солі драбіначку.

489. Шырма, 3, с. 173, № 111. Зап. У. Урбановіч у 1946 г. у Іўеўскім р. як зажынкавую.

На лугу касцы косяць,
Косяць, косяць ды мыляюцца,
На мяне ўглядаюцца,
Што я тонка, высока,
Што я бела, румяна,
Хораша ўбрана,
На лугі я паслана.

Жніўныя:

490. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 44, сш. 1, л. 16. Зап. К. Кабашнікаў у 1971 г. у в. Груздава Пастаўскага р. ад Я. Альфер. Зажынкавая.

Зарадзі, божа, жыта
Да на прышлае лета
Каласом каласіста,
Каранём караніста,
Каб у трубы павілося,
А нам жаць не далося.

491. Романов, 8, с. 241. Зап. у Быхаўскім п.

Каму сёлета жыта зажынаці?
Зажынаці жыта Іванісе:
Яе ніўка радлівая,
Яе ручка шчаслівая!

492. Дембовецкий, с. 538, № 3. Зап. у Гомельскім п.

— Добры дзень госпаду богу,
Жыту ядраному,
Хадзяіну палявому!
— Здароў, здароў, жнеі маладыя,
Сярпы залатыя!

493. Шейн. Бел. песни, с. 190. Зап. у м. Чашнікі ад Каткевічоўны.

Ай, дабранач!
Шырокае поле,
Жыта ядраное,
Ай, дабранач!
На здароўе,
Жнейкі маладыя,
На здароўе!
Прыхадзіце
Заўтра раненька,
Як сонейка ўзойдзіць,
Прыхадзіце!
Прынасіце
Адзін гаршчок кашы,
А другой сараквашы,
Прынасіце!
Вы сажніце
Шырокае поле,
Жыта ядраное,
Да сажніце!
Пастаўляйце
У полі капамі,
А ў лузе стагамі,
Пастаўляйце!
А мы зжалі
I поле пажалі,
I пастаўлялі
У полі копамі,
У полі копамі,
А ў гумне стогамі
Пастаўлялі.

494. Гілевіч, 1974, с. 199. Зап. С. Сяховіч у в. Шавярнічы Бярэзінскага р. ад Кацярыны Калясень.

У полі жыта палавее,
У багатага душа млее,
Што ў засеку жыта тлее.
А ў беднага радуецца,
А ў беднага радуецца,
Што новы хлеб гатуецца,
Што з багатым зраўнуецца.

495. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 4, сш. 1, л. 11. Зап. Я. Бартко ў 1962 г. у в. Петрашы Дзятлаўскага р. ад моладзі.

Ой, не ляжы, ветру, ў полі,
Паміж горачак ў разоры,
Да ўстань, ветру, памаленьку,
Павей, ветрык, паціхеньку,
Развей хмарачку цямненьку —
Маю тугу цяжаленьку.
Каб я, малада, жыта жала
I сярэдзіну сваю не зажала.
Панічыку, а панічыку,
Пусці мяне дадоміку,
У мяне дома дзетак многа:
Што куточак — то сыночак,
На покуці дзевяць дочак.

496. Гілевіч, 1974, с. 268. Зап. М. Давідовіч у в. Кабылянкі Бабруйскага р. ад Ксені Давідовіч.

Палуднічкі загудзелі,
Палуднаваць захацелі.
— Хоць гудзіце, не гудзіце,
Палуднаваць не будзеце:
Шчэ постаці не пражалі,
Капы снапоў не звязалі.

497. Federowski, 5, с. 741, № 1769. Зап. у в. Навасады Ваўкавыскага п. ад Настулі Новік.

Ой, гудкі гудуць да гудуць,
А ўсе людкі палуднуюць.
— Вы гудзеце не гудзеце,
Мы палуднаць не будзема,
Бо наш пан жа ж вельмі злосны,
Наш палудзень будзе позны.

498. Шейн. Бел. песни, с. 185, № 299. Зап. М. Нікіфароўскі ў Суражскім п.

Маладзіца маладая
У шчырым бару жыта жала,
Мала дзіця калыхала.
А прыйшло к ёй да тры ваўкі,
Да тры шэрыя.
Адзін-кажыць: "Пазыбаю".
Другі кажыць: "Пазабаўлю".
Трэці кажыць: "Пацалую".
Цалавалі, мілавалі —
I мала дзіця разарвалі.
Стала яна тужыць, плакаць,
Белы рукі ламаючы,
Дробныя слёзы раняючы.

499. Шырма, 3, с. 189, № 127. Зап. у 1937 г. у с. Замошша Пастаўскага п. ад У. Шаблыка і ў в. Дразды Вілейскага п.

Ой, я ў бары жыта жала,
А мне дома бяда стала:
Узлезла свякроўка на тын глядзець,
Ці скора нявестка жнець.
Павей, ветрык, каля тыну,
Скінь свякроўку у крапіву.
Звалілася свякроў з тыну,
Стоць галавой у крапіву!
Сабе шыі не зламала,
Мне крапіўку патаптала.
Не жаль жа мне свякровачкі,
Ды жаль жа мне крапівачкі:
Крапівачка — яда мая,
Свякровачка — журба мая.

500. АІМЭФ, ф. 13, воп. 8, спр. 2, сш. 23, л. 2. Зап. У. Мацкевіч у 1948 г. у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р.

Ой, у полі бярэзінка,
Баліць мая сярэдзінка,
Ды некаму спагадаці,
Сярэдзінку патаптаці.
А дай жа, божа, кугакала,
Каб пад снапком заплакала,
А я б пашла скалыхнула,
Сярэдзінка б аддыхнула.

501. Сахараў, 1, с. 39. Зап. Б. Юрэвіч у 1929 г. у м. Ляўдэры Лудзенскага п. ад Елізаветы Прынц.

Ужо сонейка — не раненька,
Іду дамойкі радзенька —
На цёплую вячэру,
На мяккую пасцелю.
Маё жыта рэдзенька,
Баліць мая сярэдзінка.
Мая матка дагадліва —
Выцепліла лазеньку.
Ды выцепліўшы лазеньку,
Наламала бярэзнічку,
Наламаўшы бярэзнічку,
Папарыла сярэдзінку.
Сярэдзінка памягчэла,
Маё жыцейка пагусцела.

502. Сахараў, 1, с. 45, № 98. Зап. С. Іянічонак у 1930 г. у в. Адамава Лудзенскага п. ад сваёй маці.

Нанясі, божа, аблачынку!
На тры дні адпачынку:
Адзін дзень — малоць, талоч,
А другі дзень — ваду насіць,
А трэці дзень — дзяжу мясіць!

503. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 41, сш. 3, л. 1. Зап. Г. Барташэвіч і К. Кузняцова ў 1958 г. у в. Сорагі Слуцкага р. ад Н. Забелы, 1893 г. н.

Перажані, божа, хмаркі,
А-эй, перажані, божа, хмаркі
На чужую староначку,
Дзе пажалі, пакасілі
Да снапочкі павазілі.
У нас не жата, не пажана,
А-эй, у нас не жата, не пажана
Да ў гуменца не звожана.

504. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 93а, л. 181. Зап. М. П. Гваздзёў у 1960 г. у в. Азершчына Рэчыцкага р. ад Т. Лапацінай, 1891 г. н.

Ой, жніце, небажата,
Ужо постаці небагата,
Ды дажнёмся да дуба,
Да палуднаваць будзем,
Да дажнёмся да хвоі,
Наядзімся даволі,
А дажнёмся да крыніцы,
Дык нап'ёмся вадзіцы.

505. Е. П., с. 10, № 2. Зап. у Быхаўскім п.

Жну я, пажынаю,
На сонейка пазіраю:
Ці высока сонейка,
Ці далёка ойчанька.
Ой, высока сонейка!
Ой, далёка ойчанька!

506. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 4, сш. 1, л. 19. Зап. В. Гусціновіч у 1956 г. у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р. ад А. Гарбацэвіч, 1895 г. н.

Ой, жыта жну, пажынаю,
На дарожаньку пазіраю,
Да ці скора маці ісціме,
Мне абедаць нясціме?
Нясе хлеба булачку
I мядочку ў кубачку.
Я жыта жну, пажынаю,
На дарожаньку пазіраю,
Да ці скора свякроў ісціме?
Нясе хлеба скарыначку,
I вадзіцы ў чарапочку.

507. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 8, л. 79. Зап. А. Емяльянаў у 1968 г. у в. Грабёл Расонскага р. ад А. Бутравай, 1910 г. н.

Глядзіць, глядзіць маё вочка
Беражочак недалёчка,
А на гэтым беражочку
Стаіць прыганяты,
Здаровы, чубаты.
Судзі, божа, мне дажаць,
Бо ён скуру можа зняць.

508. Шырма, 3, с. 179, № 117. Зап. Урбановіч у 1946 г. у Морынскім с/с Іўеўскага р. як дажынкавую.

— Сонейка, сонейка,
Ці бывала ты ў найме?
Ці бывала ты ў найме,
Ці спагадаеш ты мне?
Каб ты ў найме пабывала,
Ты ж бы мне спагадала:
Позненька ўзыходзіла,
Раненька заходзіла!

— Малада малоданька,
Не дзіві ты на сонейка,
Не дзіві ты на сонейка,
Ды дзіві ты на пана:
Я й раненька ўзыйду —
Цябе ў полі знайду,
Я й позненька зайду —
Цябе ў полі пакіну!

509. Гарэцкі, Ягораў, с. 104. Зап. у 20-я гады ў Мсціслаўскім р.

Нуце жаць, не ляжаць!
Ай, мелася гаспадыня
Нам вячэраць даць:
Наварыла гаршчок кашы
I нам не дала...
Паставіла на прыпечку —
Муха разліла.
Багдай цябе, мая мушачка,
Пераламіла!
Як ты маіх маладых жнеек
А ўгаладзіла.

510. Радченко, 1888, с. 57.

Баліць мая сярэдзінка,
Што жыта маё рэдзенька.
Сярэдзінка не гнецца,
Постаць мая валачэцца.
Няма маёй маці
Мне постаці падагнаці,
Няма маёй сястрыцы,
Маёй большай памочніцы.
Сястрыца б постаць падагнала,
А я трохі пастаяла
Да й варон пастраляла.

511. Federowski, 5, с. 757. Зап. у в. Студзераўшчына Слонімскага п.

Няхай вечар бардзей будзе,
Майму сэрцу лягчэй будзе.
Мой міленькі з таргу едзе,
Мне, маладой, гасцінец вязе —
Пярсцёначак залаценькі.
А вяночак руцвяненькі.
У пярсцёначку жыта жаці,
А ў вяночку красаваці.

512. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 17, сш. 3, л. 31. Зап. А. Ліс у 1970 г. у в. Фядоры Столінскага р. ад Дар'і Туцкай, 1906 г. н.

Ой, жала я, не ляжала,
Тры снапочкі нажала,
А хто за мною снапка звяжа,
Той са мною спацькі ляжа.
Снапка звяжа цяснюсенька,
Ляжа спаці шчылюсенька,
Снапка звяжа да й падыме,
Спаці ляжа да й абдыме,
Снапка звяжа, памацуе,
Ляжа спаці, пацалуе.

513. Шлюбскі, с. 155, № 230. Зап. у 1915 г. у в. Арлоўка Полацкага п.

Надаела жаркота-пякота,
Цяжкая работа,
Дзень да вечара ў полі стаяла,
Калоссем махала,
Пад дом паглядала.
Надаела жаркота-пякота.

514. Материалы по этнографии Гродненской губ., вып. 1, с. 159. Зап. М. Рамановіч у в. Парэчча Слонімскага п.

За бор сонца, за бор,
Да за гай зялёненькі,
Да за сад вішнёвенькі.
Няхай сонца ніжэй будзе,
Няхай вечар бліжэй будзе,
Майму сэрцу лягчэй будзе.

515. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 80, сш. 5, л. 37. Зап. К. Кузняцова ў 1963 г. у в. Лохаўшчына Маладзечанскага р. ад Ефрасінні Сімановіч, 1913 г. н.

Ужо вечар вечарэе,
Наш пан весялее,
На коніку паязджае,
Сваіх жнеек паганяе:
— Жніце, жнейкі, не стаіце,
Самі сябе не пазніце,
Майго каня не марыце,
Майго каня варанога,
Мяне, пана маладога.
Пара каню да стаінькі,
Мне, панічу, да паненкі,
Пара каню авёс есці,
Мне, панічу, ў крэсла сесці.

516. АГТ, р. 53, воп. 1, клц. 110, л. 2. Зап. на Барысаўшчыне.

Наш пан маладзенькі,
Пад ім конік вараненькі,
Па полю паязджае,
Сваіх жнеек прыганяе:
— Жніце, жніце, мае жнейкі,
Прынясу вам гарэлкі,
Буду ў рад усіх садзіці,
Гарэлачкай паіці.
— Мы б гарэлкі не хацелі,
Лепей дамоў паляцелі.
У нас дамы далёкія:
Сем міль борам ісці,
А дзевятую Дунаем плысці.
А я Дунай пераплыву
Белаю лябёдкаю,
А я бор пералячу
Сіваю зязюлькаю,
У свёкра на дварэ
Стану малодкаю.

517. Гілевіч, 1974, с. 270. Зап. Н. Гамелька ў в. Воўкавічы Талачынскага р. ад Кацярыны Гамелька.

Наш гаспадар маладзенькі,
Пад ім конік вараненькі.
Ён усё поле аб'язджаіць,
Сваіх жнеек аглядаіць:
Ці ўсе яго ў полі жнеі,
Ці ўсе звязаны іх жмені?
Ці ўся яго талочанька,
Ці зжата ўся валочанька?

518. АІМЭФ, ф. 13, воп. 5, спр. 6, сш. 1, л. 28. Зап. Н. Русаковіч у 50-я гады ў в. Скарынічы Мінскага р. ад Ганны Станішэўскай.

Да ўжо вечар вечарэе,
Мая маці вячэрае,
Яна вячэру падавае,
Дзіця сваё ўспамінае:
— Дзіця маё маладое,
Ды й горкая твая доля,
Маладое заручона,
На рабоце замучона.
Ідзе ў поле — світаецца.
Ідзе дамоў — змяркаецца.

519. Карский // РФВ, 1885, т. 13, с. 274. Зап. у с. Бярозавец Навагрудскага п.

Панічыку-кароліку!
Пусці мяне да доміку:
У мяне дома сын маленькі,
У мяне дома муж маладзенькі.
Трэба сына накарміці,
Трэба мужа прысыпіці.

520. ЦДАЛМ, ф. 1429, воп. 1, спр. 9, л. 91. Зап. А. Валевіч у 1936 г. у в. Жукавец Бярэзінскага р. ад Арыны Ермачок, 1881 г. н.

Ой, дзевачкі-лябёдачкі,
Пойдзем разам дамовачкі
З гэтай нівы-няволечкі,
З гэтай нівы-няволечкі,
Нам няволя надаела,
Сярэдзінка набалела,
Нам няволя здакучыла,
Сярэдзінку намучыла,
Нам няволя горка стала,
А сярэдзінка калом стала.

521. Шлюбскі, с. 151, № 217. Зап. у 1921 г. у в. Барсукі Віцебскага п.

А жоначкі-лябёдачкі!
Ай, пойдзем мы дамовачкі.
А нас дамоў не пускаюць,
За постаці заганяюць.
Нашы дамы далёкія,
А постаці шырокія,
А сем міль барамі йсці,
А восьмую дарогай,
Дзевятую дубравай,
А дзесятую — татульку
На вячэру.

522. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 35, сш. 1, л. 31. Зап. М. Шушкевіч у 1970 г. у в. Альгіняны Астравецкага р. ад АльжбетыСыс, 1893 г. н., і Анелі Валэйка, 1899 г. н.

Ой, не рана,
Пане камісару,
Пусці нас дадому,
Ой, не рана.
Да ўжо нашы ручкі
Досі намахаліся,
Да ўжо нашы прыставы
Досі набрахаліся,
Ой, не рана.

523. Гильтебрандт, с. 122, № 123. Зап. I. Катовіч у с. Косічы Брэсцкага п.

Бадай пану ў двары страшна,
Як нам ў полі сонца зашла.
Сонца зашло — мы шчэ жнемы,
Пры месяцы снапы носімо,
Пры зораньках копы кладземо,
Апоўначы дадому ідземы,
На світанні вечэраемо,
У дзень белы знову ідземы.
Бадай пана не схавалі,
Каб сабакі разарвалі,
Пахавалі пры даліне,
Каб па яму ваўкі вылі.
Бадай пана громы ўбілі,
Як мы ручкі патамілі.

524. Federowski, 5, с. 741, № 1771. Зап. у в. Навасады Ваўкавыскага п. ад Настулі Новік.

Ой, час-пара дадоманьку,
Упала раса на пожненьку,
Старым бабам ручкі крэпнуць,
Малоданькам дзеткі плачуць,
А дзевачкам вянкі вянуць.

525. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 54, сш. 4, л. 21. Зап. А. Ліс у 1960 г. у в. Вётхава Смаргонскага р. ад Алены Ліс, 1907 г. н.

Пара дамоў, пара,
Халодная раса пала,
Халодная раса пала,
Нам дамоў пара стала.
— Ой, чуйце, дома, чуйце,
Нам вячэрку гатуйце.
На вячэрку рыбку з перцам,
Легчы спаць пад акенцам,
Легчы спаць пад акенцам,
Эй, з маладым кавалерцам,
Эй, з маладым кавалерцам,
Эй, да на белай пасцельцы.

526. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 44 адв. Зап.Я. і А.Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

Да раўнуйце постаці,
Бо ўжо пара дадому йсці,
На постаці раса пала,
На коласе і другая,
На постаці лядовая,
На коласе мядовая,
На постаці валы з'ядуць,
На коласе паны сап'юць,
Валы з'ядуць рагатыя,
Паны сап'юць багатыя,
Валы з'ядуць — араць будуць,
Паны сап'юць — гуляць будуць.

527. Карский // РФВ, т. 21, с. 255. Зап. Я. Карскі ў 80-я гады XIX ст. у в. Навасёлкі-Затрокскія Віленска-Трокскага п.

Да ўжо слонійка за лес коціцца,
Мне, малодзенькай, дамоў хочацца:
Да ўжо ручанькі нарабіліся,
Да ўжо ножанькі нахадзіліся,
Да ўжо вочанькі наглядзеліся,
Ужо прыставанька настаялася.
Я прыставаньку да ражжом прайму,
Сама, малада, дамоў пайду.

528. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 40, сш. 55, л. 5. Зап. В. Шніп у пач. 1950-х гадоў у в. Пугачы Радашковіцкага р. ад Язэпа Мацюша.

Ой, пара дамоў, пара.
Ужо й пара мінаецца,
Ужо й пара мінаецца,
Ды наш пан валяецца:
То за пень, то за елку,
То за бабу, то за дзеўку.

529. АІМЭФ, ф. 3, воп. 1, спр. 84, сш. 1, л. 33. Зап. Е.Кійко ў в. Данілавічы Дзятлаўскага р. ад З. Сёмуха, 1879 г. н.

Ой, час, пара дадоманьку,
Па постаці раса ўпала.
Па постаці лядовая,
Па коласі мядовая,
Лядовую валы з'ядуць.
Мядовую дзеўкі сап'юць.
Валы з'ядуць — гараць будуць,
Дзеўкі сап'юць — гуляць будуць.

530. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 28, сш. 2, л. 3. Зап. Л. Фёдараў у 1964 г. у в. Петракі Гарадоцкага р. ад Станіславы Якубяловіч, 1908 г. н.

А на дварэ не раненька, [Першы радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.]
Пала раса сцюдзёная.

Пала раса сцюдзёная,
А другая — мядовая.

Я сцюдзёнай расой пайду —
Мае ножанькі зябнуць,

А мядовай расой пайду —
Мае вуснанькі ліпнуць.

531. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 8, л. 418. Зап. А. М. Шыманоўскі ў 1898 г. Рукап. "Мінская губерня і яе народная творчасць".

Да пара дамоў, пара,
Пагубіла ключы зара.
Сонца ўзышло, ключы знайшло.
— Сонейка маё яснае,
Трэба неба адамкнуць,
Поле расой апусціці,
Жнейкі дамоў адпусціці,
Бо іх хаткі халодны,
Бо іх дзеткі галодны.
Трэба ў печы падпаліці,
Трэба кашы наварыці,
Трэба дзеткі накарміці.

532. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 47, сш. 4, л. 23. Зап. М. Грынблат у в. Грудзінава Сіроцінскага р. ад Кацярыны Шаўцовай.

Ой, пара й, пара да двара. [Кожны радок паўтараецца двойчы.]
Цёмная ночанька абняла,
Цёмная ночанька й не відна,
Шырока дарожка й грудліва.
Вараны конічак спадбіўся,
Малады Іванька спазніўся.

533. Карский // РФВ, 1885, т. 13, с. 274. Зап. у с. Бярозавец Навагрудскага п.

Закаціся, сонейко,
Да за бор борздзенько,
Да за бор зеляненькі,
Да за сад вішнёвенькі,
За высокае небо,
За зялёнае дрэва.
Будзем дрэва сеч-рубаці,
Будзем царкву будаваці.

534. Шырма, 3, с. 160. Зап. у 1945 г. у в. Дуброва Маладзечанскага р. ад Сяргея Мацяральніка.

Ой, пара нам дамоў, пара,
Сцюдзёная раса пала,
Цёмная ночка настала.
А ў нас няма параднічка,
Ні пана, ні ўраднічка.
Некаму рады радзіці,
Нас дамоў адпусціці.
Дадзім пану паўбарана,
Можа, пусце дамоў рана.
Бадай яго з нашым панам:
З'еў нашага паўбарана,
З'еў нашага паўбарана,
Бадай пана разарвала,
Бадай пана разарвала,
Не пусціў нас дамоў рана.
Вяліць прыйсці світаючы,
А пушчае змяркаючы.

535. Можейко, 1983, с. 94. Зап. у в. Тонеж Лельчыцкага р. ад Н. Гусак, 1922 г. н.

Ой, чыя то ніва грае,
Маладзенькіх да жанцоў мае?
Ой, жэнчыкі маладзенькія,
У іх серпікі залаценькія.
Ой, жнеце, жанцы, не лянуйцеса,
На сонейка не дзівуйцеса,
Бо соўнейка не рана, не рана,
А ў нас жаці не мала, не мала.
А ўжо сонца над дубком, дубком,
Добра жаць халадком, халадком,
А ўжо сонца над далінкаю,
Добра жаць вечарынкаю.
А ўжо соўнейка да завальваецца,
Нам дадому да заманьваецца.

536. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 68. Зап. Л. Грыгарук у 1958 г. у в. Пасынкі на Беласточчыне ад М. Грыгарук.

А чыя ж то валока [Кожны першы радок страфы паўтараецца двойчы.]
Доўга і шырока?

На ёй жэнчыкі жалі,
Серпікі паламалі.

Серпікі сталёвыя,
Жэнчыкі маладыя.

Паджынайся, нябожа,
Табе бог дапаможа.

Паперадзі віно п'юць,
А ззаду мядзведзі.

Паперадзі лебедзі,
А пазадзі кіём б'юць.

537. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 45. Зап. Л. Салавей у 1965 г. у в. Навасёлкі Мядзельскага р. ад М. Салавей, 1910 г. н.

А пара дамоў, пара,
А пара спарылася,
А пара спарылася,
Вячэрка зварылася.
На вячэрку — цяцерку,
На пасцельку — Мацейку.

538. Романов, 8, с. 251. Зап. А. Сакалоўская ў в. Сініцы Каралёўскай вол. Віцебскага п. ад Дар'і Міхайлавай.

А пара, жонкі, дамоў ісці,
Пагубляла зара ключы,
Каля постаці ідучы,
А з соўнішкам гукаючы,
А з месяцам жартуючы.
А хто тыя ключы знойдзець,
За караля замуж зойдзець!
Мар'ічка ключы знайшла,
За караля замуж зайшла.
Кароль будзець круляваці,
А Мар'ічка панаваці!

539. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 57, сш. 2, л. 2. Зап. К. Кабашнікаў у 1960 г. у в. Пясочнае Капыльскага р. ад Наталлі Мікуль, 1907 г. н.

Эй, сярод балоцейка
Ўсярэдзіне паляначка,
I эй, ўсярэдзіне паляначка,
Там гуляла паненачка,
I эй, згубіла ключы,
Ідучы, з панічамі жартуючы:
— I эй, панічыкі й маладыя,
Дайце ключы залатыя,
I эй, трэба шафы адмыкаці,
Сваіх жнейкаў частаваці.
I эй, жнейкі мае маладыя,
Ў іх сярпочкі залатыя.

540. Шейн. Материалы, с. 253—254, № 280. Зап. Я. Копаць у Слуцкім п.

Сонейка зайшло за бор,
Жэнчыкі дамоў, дамоў!
— Панічыку-кароліку!
Пусці нас дадоміку.
— Калі б да мая воля,
Вы б былі даўно дома,
А то мая няволенька,
Цяжка ваша работанька.

541. Шейн. Бел. песни, с. 186, № 301. Зап. Л. Склярэнка ў в. Дубраўкі Лепельскага п.

Закаціся, сонейка,
Ды за лес, за дуброўку,
За высокую горку.
Мне, маладзе, дамоў іці
Цераз шчырыя бары,
Цераз цёмныя лясы.
У мяне дома не мамухна,
А ліхая свякрованька.
Пасылаіць па вадзіцу
Ў шчыры бор у крыніцу.
Прынясу я вады ночвы:
Залі сабе, свякроў, вочы.

542. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 78, сш. 1, л. 55. Зап. М. Гваздзёў у 1963 г. у в. Валасовічы Лепельскага р. ад Ганны Гарбёнак, 1903 г. н.

А на дварэ вечарэіць,
Клічыць мамка вячэраці.
— Вячэрай, мая мамка,
А я ўжо павячэрала.
Ў цёмным лесе на верасе,
На сінім моры на беразе
Я ела хлеб з вадою,
Горкай калінай праганяла,
Сваю ліхую долю праклінала.
Затонь, мая горкая доля,
У сіняе мора.

543. АІМЭФ, ф. 8, воп. 85, спр. 229а, л. 81. Зап. А. Ліс у в. Старынкі Мядзельскага р. ад Надзеі Каўрус, 1927 г. н.

А на дварэ вечарэіць,
Дома ўжо вячэраюць,
Мая лыжка гуляіць,
Мамачка спамінаіць:
— Дзе мая дачушачка?
Яна ж не вячэрала.
— Вячэрай, мая мамачка,
Я ўжо павячэрала:
Сухама хлеб ела,
Слёзкамі праганяла,
Сваю долю праклінала:
Бадай ты, мая доля,
Да на сіняе мора,
Да на ціхі Дунайчык.
Каб ты, доля, згарэла,
Я бы ручкі пагрэла.

544. Розенфельд, с. 81—82, № 45. Зап. у в. Мятлічына Астрашыцка-Гарадоцкай вол. Мінскага п.

Заплакала малодачка:
— Пара дамоў, пара!
А мне дамоў не хочацца:
У мяне дома чужыначка —
Чужая маці, чужы бацька.
Пашлюць мяне па вадзіцу
У студзёную крыніцу,
Не вады жадаючы,
Ды мяне збываючы.
Свякроўка-матулька,
Ці ж ты мяне датуль не знала?
Нашто мяне, матулька, за сына брала?

545. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 45, л. 12. Зап. Л. Салавей у 1966 г. у в. Агароднікі Валожынскага р. ад А. Салавей, 1895 г. н.

Сонейка-каласочак,
Каціся за лясочак:
Так жа нам прынадаела,
Сярэдзінка забалела,
Ручкі-ножкі панямелі.

546. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 16, л. 16. Зап. Т. Андрушкевіч у 1960 г. у в. Скепня Жлобінскага р. ад Г. Елінскай.

Ой, закаціся, ярка сонейка,
Ды й за лес цёмны, ды й за горачку,
Ды й за лес цёмны, ды й за горачку,
А мне пара ісці дадомачку,
А ў мяне дома ды й ліхі свёкар,
Ды й ліхі свёкар ды й свякрухна.
Ой, стрэнуць мяне на вароцечках,
Ой, пашлюць мяне па вадзіцу.
Ой, пашлюць мяне па вадзіцу,
Ой, у шчыры бор, у крыніцу.
Я ж, маладзенька, шчэ й не снедала,
Шчэ й не снедала й не абедала,
Шчэ й не снедала й не абедала,
А мая родная мамка ды й не ведала.

547. Hryniewič, с. 23, № 20. Зап. у пач. 1900-х гадоў на Дзісеншчыне.

Не пайду дамоў,
Ў полі заначую,
Журбы не пачую,
Не пайду дамоў.
Як я лягу спаць
Ды каля маліны,
Ды каля каліны,
Як я лягу спаць.
Буду праклінаць
Свёкра, свякроўку,
Дзевера, залоўку,
Буду праклінаць:
— Ой, забі, божа,
Свёкра на печы
Качаргой у плечы,
Ой, забі, божа!
Ой, забі, божа,
Свякроў на палаці
Памялом у хаце,
Ой, забі, божа!
У клеці залоўку,
Дурную вятроўку,
Ой, спалі, божа!
Утапі, божа,
Дзевера ў дарозе.

548. Federowski, 5, с. 759. Зап. у в. Студзяроўшчына ад Т. Ляўковіч.

Паслаў мяне свёкар
Да ў бор жыта жаці,
Заказаў мне свёкар
Да сто коп нажаці,
Сорак кароў падаіці,
Трыццаць вепраў накарміці,
Дзяжу хлеба замясіці.
Я, малада, спазнілася
Да дзіцяці забылася.
Прыляцела два лебедзі,
I абодва беленькія,
Браткі мае родненькія.
Узялі яны дзіця маё.
Адзін кажа: "Панясем мы
Гэта ж нашай сястрыцы,
Што на чужой стараніцы,
Кожны яе наб'ецца,
Яе слёзкаў нап'ецца".

549. Косич, с. 26—27. Зап. у 1889 г. у в. Кажамякі Мглінскага п. ад 19-гадовай дзяўчыны.

Не шалохне да буён вецярочак
Па багатаму полю.
Не сохне няродная маці
Па чужому дзіцяці.
Не пытае, ці вяліка дарожка,
Ці баляць ручкі, ножкі,
Ці баліць сярэдзінка,
А яна пытае,
Ці багата нажала,
Колькі коп наклала.
Вее вецярочак па чыстаму полю,
Журыцца родная маці
Па свайму дзіцяці.
Яна не пытае,
Ці багата нажала,
Колькі коп наклала,
А яна пытае,
Ці вяліка дарожка,
Ці баляць ручкі, ножкі,
Ці баліць сярэдзінка.

550. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 9, л. 13—14. Зап. А. Любінскі ў 40—50-я гады XIX ст. у м. Новы Пагост Дзісенскага п.

Да пайду я лужком-беражком,
Калінавым мостам,
Да пайду я,
Да найду я новы дамок,
Няродную матку,
Да найду я.
Нядобрая да новая хатка,
Няродная матка
Нядобрая:
Не пытаіць, да ці баляць ножкі,
Да ці баляць ручкі,
Не пытаіць.
Да пытаіць, ці многа сажала,
Ці многа нажала,
Да пытаіць.
Да пайду я лужком-лужком,
Калінавым мастом,
Да пайду я.
Да найду я да старую хатку
Да родную матку,
Да найду я.
Да добрая старая хатка
I родная матка
Да добрая:
Не пытаіць, ці многа сажала,
Ці многа нажала,
Не пытаіць.
Да пытаіць, да ці баляць ножкі,
Да ці баляць ручкі,
Да пытаіць.

551. Шырма, 3, с. 188, № 126. Зап. у 1937 г. у в. Замошша Пастаўскага п. ад У. Шаблыкі.

Добра жаць— шырокая ніўка,
Вялікая постаць.
Добры вечар, сцюдзёная хатка,
Няродная матка!
Не пытаецца, ці змарылася,
Што спазнілася,
Ды пытаецца, ці доўга пражала,
Ці многа нажала.
Добра гнаць — шырокая ніўка,
Вялікая постаць.
Добры вечар, цёплая хатка,
Родная матка!
Не пытаецца, ці злянілася,
Ці многа нажала,
Ды пытаецца, ці змарылася,
Што спазнілася.

552. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 46, сш. 3, л. 45. Зап. Г. Барташэвіч у 1960 г. у в. Казловічы Слуцкага р. ад Алены Васілевіч, 1896 г. н.

Мяне маці з прыгону жджэ,
Ой, мяне маці з прыгону жджэ,
Вароцечкі прачыняе,
Сваё дзіця дажыдае:
— Недзе маё дзіця ў полі
Пры шырокім загоне,
Пры вялікім прыгоне.
Ой, ідзі ты, дзіця, вячэраці,
Бо я ўжо наварыла.
— Ой, вячэрай, мая мамка,
Бо я ўжо вячэрала,
Да не сухі кусок ела,
Я слёзкаю палівала,
Сваю долю праклінала:
Бадай, доля, ты згарэла,
Каб я свету паглядзела.

553. Романов, 8, с. 256. Зап. Я. Пятроў у в. Болецк Гарадзецкага п.

Як на дворы змяркаецца, [Першы радок кожнай страфы паўтараецца.]
За мной татка пытаецца:

— А дзе ж мая прыгонніца,
Прыгонніца-нявольніца?

— У прыгоні, у няволі,
Прыганяюць, ды не знаюць,
Рана дамоў не пускаюць.

Нашы дамы далёкія,
Пераходы вялікія,

Пераходы вялікія,
Ручаёчкі глыбокія!

Як пайду я па памёці,
Голас пушчу па балоці,

Няхай голас галасуіць,
А мой татка няхай чуіць,

У бяседзі седзючы,
У шкляніцу гледзючы:

— Ідзець мая работніца,
Ідзець мая прыгонніца!

А ў прыгоні прыганяюць,
Рана дамоў не пускаюць.

554. Романов, 1—2, с. 283, № 13. Зап. у в. Аўсішча Сенненскага п.

Мяне мамунька ждала,
Вароцечкі адчыняла:
— Ідзе мая прыгонніца,
Прыгонніца-нявольніца!
Не дзень была — нядзелечку,
Не мёд піла — гарэлачку,
Не ‘тдыхала ні гадзінкі,
Баліць яе серадзінка.

555. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 107, сш. 3, л. 40. Зап. С. Міско ў 1967 г. у в. Сялец Мсціслаўскага р. ад Л. Нупрэевай, 1910 г. н.

Закацілась жарка сонца
За дуброўку.
Баліць мая галованька,
Хачу дворку.
Я не спала, маладзенька,
Не драмала,
Выпусціла сакалочка з рукавочка.
Выпусціла сакалочка,
Не ўлавіла,
Толькі свайго міленькага
Разгнявіла.
Разгнявіўшы міленькага,
Не ўпрасіла:
Ты не пі-ка, мой міленькі,
Гарэлачку,
Не любі, мой міленькі,
Чужых жонак.
Гарэлачка, мой міленькі,—
Без здароўя,
Чужы жонкі, мой міленькі,—
Безгалоўе.

556. Шырма, 1947, с. 42. Зап. у в. Яцкава Валожынскага п. ад Барысіхі.

Пайду я дарогаю,
Пайду я шырокаю,
Пушчу голас дуброваю.
Хто мой голас пачуе,
Той мяне пашкадуе.
Пачула мая мамачка,
У каморцы седзячы,
Праз аконца гледзячы:
— Калі гэта маё дзіця,
Хай яно пагуляе,
Калі гэта нявестачка,
Хай яна прывыкае
Да шырокай постаці,
Да вялікай воласці.
Мая постаць шырокая —
Сівым канём не аб'едзеш,
Мая воласць вялікая —
Белым сырам не адзеліш.
Сівы конь скапыціцца,
Белы сыр пакрышыцца.

557. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 111, сш. 1, л. 3. Зап. А. Ліс у 1967 г. у в. Заполле Бялыніцкага р. ад X. Казловай, 1906 г. н.

Добры вечар, нашай маці, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]
Ці гатова вячэраці?
Ідзець тваё дзіцятачка,
Утаміўшыся, умарыўшыся,
Ядраное жыта жнучы.

558. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 110, сш. 3, л. 6. Зап. Г. Барташэвіч у 1967 г. у в. Заполле Бялыніцкага р. ад Аляксандры Ігнатовіч, 1908 г. н.

Не ўлякайся, мой татачка,
Не ўлякайся,
Што я рана із поля іду,
Што я рана,
На ручачках дзіця нясу,
На ручачках,
За плечыкамі — калыбельку,
За плечыкамі.
— Чыё, донька, дзіця нясеш?
Чыё, донька?
— Суседняе, мой татачка,
Суседняе.
— Чаго, дочка, тваё лічка?
Чаго, дочка?
— Пры мне, татка, раджалася,
Пры мне, татка,
Маё лічыка ўдавалася,
Маё лічыка.

559. Гілевіч, 1974, с. 252. Зап. Я. Грабоўская ў в. Рум Валожынскага р. ад Агаты Грабоўскай, 72 г.

Дзевачка з поля ішла,
За поясам сярпок нясла,
За поясам сярпок нясла,
За плячыма — калысачку,
А на руках — дзіцятачка.
Калысачка — цыргі-цыргі,
Дзіцятачка — кугі-кугі.

560. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 86, сш. 2, л. 10. Зап. А. Ліс у 1964 г. у в. Вышадкі Гарадоцкага р. ад М. Барысавай.

Поле маё, поле маё вялікае і вясёлае, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]
Вялікае і вясёлае, й прыгожае й прывольнае.
Па полю іду, па полю іду — весялюся,
Па полю іду, па полю іду — красуюся,
Дамоў прыйду, дамоў прыйду — не шчуюся.

561. Federowski, 5, с. 751, № 1806. Зап. у в. Малыя Азеркі Ваўкавыскага п.

Да месяцу яснюсенькі,
Асвяці нам дарожаньку,
Кудою йсці дадоманьку.
Каля саду-вінаграду
Да к войчаньку на параду,
Каля саду вішнёвага
Да войчанька радзонага.
Парадзь, парадзь мне, войчанька:
Як мне зіму зімаваці?
Як мне лета летаваці?

562. Грыневіч, с. 14, № 13. Зап. на Дзісеншчыне.

Перапёлка! Трысцяно гняздзечка,
Залато яечка. Перапёлка!
Перапёлка! Не вій ты гняздзечка
Блізка пры дарожцы. Перапёлка!
Перапёлка! Пастушкі пагонюць,
Гняздзечка распоруць. Перапёлка!
Перапёлка! Гняздзечка распоруць,
Яечкі пабяруць. Перапёлка!
Перапёлка! А завій ты гняздзечка
На зялёным дубе. Перапёлка!
Перапёлка! Вецярок павеіць,
Дзетак пакалышыць. Перапёлка!
Ой, дзеванька! Не вій ты вяночка,
Восень недалёчка. Ой, дзеванька!
Ой, дзеванька! Сваточкі прыедуць,
Цябе з сабою возьмуць. Перапёлка!

563. Шейн. Бел. песни, с. 443, № 281. Зап. Е. Катырло ў в. Апанасковічы Лепельскага п.

Цераз гай зялёненькі
Бяжыць конь вароненькі,
А за ім ў пагоню гоніць
Іванька маладзенькі.
А дзевачка ваду брала,
На коніка паглядала.
— А дзевачка-ягадачка!
Пераймі майго каня варанога,
Мяне, князя маладога.
— Іванічка, душа мая!
А ці я ў бору расла?
А ці я ў мяжы цвіла?
Да я расла ў татулечкі,
Кахалася ў мамулечкі.
Я ў мамулечкі кахалася,
А табе, Іванічка, дасталася.

564. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 534, л. 3. Зап. у в. Дзяніскавічы Навазыбкаўскага п. Жніўная.

Да чые то коні ў чысценькім полі
Шоўкам да папутаны, золатам пагнузданы?
Да Іванавы коні да ў чысценькім полі,
Шоўкам папутаны, золатам да пагнузданы.
— А ты, дзевачка-пані, пераймі маіх коней,
Пераняўшы, распутай, распутаўшы, разгнуздай,
Шоўк табе да ў косачку, золата на галоўку.
— А ты, Іваначка-пан, пан, пераймі каня сам, сам,
Пераняўшы, распутай, распутаўшы, разгнуздай,
Шоўк табе да на паясочак, золата на брылёчак.

565. ІРЛІ, ф. 40, спр. 1, л. 176. Зап. М. Зубаў у 1960 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п.

Закацілась жарка сонца за дуброву,
Люлі, люлі, люлюшанькі, за дуброву,
Баліць мая галовачка — хоча двору.
Я не спала, маладзёшанька, не драмала,
Я ўпусціла сакалочка з рукавочка,
Люлі, люлі, люлюшанькі, з рукавочка.
Я, ўпусціўшы сакалочка, не ўлавіла,
Люлі, люлі, люлюшанькі, не ўлавіла,
А я свайго міла дружка разгнявіла,
Люлі, люлі, люлюшанькі, разгнявіла.
Разгнявіўшы міла дружка, не ўпрасіла,
Люлі, люлі, люлюшанькі, не ўпрасіла.

566. АІМЭФ, ф. 13, воп. 8, спр. 2, сш. 6, л. 8. Зап. А. Фядосік у 1948 Г. у в. Кашэвічы Капаткевіцкага р. ад С. Мароз, 1902 г. н.

Мая мамка, мая кветка,
Не аддавай мяне ўлетку,
Да аддавай мяне ўзімку,
Штоб сабрала сабе сілку
На свёкраву дзесяцінку,
Бо у свёкра поле далёкае,
А загоны шырокія,
Азяроды высокія,
А падпоры жалезныя,
А жнеечкі маладыя.
Я з імі не сажнуся
Да з загонам астануся.

567. АІМЭФ, ф. 2, воп. 7, спр. 6, сш. I, л. 88. Зап. Г. Антонаў у 1963 г. у в. Мірагошчы Краснапольскага р. ад Г. Маркузавай, 1891 г. н.

Пара, маці, да ячменю жаці —
Каласочак наліўся.
Пара, маці, дачку замуж даці —
Галасочак змяніўся.
— А няхай жа мой ды ячмень зрэе,
Каласочак ядранее.
А няхай жа мая ды дачулечка
А жывець, разумнее.

568. Гілевіч, 1974, с. 249. Зап. Т, Шаўчук і В. Ткач у в. Пунішчы Лепельскага р. ад Паланеі Мыснік, 80 г.

— Ой, красуйся, жыцейка,
Калі цёпла лецечка.
— Як жа мне красавацца?
Буен вецер павяваець,
Буен вецер павяваець,
Красу маю абіваець,
Не даець красавацца.
— Ой, красуйся ж, дзевачка,
У роднага татачкі.
— Як жа мне красавацца?
Кожны дзень сваты едуць,
Кожны дзень сваты едуць,
Не даюць красавацца,
Не даюць красавацца,
У белае прыбірацца.

569. Шырма, 1947, с. 51. Зап. у 1937 г. у в. Замошша Пастаўскага п. ад Ул. Шаблыкі.

А гуляла сонейка
Да па ясненькім небе.
А гуляла, гуляла,
У хмарачку хавалася:
Месяца баялася.
— Хавайся, не хавайся,
Я цябе хоць дзе найду,
Я цябе к сабе вазьму!
А гуляла дзяўчынка
Да па новенькім ганку.
А гуляла, гуляла,
У дзевачак хавалася:
Малайца баялася.
— Хавайся, не хавайся,
Я цябе хоць дзе найду,
Я цябе к сабе вазьму!

570. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 34, сш. 2, л. 3. Зап. Н. Паўтараха ў 1950-я гады ў в. Почар Бягомльскага р. ад Мар'і Валока, 1888 г. н.

Ой, дымна поле, дымна,
Нічога не відна:
Ці рой вылятаіць,
Ці мак зацвітаіць.
Ой, не рой вылятаіць,
Не мачок расцвітаіць.
Там Яначка ваюіць,
Па ім мамка бядуіць:
— Памажы яму, божа,
Цясцёў двор зваяваці,
Сабе Ганульку ўзяці.

571. Шлюбскі, с. 150, № 213. Зап. I. Маркаў у 1914 г. у в. Нікраполле Віцебскага п.

— Селязенька, ці высока лятаеш?
Быстры крыллі маеш?
Ці пераляціш шырокае поле,
Глыбокае мора?
Ці перанясеш таткаву негу
К свёкру на падвор'е?
— Не пералячу шырокага поля,
Глыбокага мора,
Не перанясу таткавы незі
К свёкру на падвор'е.

572. Шырма, 3, с. 172. Зап. у 1946 г. у Морыне Іўеўскага р.

Лета ж маё, лецейка,
Ужо я твая не жнеечка!
Матка ж мая ды матуленька,
Ужо я твая не служачка!
Таго ж я служачка,
З кім на каберцы стаяла.

573. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 99а, сш. 1, л. 36. Зап. Г. Барташэвіч і А. Янголь у 1965 г. у в. Бокшыцы Слуцкага р. ад Мар'і, Шэлег, 1910 г. н.

I маменька, мая кветка,
А-а-эй, і маменька, мая кветка,
Не аддавай замуж улетку,
Да аддавай жа мяне ўзімку,
А-а-эй, да аддавай мяне ўзімку.
Я за зімку збяру сілку,
Я за зімку збяру сілку,
А-а-эй, я за зімку збяру сілку
На свякраткіну ніўку,
Бо свякраткіна ніўка,
А-а-эй, бо свякраткіна ніўка
Вяліка, ўрадліва.
А я, жнучы, патамлюся,
А-а-эй, а я, жнучы, патамлюся,
Прыйду дамоў — наплачуся.
А майго таткі ніва,
А-а-эй, а майго таткі ніва,
Хоць вяліка, неўрадліва.
А я, жнучы, не ўтамлюся,
А-а-эй, а я, жнучы, не ўтамлюся,
Прыйду дамоў — напяюся.

574. АІМЭФ, ф. 8, воп. 84, спр. 229а, л. 59. Зап. А. Ліс у 1984 г. у в. Першамайск Салігорскага р. ад М. Бародзька, Софіі Усовіч, Таццяны Гапановіч.

Як пайду я дуброваю, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]
Паламлю я каліначку,
Пакідаю на дарозе,
Сама сяду пры бярозе.
Ці не йсціме мой татачко?
А каго ж ён пашкадуе:
Ці каліны зеляное,
Ці мяне маладое?
Не жаль жа мне каліначкі,
А жаль жа свае дочкі.

575. Дембовецкий, с. 540, № 14. Зап. у Чавускім п.

Пахвалялася чырвона каліна,
У лузе стоячы:
— Ніхто мяне не ссячэць
Без сечы, без меча.
Як зачуў, пачуў
Ціхі, дробны дожджык:
— Не выхваляйся, чырвона каліна,
Я цябе ссяку без сечы, без мечы.
Выхвалялася маладая Мар'ічка
Ў свайго роднага таткі:
— Ніхто мяне не возьмець
Без піва, без мёду,
Без вялікага роду.
Як зачуў, пачуў
Маладзенькі Іван:
— Не выхваляйся, маладая Мар’ічка,
Ў свайго роднага таткі!
Я цябе вазьму без піва, без мёду,
Без вялікага роду.

576. ЦНБ АН ЛітССР, ф. 21, воп. 1, спр. 122, л. 27—28. Зап. Я. Драздовіч у 1930 г. у в. Антаполле Дзісенскага п. ад Ганны Вашкель, 1880 г. н.

Заламлёна ў лузе каліна
Яшчэ недазрэла,
Заламлёна.
Хто ж яе смеў так зялёну заламіць,
Яшчэ недазрэлу,
Хто ж яе смеў?
Заламіў яе ціхі, дробны дожджык
I буйненькі ветрык,
Заламіў яе.
Заручона малада дзяўчына
Яшчэ недаросла,
Заручона.
Хто яе смеў так маладу заручыць,
Яшчэ недарослу,
Хто яе смеў?
Заручыў яе малады Андрэйка
Яшчэ недарослу,
Заручыў.
Ды вязёна лугом-берагом,
Калінавым мостам,
Ды вязёна.
Прывязёна к цісовай краваці
Белу ложу слаці,
Прывязёна.
Ні так яна белу ложу сцеліць,
Як сільненька плачаць,
Ні так яна.
— Ды не ўчыла мая маці
Белу ложу слаці,
Ды не ўчыла.
Толькі ўчыла мая маці
Цянюсенька прасці,
Толькі ўчыла.
Толькі ўчыла цянюсенька прасці
Ды гусценька ткаці,
Толькі ўчыла.
Толькі ўчыла беленька бяліці,
Хораша пашыці,
Міламу надзеці,
Людзям паглядзеці.

577. ЦНБ АН ЛітССР, ф. 21, воп. 1, спр. 122, л. 34. Зап. Я. Драздовіч у 1930 г. у в. Антаполле Дзісенскага п. ад Ганны Вашкель, 1880 г. н.

Кругла, мала,
Кругла, мала
Балоцітка.
А хоць яно,
А хоць яно
Кругла, мала,
Але яно,
Але яно
Урадліва.
Наляцела,
Наляцела
Гусей многа,
Ні адны гусі,
Ні адны гусі,
Ёсць і лебедзі.
Нізка, мала,
Нізка, мала
Яніначка,
А хоць яна,
А хоць яна
Нізка, мала,
Але яна,
Але яна
Шчаслівая:
Наехала,
Наехала
Сватоў многа.
Ні адны сваты,
Ні адны сваты,
Есць і сваціцы.

578. ЦНБ АН БССР, АРКіР, ф. 3, воп. 1, спр. 56, л. 142. Зап. у 80-я гады XIX ст. у Дзісне. З архіва С. П. Сахарава. Жніўная.

Чорная смародзіна
На тын налягаіць,
Тыночкі паламаець.
Да й к чыму ж гэта
Сватоўя наязджаюць?
К Васількаваму двару
Сватоўя наязджаюць.
Вой, чуюць яны Тэклячку маладую,
Тэклячку маладую, пасагу вялікую:
Два кані вараныя,
Два валы палавыя.

579. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 63, сш. 2, л. 38. Зап. А. Гурскі ў 1961 г. у в. Жыцькава Барысаўскага р. ад М. Адамейка, 1910 г. н.

— Сіняе азёрачка,
Чаго затанула?
— Як жа мне не тануці?
Наляцелі шэры гусі
Й беражкі абтапілі,
Наляцелі шэры гусі,
Беражкі абтапілі
I вадзіцу замуцілі.
— Маладая Манечка,
Чаго ж ты зажурылася?
— Як жа мне не журыцца?
Наехалі чужаземцы, майго татку ўпаілі,
Наехалі чужаземцы, майго татку ўпаілі,
Маю мамку абманілі
I мяне заручылі.

580. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 325, л. 92. Зап. на Случчыне.

Пад арэхавым кустом
Начавалі начлежнічкі,
Начуючы, агонь клалі
Да й хлопчыка пагуквалі:
— Да хлопчычак-брацейка,
Тут твайго каня няма,
Да пабег твой конічак
Па залаты пярсцёначак
I па белу пярыначку,
Па маладу княгінечку.

581. Шырма, 1947, с. 53—54. Зап. у в. Замошша Пастаўскага п. ад Ул. Шаблыкі.

На тыне, на тыне,
На новым частаколе
Сядзела галубачка
Па каленцы ў золаце.
Маладзенькі малойчык
Улавіў галубачку,
Улавіў галубачку,
Прынёс дахатачкі,
Пасадзіў на лавачцы,
Пахваліў мамачцы:
— Паглядзі, матулечка,
Ці міла галубачка?
— Ці міла, ці няміла,
Яна мая слуга будзе,
А твая жана будзе.
Яна мне на час слуга,
А табе навек жана.

582. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 325, л. 15. Зап. В. Навіцкі ў Цімкавіцкай вол.

Учора была субота,
А сягоння нядзелечка,
Пайшла маці жыта жаці,
Стала сярпы раскладаці
I жэнчыкаў расстаўляці.
Божа мой міласцівы,
Няма сярпа залатога
I жэнчыка маладога.

583. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 67, сш. 11. Зап. В. Сіўцова ў 1950 г. у в. Панскае Крупскага р. ад Н. Сямёнавай, 1905 г. н.

Выйшла маці жыта жаці,
Стала сярпы перакладаці.
Няма сярпа залатога —
Жанца маладога.
Выйшла свякроў жыта жаці,
Стала сярпы раскладаці.
Прыбыў сярпок залаценькі —
Жанец маладзенькі.

584. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 105, л. 7. Зап. В. Скідан у 1967 г. у м. Галоўчын Бялыніцкага р. ад У. Дракінай, 1902 г. н.

Закурыўся ціхі, дробны дожджык
Да па чыстаму полю,
Зажурыўся мой татачка родны
Па маёй горкай долі.
Не курыся, ціхі, дробны дожджык,
Да па чыстаму полю.
Не журыся, мой татачка родны,
Па маёй горкай долі.
Ні сама я долечку шукала —
Мужа выбірала.
Пан багаты з залатой палаты
Даў мне мужа ката.
Закурыўся ціхі, дробны дожджык
Да па чыстаму полю,
Зажурыўся мой татачка родны
Па маёй горкай долі.

585. Шырма, 1947, с. 44. Зап. у в. Замошша Пастаўскага п.

Сакатала сонейка,
Ды за лес заходзячы,
Плакала нявестачка,
Пад сяло падходзячы:
— Журыць, дурыць свёкарка,
Што рана дамоў прыйшла,
Што рана дамоў прыйшла,
Не вячэраўшы, найшла
Лыжачкі нямытыя,
Пасцелькі нясланыя.
Не сварыся, татулька,
Другі раз пазней прыйду,
Павячэраўшы, найду
Лыжачкі памытыя,
Пасцелькі пасланыя.

586. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 247, л. 8. Зап. у в. Ябланаўшчына Навагрудскага п.

Да павень, ветру, з лугу,
Разнясі маю тугу,
Каб я болей не тужыла,
Пакуль буду жыва,
Па бацькавай незе,
Па матчыным гадаванні,
Па дзявочым красаванні.

587. АІМЭФ, ф. 8, воп. 75, спр. 93, сш. 2, л. 81—82. Зап. Л. Салавей у 1978 г. у в. Рэчкі Чэрвеньскага р. ад Каці Запруцкай, 1928 г. н.

Шуміць, гудзе дубровачка,
Шуміць, гудзе, ой, дубровачка, дубровачка,
Што чужая ж староначка, і староначка.
Няма к каму ж, эй, прыхінуцца, і прыхінуцца.
А прыхінуся ж я к бярозе, я к бярозе,
А бярозачка, эй, не мамачка,
Бярозачка ж не мамачка,
Шуміць, гудзе, эй, галлё ж ломіць, галлё ломіць,
Ка мне слоўца не прамовіць.
Прыхінуся, эй, я к дубочку, і я к дубочку,
Дубок жа, эй, ні татачка,
Дубок жа ж ні татачка,
Зеляненькі, эй, не родненькі, не родненькі,
Шуміць, гудзе, эй, галлё ж ломіць, галлё ж ломіць,
Ка мне слоўца ж, эй, не прамовіць.

588. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 21, л. 2. Зап. Я. Мураўскі ў в. Гваздзілава Вілейскага п.

Павілося бела павучынне
Па чысценькім полі,
Павілося.
Не ўдалося мне, маладзенькай,
На чужой старонцы,
Не ўдалося.
Я не ўмею ні таўчы, малоці,
Я не ўмею.
Толькі ўмею шыці й вышываці,
Беленька хадзіці,
Толькі ўмею.
Беленька хадзіці, з мілым гаварыці,
Толькі ўмею.
З мілым гаварыці
I яго любіці,
Толькі ўмею.

589. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 35, сш. 21, л. 12. Зап. у 1971 г. у в. Дражна Старадарожскага р. ад Мар'і Германчук, 1888 г. н.

Чырвоная да каліначка,
Не хіліся над вадою,
Не хіліся над вадою,
Не хваліся ягадою,
Не хваліся тонкім станам,
Не хваліся дробным лісцем.
Як я была ў свайго таткі,
Як я была ў свайго таткі,
Красней была тваіх ягад
Да здаравей твайго стану.
А цяпер я стала ды ў старога
У свёкарка да ў ліхога,
У свёкарка да ў ліхога,
Тонка стала, як былінка,
Да бяленька, як ліпінка.

590. ЦНБ АН БССР, АРКіР, ф. 3, воп. 1, спр. 56, л. 65. З архіва С. П. Сахарава.

Сварылася свякровачка,
Што рана дамоў прыйшла.
— Не сварыся, свякровачка,
Заўтра я пазней прыйду:
Сонца зайдзець, я жаць буду,
Па месяцу насіць буду,
Па звёздачках лічыць буду,
Што звёздачка, то копачка,
Не сварыся, свякровачка.

591. ЦДАЛМ, ф. 1429, воп. 1, спр. 9, л. 73. Зап. А. Валевіч у 1936 г. у в. Вуша Бярэзінскага р. ад Антаніны Пласт, 1876 г. н.

Пайду я па калоддзю,
Збіраючы па ягодзі.
Спеленькія ў кузачку,
А зялёныя ў лубачку.
Спеленькія — то мамачцы,
Зялёныя — свякровачцы.
А мамачка пажалее,
За ягады падзякуе:
— Дзякуй за ягадкі
За спелыя й за салодкія.
Беручы ўмарылася,
А несучы ўтамілася.

592. ЦДГМ, ф. 56 (Бяссонава). Зап. у 1-й пал. XIX ст.

Я жну і валы пасу,
Каробачку малін нясу.
Каробачка маленькая
Для свайго міленькага.

593. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 85, сш. 2, л. 14—15. Зап. В. Іваноўская ў 1964 г. у в. Гаршчэўшчына Талачынскага р. ад Ганны Пашкевіч.

Як пайду я, пайду,
Я ціха падумаю,
Як ліст на Дунаю,
А як падайду
К татку пад акно:
— Дзень добры, тата,
Мой татуленька родны,
На беленька ложа.
— На здароўе ты, мая дачушка
I чужая пасялушка.
Чаго, дачушка,
Гэтак рана ходзіш,
Расіцу абіваеш?
— Гэта ж, татулька,
Свекраткава нега
I таткава няволя.
Як жа я была
У роднага татанькі
I роднай матулькі,
Дык я ж не знала,
Адкуль сонца ўсходзіць
I куды заходзіць,
Дык я не знала,
Калі кароў дояць,
Калі ў поле гоняць.
А як дасталася
Журліваму свёкру,
Дык стала знаці,
Адкуль сонца ўсходзіць
I куды заходзіць,
Дык я стала знаці,
Калі кароў дояць
I ў поле гоняць.

594. Косич, с. 26. Зап. у 1899 г. у в. Чоўпня Старадубскага п. ад 59-гадовай жанчыны.

Лятала серая перапёлка
Да па жоўтаму полю,
Шукала серая перапёлка
Свайго гняздзечка,
I дзе ляжала яе яечка,
I дзе дзеткі сядзелі
I ў палёт паляцелі.
Хадзіла бедная сірацінка
Па багатаму полю,
Шукала бедная сірацінка
Свайго роднага бацькі,
А знайшла студзёную вадзіцу
Ў рубленым калодцу.
— Ўскалыхніся, вада,
У рубленым калодцу,
Адгукніся, мой бацюшка,
На чужой старонцы.
Не скалыхнулася вада
У рубленым калодцы,
Не адгукнуўся бацюшка
На чужой старонцы.

595. Янчук, с. 76.

Да гула пчолка, гула,
Па бару лятаючы
Да мядок збіраючы:
— Горкі мой мядочку
Да без цябе, мой бортнічку.
Да плакала ўдовачка,
Да па двару ходзячы,
Да дроўцы збіраючы,
Да абед гатуючы:
— Горкі мой абедзе
Да без цябе, мой міленькі.
Сама сяду на покуці,
А дзеткамі абсажуся,
Слёзкамі абальюся.
Дзеткі ж мае маленькія,
Слёзкі мае драбненькія.
Дзеткі мае пабольшалі,
Слёзкі мае пагоршалі.

596. Federowski, 5, с. 757—758, № 1830. Зап. у в. Горка Слонімскага п.

Гула пчолка, гула пчолка,
Да па бару лятаючы,
Салодкі мёд збіраючы:
— Ой, горкі мой мядок, горкі
Да без мае грамаданькі,
Ўсяняк свой мёд патраціла,
Сама ў борцю не трапіла.
Ох, заплакала удованька,
Да па садочку ходзячы,
Вячэраньку гатуючы:
— Горка ж мая вячэранька
Да без майго міленькага.
Сама сяду проці стала,
Дзеткі ж мае па застоллю,
На покуці нікога нет —
Такая вячэра, такі і абед.
Дзеткам даю хлеб веяны,
Сама ем ячну зацірку.
Дзеткі ядуць, а я плачу:
З мілым піла мёд і гарэлку.

597. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 4, сш. 2, л. 101. Зап. В. Гусціновіч у 1960 г. у м. Кажан-Гарадок Лунінецкага р. ад Ульяны Зініч, 1881 г. н.

У добрага пана
Пры месячку жыта жала.
Бадай яму кроўна,
Што пускаў дадому цёмна.
Бадай яму горка,
Што пускаў дадому зоркай.

598. Довнар-Запольский, с. 59. Зап. у с. Святая Воля Целяханскай вол.

У слаўнага пана
На зары жыта жала,
Па месяцу копы клала,
Дадому пайшла па ночы,
Вячэрала пры свечы,
У белым свеце спаць лягла,
Лажылася, гаварыла:
— Божа мой, калі я запачыну!
Ужо ж свет за гадзіну.

599. Czeczot, 1846, с. 10—11, № 17. Зап. у 30—40-я гады XIX ст. на Навагрудчыне.

Да ў нашага пана
Да нядобрая слава:
Па месяцу жыта жалі,
Па зоры копы клалі.
Цёмна ў полі, цёмна,
Бадай таму цямней было,
Хто дахаты не пушчае
Да на полі нас трымае.
Да мы позна з поля ідзём,
Да прыганятага клянём.

600. Barszczewski, с. 8. Зап. у 30—40-я гады XIX ст. на поўначы Віцебшчыны.

Калі ж тая серада прайшла,
Як я не еўшы на прыгон пайшла,
Увесь дзень жала, не лянілася,
Злому войту пакланілася.
А цяпер не аб чым тужыць:
Войт п'яны ў карчме ляжыць.

601. Романов, 8, с. 262. Зап. на Магілёўшчыне.

Ніўка, ніўка, аддай маю сілку
На другую ніўку!
На коніка лой, на ніўку гной,
А мне здароўя!

Судзі, божа, налета жаці
I ядранейшае і гусцейшае.

602. Романов, 8; с. 272. Зап. у в. Завулкі Дзісенскага п. ад А. Піліпенкавай.

Чыя ж гэта барада
Мёдам-віном уліта,
Чорным шоўкам ушыта?
Рана, рана!
Сцяпанава барада
Мёдам-віном уліта,
Чорным шоўкам ушыта,
Рана, рана!
Ты, Анютка, не гуляй,
Шоўк з барады выбірай,
Рана, рана!

Скупому гаспадару пяюць:

Чыя ж гэта барада
Смалой, дзёгцем уліта,
Дратваю ушыта?
Рана, рана!
Міхалкава барада
Смалой, дзёгцем уліта,
А дратваю ушыта,
Рана, рана!
Ты, Катрынка, не гуляй,
Смалу з барады выбірай,
Рана, рана!

603. ЦДГМ, ф. 56 (Бяссонава). Зап. у 1-й пал. XIX ст.

А чыё поле дрэмле?
Тадоркава дрэмле поле:
Там жнейкі ўсе старыя,
Сярпочкі лубяныя.
А чыё поле іграе?
Пацічэльскае поле іграе:
Там жнейкі маладыя,
Іх сярпочкі залатыя.

604. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 40, сш. 26, л. 2. Зап. З. Сурма ў 1950-я гады ў в. Цішкі ад Ф. Пятрышча, 1875 г. н.

Чыё гэта поле зазвінела скора,
Зазвінела скора?
Жнеі маладыя, сярпы залатыя,
Сярпы залатыя.
Да абеда жалі, сярпы пазлачалі,
Сярпы пазлачалі.
Чыё гэта поле задрамала стоя,
Задрамала стоя?
Жнеі старыя, сярпы лубяныя,
Сярпы лубяныя.
Да вечара жалі, сярпы паламалі,
Сярпы паламалі.

605. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 116, л. 30 адв. Зап. у Слонімскім п.

Хадзі, выйдзі, пане гаспадару,
Да выглянь, выглянь да на сваю ніўку:
Што на тваёй ніўцы да рыжэецца,
Да рыжэецца да бялееца,
Да бялеецца да лілеецца?
Да рыжэецца буйнае жыта,
Да бялеюцца маладыя жнеі,
Да лялеюцца сталёвыя сярпы.
Жанцы жалі, ў копы клалі,
У копы клалі, сцірты мяталі,
Дзе горачка — там копачка,
Дзе даліначка — там сцірдачка...

606. Материалы по этнографии Гродненской губ., вып. 1, с. 164. Зап. у в. Антоны Пружанскага п.

Ляцеў саколік па полю,
Збіраў пташачкі да бору:
— Да бору, пташачкі, да бору,
Ужо наляталіся па полю!
— Нямнога ж мы ляталі,
Чырвоны ягадкі збіралі!
Ездзіў гаспадар па полю,
Збіраў жанцы дадому:
— Дадому, жэначкі, дадому,
Ужо нагуляліся па полю!
— Нямнога то мы гулялі,
Усё густа жыта жалі,
Тоўстыя снапкі вязалі,
Частыя копкі складалі.
Колькі на небе зорачак,
Столькі на полі копачак.

607. Шейн. Бел. песни, с. 493, № 355. Зап. Л. Склярэнка ў в. Дубраўкі Лепельскага п.

Павейце, ветры,
Рана, рана, [Паўтараецца пасля кожнага радка.]
Па чыстым полю.
Нясіце весці
Нашаму пану,
Што яго жнейкі
Жыта пажалі,
У копы паклалі.
Ой, часта, густа
На небе звёзды,
Ой, часцей, гусцей
На полі копы.
Ой, шырок, высок
На небе месяц,
Ой, шыры, вышы
Ля гумна скірта!

608. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 8, л. 420. Зап. А. М. Шыманоўскі ў 1898 г. Рукап. "Мінская губерня і яе народная творчасць".

З-пад цёмнай хмары [Кожны радок паўтараецца двойчы.]
Ці не сокал вылятае,
Гаспадарык выязджае,
Сваіх жнеек выглядае:
— Ці ідуць мае жнейкі,
Ці нясуць мне дажынкі
З далёкага поля,
З густога жыта.
З залатога куста
Будзе мне хлеба луста.

609. Шырма, 3, с. 174. Зап. У. Урбановіч у 1946 г. у Іўеўскім р.

— Ды чые там жнейкі йдуць,
Як пчоланькі, гудуць,
Залатыя сярпы нясуць?
— Андрэйкавы жнейкі йдуць,
Залатыя сярпы нясуць.

610. Романов, 8, с. 261. Зап. на Міншчыне.

Адчыняйце шчытовы вароты,
Ідуць жнеі з работы,
Ні так жа з работы,
Як з жаркай пякоты.
Вечар вечарэе, душа весялее,
Заранка зарае, душа занывае,
Што трэба ісці на работу,
На жарку пякоту.

611. Czeczot, 1846, с. 37, № 60. Зап. у Навагрудскім п. Віншаванне-рацэя.

Віншую паноў вянком,
Паны мяне мядком.
Перанёс бог цераз сярпок,
Перанясі, божа, цераз душок,
Цераз осетку матку,
Цераз лёгкі дух.
Судзіў жа, божа, пажаць,
Судзі жа, божа, спажыць
У карысці, ў радасці.
Дай жа, божа, панам з гэтага дабра
Піва варыць, панічоў жаніць,
Гарэлку гнаць, паненак замуж выдаваць.
Дай жа панам з дробнымі дзеткамі
На жыццё, на багацце,
На доўгі век і добры савет.

612. ЦНБ АН БССР, АРКіР, ф. 3, воп. 1, спр. 56, л. 75. Зап. у в. Рогава Вілейскага п. З архіва С. П. Сахарава.

Сягоння ў нас вайна была:
Да мы поле зваявалі,
Да мы поле зваявалі —
Усё жыта пажалі.
Наш пан ходзіць у злоце,
Наша пані — ў аксаміце,
Ахмістрыня — у кармазыне,
Чалядзіна — ў сярмяжыне.
Сягоння ў нас дажыначкі,
Дасць нам пан гарэлачкі.

613. Киркор // Этнограф сб., 1858, вып. 3, с. 233.

У нас сягоння вайна была:
Усё поле зваявалі,
Да пану жыта пажалі,
Пане ж, не улякайся,
Да ў пакой не хавайся,
Бо мы ёсць не жаўнеркі,
А панскія жнейкі.
Да выходзь, пане, выходзь,
А віна бочку выкоць
I белы сыр на талеркі,
Частуй свае жнейкі.
Да ўмеў жа нас прыганяць,
Умей цяпер частаваць.

614. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 40, сш. 4, л. 4. Зап. Л. Іванчык у 1950-я гады ў в. Дубіна Валожынскага р. ад Вольгі Ланько.

У нас сягоння вайна была:
Мы усё поле зваявалі,
У снапочкі павязалі,
У копачкі паскладалі,
Свае ручкі патамілі,
Галовачкі засмуцілі.
Не сабе ж мы гэта жалі,
Толькі пана ўзбагацілі.

615. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 111, сш. 1, л. 4. Зап. А. Ліс у 1967 г. у в. Заполле Бялыніцкага р. ад Хаўрошкі Казловай, 1908 г. н.

Не ўлякайся, гаспадару,
Не татары на двор едуць —
Гэта твае жнейкі йдуць,
Харошыя ж песні пяюць,
Ай, добрыя мыслі мысляць.

616. Гильтебрандт, с. 209. Зап. у с. Азяты Кобрынскага п.

Каціўся вяночак па полю,
Прасіў жэнчыкаў дадому:
— Ідзеце, жэнчыкі, дадому,
Занясеце мяне ў стадолу.
Палажэце мяне ў старону,
Ой, то я пайду на ніву,
Ой я, мне на ніву гадзіна,
Ой я, мне ў старане гасціна!
— Адчыняй нам, пане, вароты,
Нясемо вяночак з золата,
Ой, не з золата, з крапівы,
Бо шчэ мы гарэлкі не пілі.

617. К. [Кraszewski]. Kilka zarysów z žycia ludu wejskiego w Kobrynskiem // Athenaeum. Wilno, 1850, № 4, s. 185.

Дажынкі, пане, дажынкі,
Не жалей, пане, гарылкі,
Не жалей, пане, жарабца,
Пайшлі да Бярэсця па грайца —
То будуць музыкі іграці,
То будуць жэнчыкі гуляці.

618. Czeczot, 1846, с. 37—38, № 61. Зап. у Наддзвінні.

Паночак, паночак, рахуйся з намі,
Плаці ж, плаці ж хоць талярамі!
- Да мы ж тваю ніўку зжыналі.
Да мы сваю сілу спацяралі.
Слава да і слава, паночак, твая!
Да й п'яна, да й п'яна талака твая.
Да ўчыніў, учыніў паночак славу:
Папаіў, папаіў талаку сваю.
Сакатала сарока, на тычынцы седзючы,
На тычынцы седзючы, на хмялінку гледзючы.
Пахваліўся паночак, з панею седзючы:
— Папаю жнеечак з дубовай бочачкі,
З дубовай бочачкі, з залатой чарачкі.

619. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 8, л. 420. Зап. А. М. Шыманоўскі ў 1888 г, Рукап. "Мінская губерня і яе народная творчасць".

Да зелен явар, зелен
Над усімі яварамі,
Славен, славен наш гаспадар
Над усімі мужамі —
Да выкаціў бочку мёду,
А другую гарэлкі,
Да напаіў ён свае жнейкі.
— Піце, мае жнейкі, до дна,
Каб на лета было [жыта] родна.

620. АГТ, р. 53, воп. 1, клц. 110, л. 83. Зап. на Барысаўшчыне.

Да славен бобра
За кунамі, сабалямі.
Да славен наш пан
З слаўнымі жнейкамі.
Да зарання, да зарання
Мы жыта жалі,
Да ўсіх паноў, да ўсіх паноў
Мы ашукалі.
Да выкаць нам, пан, бочку мёду
I станоўку гарэлкі,
Да папаіць свае жнейкі.

621. Шейн. Материалы, с. 282, № 325. Зап. В. Сонцава ў Мінскім п.

Гаспадынька па двару пахаджае,
Сваіх жнеек паглядае:
— Ды чы ідуць мае жнейкі?
Чы нясуць мне дажынкі?
— А мы жнейкі маладыя,
Нашы сярпочкі залатыя,
А мы жнейкі не жаўнеркі,
Не п'ем простай гарэлкі,
Мы жнейкі-шляхцянкі —
Нам гарэлкі шафранкі,
Мы жнейкі-аксаміткі,
Нам гарэлкі акавіткі.

622. Материалы по этнографии Гродненской губ., вып. 1, с. 153. Зап. у Косаўскай вол. Слонімскага п.

Гаспадыня дамовая,
Чы вячэра гатовая?
Мы жончыкі маладыя,
Ў нас серпікі залатыя,
Мы густое жыта жалі
I серпікі паламалі.

623. Шейн. Бел. песни, с. 497. Зап. на Ушаччыне.

Разгарыся, вячэрняя зорка,
Перад ранняй,
Расхадзіся, наша гаспадынька,
Перад жнейкамі,
Кажы выносіць цясовыя сталы
На чыстыя двары,
Бяры залатыя ключы
З-пад пояса,
Адмыкай жа залатымі ключамі
Зялёную скрыню,
Выбірай ў зялёнай скрыні
Бялёвыя абрусы,
Засцілай, наша гаспадыня,
Цясовыя сталы,
Налівай жа, наша гаспадыня,
Залатыя кубкі,
А частуй жа старшую жнейку,
Пастацяначку:
— Будзь здарова, старшая жнейка,
Пастацяначка!
На здароўе, мая гаспадыначка,
Сенатарачка!

624. Hryniewič, с. 21—22, № 19. Зап. у пач. 900-х гадоў на Полаччыне.

Выхадзіла цёмная туча
З-за цёмнага лесу,
Выхадзіла,
Да не выйшла цёмная туча
З-за цёмнага лесу,
Ды не выйшла.
Толькі ціхім прыгнала ветрам
Дробненькага дажджу,
Толькі ціхім.
Ах, павейце, ціхія аетры,
Па шырокім полі!..
Ах, павейце, ціхія ветры,
Па ядраным жыце,
Ах, павейце!..
Выхадзіла к нам гаспадынька
Раненька на ніўку,
Ды не выйшла.
Толькі слала сыноў-сакалоў,
Дачок-перапёлак,
Толькі слала.
Толькі слала дачок-перапёлак,
Нявестак-лябёдак,
Толькі слала.
Пажынайце, нявесткі-лябёдкі,
Дочкі-перапёлкі,
Пажынайце!
Паспрыяйце шыроканькай ніўцы,
Ядранаму жыту,
Паспрыяйце!

625. Гілевіч, 1974, с. 273—274. Зап. Г. Лысак у в. Залучыны Лепельскага р. ад Ганны Сімановіч, 73 г.

Ой, хадзіў Раю,
Ой, хадзіў Раю, Раю, мой Раю,
Да па вуліцы.
I ніхто Раю, Раю, мой Раю,
У хату не клічыць.
Ой, абазваўся,
Ой, абазваўся,
Раю, мой Раю,
Молад Іванка:
— А хадзі, Раю,
А хадзі, Раю, Раю, мой Раю,
Ка мне ў хатку.
У маёй хатцы,
У маёй хатцы, Раю, мой Раю,
Як у святліцы.
Стаяць столікі,
Стаяць столікі, Раю, мой Раю,
Пазасціланы.
Кубачкі мёдам,
Кубачкі мёдам, Раю, мой Раю,
Паналіваны.
Жнеечкі мае,
Жнеечкі мае, Раю, мой Раю,
Пазазываны.
Усе ў радочак,
Усе ў радочак, Раю, мой Раю,
Папасаджаны.

626. Шейн. Бел. песни, с. 209—210, № 357. Зап. у м. Чашнікі ад М. Каткевич.

Хадзіў Спарыш па вуліцы,
Па вуліцы па шырокай,
Па мураўцы па зялёнай.
А ніхто Спарыша ў двор не завець,
Выйшла, выехала Хвядорыха:
— Хадзі, Спарыш, ка мне на двор,
Ка мне на двор, за цясовы стол:
У мяне сталы пазасціланы,
Віном кубкі паналіваны,
У мяне пірагоў панапечана,
У мяне мёду панасычана,
У мяне кашы наварана.
Сядзь, Спарыш, на покуці,
На покуці да на золаце.
Пі, Спарыш, зялёна віно.
Спарыш, божа, у маім гумне,
У маім гумне, у маім дварэ:
На таку ўмалот, а ў дзяжы падход,
А ў печы рост, а на стале сыццё.

627. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 325, л. 68 адв. Зап. у в. Варковічы на Случчыне ад Марка.

Сам бог жыта зажаў,
Ілля снапы вязаў,
А святы Барыс у копы клаў.
Да йшлі яны дарогаю,
Дарогаю шырокаю, дуброваю зялёнаю.
Дзяніска ля варот стаіць
Да шапачку ў руцэ дзяржыць:
— Ка мне, божа, ка мне,
Да не ка мне, к майму айцу.
Да ў майго бацюхна гумно вялікае,
Застаронкі шырокія, вароцеткі двайчастыя
Да копы частыя,
Малацьбіты маладыя,
Да ў іх цапы залатыя,
Веелачкі букавыя,
А мяцёлачкі шаўковыя.

628. Шейн. Бел. песни, с. 217. Зап. у м. Чашнікі ад Каткевічоўны.

А чы поўна арэхавая чаша
Ядром налітая?
А так поўна — ні калыхнецца
I ні пральецца.
А чы поўна гаспадара гумно
Дабром навязёна?
А так поўна — ні з канём уехаць,
Ні пехотаю ўйці.
Толькі можна сокалу ўзляцець,
Дабро паглядзець.

629. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 27, сш. 1, л. 10—11. Зап. М. Стырнэ ў 1949 г. у в. Старая Дуброва Акцябрскага р. ад М. Жулега, 1889 г. н.

Жала я жыта да не ляжала,
Ой, я жала яго па шчырай праўдзе,
Да не давайце да па чарачцы,
Да давайце па цэлай кварце.
Й ад чарачкі я не ўп'юся,
Й ад квартачкі ж да не павалюся,
Ой, я ж табе, мой бацюхна,
Йшчэ ж дзянёк да пажынаю.
Да лугамі ж йду, песні ж пяю,
Й аж лужочкі разлягаюцца.
Да сялом іду, сільна плачу,
Варожачкі ж пацяшаюцца.
— Да пацяшайцеся, да варожачке,
Да й на сваё ж да бяздоллейка,
Ах, я ж пецьму ж да й гуляцьму,
Калі ж маё да й здароўечка.

630. ААН СССР,ф. 104, воп. 1,спр. 33, л. 3 і адв. Зап. І.Гайкоў 1883 г. у м. Вішнева Ашмянскага п.

Вячэрняя зара ясна,
Ранняя яснейша,
Двараніна жана красна,
Ў селяніна краснейша.
Дваранінава жана ўлетку халадуе,
Зімой галадуе.
Селянінава жана ўлетку пажынае,
Зімой пажывае.
— Селянін, змяняй жану,
Дам каня варанога, вала палавога.
— Я прыдатку не хачу,
Сваёй жонкі не мяняю.
— А хоць я ў бяду ўпаду,
Але ў селяніна жану ўкраду.

631. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 59, л. 26. Зап. I. Цішчанка ў 1961 г. у в. Жыцькава Барысаўскага р. ад Лідзіі Сакалоўскай, 1904 г. н.

А я жала, зажалася
I з хвасточкам асталася.
Я думала — скрыпкі граюць,
А то ж мяне ў хвасце лаюць:
— Ці ты спала, маладая,
Ці з хлапцамі прагуляла?

632. Шырма, 3, с. 165. Зап. у 1932 г. у в. Агароднікі Косаўскага п. ад Васіля Труцькі.

Ой, я ў бары жыта жала,
Ой, я жала, не ляжала,
Ой, я жала, не ляжала,
За дзень тры снапкі нажала.
— Паедзь, мілы, па жыцечка
Ды не бяры рубля з дому
А вырубай бярэзіну
Ды на маю сярэдзіну.

633. Шейн. Материалы, с. 245—246, № 261. Зап. Я. Капецкі ў с. Ветрына Лепельскага п.

Хто не ўмее араці,
Таму хлеба не даці.
Запрагаю пару валоў,
Выязджаю на папару.
Мае валы-жабракі
Пахінулісь на бакі.
Як з дому ўбачылі,
Сто бізуноў адлічылі:
То ў рала, то ў цела,
Аж кашуля запацела.
Хто не ўмеіць араці,
Таму хлеба не даці,
А ні хлеба, ні бацвіння,
Няхай пасець, дурань, свінні.
Яму свінні здакучылі,
Араць яго навучылі.

634. Романов, 1—2, с. 274—275. Зап. у в. Латыгава Сенненскага п.

А каб нам жа чатыром
Па коніку вараном,
Мы ж бы сабе паязджалі.
А каб жа нам чатыром
Гарэліцу з каўбуром,
Мы ж бы сабе папівалі.
А каб жа нам чатыром
Па вячэраньцы смашнай,
Мы ж бы сабе паядалі.
А каб жа нам чатыром
Па скрыпачцы з дударом,
Мы ж бы сабе пагулялі.
А каб жа нам чатыром
Па молайцу маладом,
Мы ж бы сабе жартавалі.
А каб жа нам чатыром
Пасцеленька мякка,
Мы ж бы сабе паспалі.

635. Rypiński, с. 186. Зап. на Дзісеншчыне.

Дубочак зеляненькі,
Наш пан маладзенькі.
Ляшчына зелянейша,
Наша пані маладзейша.
Шчасце, долю маюць,
Рана з поля збіраюць.

636. Киркор, с. 233, № 69. Зап. на Віленшчыне.

Да засею я поле
Да ясненькім золатам,
Да засцялю я лугі
Чырвоным кармазынам.
А замашчу я масты
Залатым мастоўнікам.
Будзе ехаць Валынечка,
Наша пана дачка.
Пад ёю конькі, як галкі, лятаюць,
Каля яе служачкі, як мак, расцвітаюць.
Да ўцешыўся ягамосць, у пакоі седзячы,
Праз акенца гледзячы:
— Да хвала ж мая, хвала,
Што едзе мая паня.

637. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 17, л. 21. Зап. I. Гінтаўт у 1856 г. у Смаргоні.

Да зялён наш бор, зялён
Над усімі барамі,
Да славен жа наш пан, славен,
Над усімі панамі.
У нашага пана
На дварэ куна йграе,
На дварэ куна йграе,
Сабаля вызывае:
— Да саболю, саболю,
Пагуляем з табою,
Пагуляем з табою,
Развесялім свайго пана.
Наш пан вяліку думу мае,
Тры двары будуючы:
Адзін двор у Вальшанах,
А другі у Львове,
А трэці ў сваім доме.
Да Альшан дачку дае,
А у Львове сына жэніць,
У сваім доме сам жывець.

638. Горбачевский // Витеб. губерн. ведомости, 1896, № 87. Зап. у Лепельскім п.

А зелен наш бор, зелен
Над усімі барамі.
— А чым жа ён зелен?
— Поўна красачак у ём.
А славен жа наш Барыска, славен
Над усімі панамі.
— А чым жа ён славен?
— Поўна гумно жыцечка навёз,
Калі бог спаможыць —
I ярыной даложыць.

639. АІМЭФ, ф. 8, воп. 85, спр. 229а, л. 33. Зап. А. Ліс у 1985 г. у в. Агароднікі Пастаўскага р. ад Н. і З. Варанец.

Рада, рада шэра перапёлка,
Што лета даждала,
Рада, рада.
Рада, рада наша гаспадынька,
Што жыта пажала.
Рада, рада.
Што жыта пажала,
У снапы павязала,
Рада, рада.
Снапы павязала,
Бабкі пастаўляла,
Рада, рада.
Рада, рада, у бабкі пастаўляла,
Копы палічыла,
Рада, рада.
Копы палічыла, у сцірты паскладала,
Рада, рада.

640. АГТ, р. 53, воп. 1, клц. 110. л. 83.

Да чые ж жнейкі, чые
Па месяцу жыта жалі,
Сярпочкі пагублялі,
Шукаючы ўрасіліся?
Да Сымонкавы жнейкі
Па месяцу жыта жалі,
Сярпочкі пагублялі,
Да хадзіўшы умачыліся,
Да дадому спазніліся.

641. Шейн. Бел. песни, с. 218, № 376. Зап. у м. Чашнікі.

Чый жа гэта двор —
Да тры калы ўбіты?
Чый жа гэта двор, двор?
Янкаў жа двор —
Да тры калы ўбіты
Й карыной накрыты.
Чый жа гэта сын, сын
Ды па двару ходзіць,
Атопкі носіць?
Янкаў жа сын, сын
Ды па двару ходзіць,
Атопкі валочыць.
Чый жа гэта двор, двор,
Залаты тын, тын,
Сярэбраны вароты?
Чый жа гэта сын, сын
Па двару ходзіць, ключыкі носіць?
Ахрэмаў сын ключыкі носіць.
Я ж не магу па двару хадзіці,
Ключыкі насіці,
Толькі магу ля столу стаяці,
Гасцей частаваці,
Толькі магу.

642. Грынблат, с. 61. Зап. Ф. А. Рубцоў у 1920 г. у с. Ольша Аршанскага п. ад В. К. Прахаронькавай, 1873 г. н.

Іванавы пчолкі па полі ляталі,
Чэсць яму, хвала яму, па полі ляталі.
Па полі ляталі, мядок сабіралі,
Чэсць яму, хвала яму, мядок сабіралі.
Мядок сабіралі, ў кубкі налівалі,
Чэсць яму, хвала яму, ў кубкі налівалі.
Ў кубкі налівалі, жнеек частавалі,
Чэсць яму, хвала яму, жнеек частавалі.

643. Карский // РФВ, т. 21, с. 254, № 73. Зап. у 80-я гады XIX ст. у в. Навасёлкі-Затрокскія Віленска-Трокскага п.

Павалам, жнейка, павалам
За нашым панам нядбалым,
Каб жа наш пан а то дбаў,
Даўно жытанька ў гумне мяў.
Ходзе наш пан па полю:
— Дадому, жытка, дадому,
Настаялася на полю,
Нагулялася ды ў волю.
Да дадому, жытка, ў гасціны,
Пойдзеш на поле на зіму.
— Лепей мне ў полі зімаваці,
Анеж у гумне ваяваці.

644. Federowski, 5, с. 727, № 1729. Зап. у в. Хільчыцы Лідскага п.

У нашага пана
Харашэнька на дварэ:
Пабудованы свірнэ
Да й гонтамі пакрываны,
Сабалямі пабіваны.
Да й гонцікі беленькія,
Саболікі чорненькія.
Да цераз двор Дунай плыве
Трыма ручаямі:
Да ў першым ручаю —
Гарэліца горка,
А ў другім ручайцу —
Вінцо зеляненька,
А ў трэцім ручайцу —
Мядок саладзенькі.
Вінцо зеляненька
Самому пану піці,
Гарэліцу горку
Яго жнейкам даці,
Мёдзік саладзенькі
Яго слугам даці.

645. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 39, сш. 2, л. 20. Зап. Л. Салавей і П. Каруза ў 1971 г. у в. Шынаўшчына Пастаўскага р. ад Станіславы Вайцялюн, 1909 г. н.

— Ой, саболю, саболю, [Першы радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.]
Пагуляем з табою.

— Як я маю гуляці,
Вяліць пан застраляці.

Жане шубу пашыці,
Сабалём аблажыці,

А з лапачак шапачку,
Жане на галовачку.

646. Шлюбскі, с. 160—161, № 245. Зап. у 1919 г. у в. Сінякі Веліжскага п.

У нашага гаспадара курчавая галава,
Курчавая галава, шаўковая барада,
А ён кудзеркамі патрасець —
Нам гарэлкі прынясець,
Ён бародкай патрасець —
Нам салодкай прынясець.

647. ЦДГМ, ф. 56 (Бяссонава). Зап. у 1-й пал. XIX ст.

Да золата, золата
На таку малочана,
На таку малочана,
А на стале насыпана.
А хто золата пералічыць,
Той на вайну не паедзе.
Абазваўся Сымонка:
— Я золата пералічу,
А на вайну не паеду.
Вышлю сына маладога
I коніка варанога:
Конік будзе гарцаваці,
Сынок будзе ваяваці,
Я сам, молад, панаваці.

648. АГТ, р. 53, воп. 1, клц. 110, л. 71. Зап. у Барысаве.

Да на новым ганачку
Да тры панічы рахаваліся,
Катораму панічу да што дастанецца.
Старшому панічу стаўлен горад,
А селядоршаму — вараны конік,
А малодшаму — красная панна.
Стаўлен горад да і прыстаіцца,
Вараны конік да прыедзіцца,
З краснай паннай цэлы век жыць буду.

649. Federowski, 8, с. 101. Зап. у Друцку ад Марты Піліпіхі.

А з чыйго ж то поля дабро,
З гор віно цякло,
На даліны салодкі мёд?
Нашага пана поле дабро,
Там жа яго віно цякло,
Там жа з гор віно цякло.
Там жа віно вядром бралі,
Там жа жнеек частавалі.

650. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 27, сш. 1, л. 45. Зап. А. Ліс у 1970 г. у в. Адамчукі Вільнюскага р. ад А. Стэфановіч, 1909 г. н.

Пахіліўся зялёны дубочак
з гары ды ў далочак,
пахіліўся.
Пакланіўся малады малойчык
ды роднай матулі,
пакланіўся.
Паехаў ён долам-даліною,
чужой дальняй стараною,
паехаў ён.
Ды й вышукаць багатага цесця,
ласкавай паненкі,
пашукаць ён.
Праездзіў ён жалезныя колы,
вараныя коні,
праездзіў ён.
Не знайшоў ён багатага цесця,
ласкавай паненкі,
не знайшоў ён.

651. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 112, сш. 1, л. 31. Зап. А. Гурскі ў 1967 г. у в. Ланькава Бялыніцкага р. ад Мар'і Краўцовай, 1905 г. н., Груні Котавай, 1894 г. н., і Сцепаніды Котавай, 1907 г. н.

Гаварыла поле шырокае,
Жыта ядронае:
— Не магу я на полі стаяці,
Каласочкам махаці,
Толькі магу на полі капамі,
У гумне стагамі.
Гаварыла сужанькава маці:
— Не магу я па двару хадзіці,
Ключыкі насіці,
Толькі магу за сталом сядзеці,.
Чарачкі наліваці,
Гасцей частаваці
Віном зеляненькім,
Мядком саладзенькім.

652. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 65, сш. 6, л. 12. Зап. I. I. Лушчыцкая ў 1961 г. у в. Сосенка Вілейскага р. ад Я. Шалуха, 1902 г. н.

Сакатала бочачка,
У піўніцы стоячы:
— Калі мяне не вып'еце,
Я сама разліюся
Па дварэ расіцаю,
За варота крыніцаю.
Гаварыла дочачка
Сваёй роднай мамачцы:
— Калі мяне не аддасцё,
Я ад вас сама пайду
Па двары мяцёлкаю,
Да мілога пчолкаю,
Па дварэ расіцаю,
Да мілога сініцаю.

653. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 293, л. 4. Зап. у 1889 г. I. Нікалаевіч у Мядзведзічскай вол. Слуцкага п.

Залатая мяцёлачка
Памяла, папратала,
Памяла, папратала,
У застаронкі паскладала.
Судзіў нам бог пажынаць,
Судзі нам, бог, і спажываць
З панамі, каралямі,
З людзьмі нашымі здаровымі.

654. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 55, сш. 4, л. 4. Зап. Л. Павецьева ў 1960 г. у в. Лявонавічы Нясвіжскага р. ад Алены Ждановіч, 1913 г. н.

Залатая мяцёлачка
Усё поле падмятала,
Пазамятала, пасушыла,
У гуменцы павазіла.
Дай, бог, за год прыждаці,
Зноў вясёлым жыта жаці,
Свае лета праслаўляці.

655. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 17, сш. 1, л. 7. Зап. У. Коўчар у 1946 г. у в. Юрава Слуцкага р. ад Г. Крывашэй, 1884 г. н.

Да падзякуйма богу
Да за яго выгоду:
Да за ціхае лета,
Да за буйнае жыта.
Да мы ўсё лета жалі
Да не ляжалі.
Да не ляжалі,
Усё каласкі збіралі.
Да мы поле рачком сышлі,
Да пад мяжой вянок найшлі
Да прынеслі на галоўцы,
Палажылі на талерцы.

656. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 47, сш. 2, л. 13. Зап. А. Акунькова ў 1971 г. у в. Кураполле Пастаўскага р. ад вучняў.

Да слава табе, божа,
Што мы жыта пажалі,
Што мы жыта пажалі,
У снапочкі павязалі,
У снапочкі павязалі,
У бабачкі пастаўлялі.
Ой, раўняйцеся, копы,
У роўным полі стоячы,
У роўным полі стоячы,
На гуменца гледзючы.

657. Гарэцкі, Дзяржынскі, Каравай. Выпісы з беларускае літаратуры. Мн., 1926, ч. 1, с. 45.

Да на гарэ вецер вее,
Гаспадар жыта сее,
Да сеючы бога просіць:
— Зарадзі, божа, жыта,
На прышлае лета,
Да на корань караніста,
Да на колас каласіста,
Да на ядро ядраніста,
Да на таку умалотам,
А ў млыне прымалотам,
А ў дзяжы падыходам,
А ў печы румяна,
Да на стале кахана,
Да на стале, як сонейка,
Гаспадарам на здаровейка.







Hosted by uCoz