Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.


[1401.II.24], оу четверг другое недели Великого поста. Трокі. Князь Юрый Доўгаўд абяцае, што калі в.к.л. Вітаўт памрэ раней за польскага караля, то ён не будзе шукаць іншага гаспадара, апроч польскага караля Уладзіслава (Ягайлы) і Кароны Польскай.

Арыгінал у XVI ст. знаходзіўся ў Каронным архіве ў Кракаве. Яго змест (з памылковай датай: 1391) апісаны ў інвентары М. Кромера (1551): "Dux Georgius Dowgot fidelitatem promittit regi et regno Poloniae post mortem Vitoldi". Цяпер дакумент захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, аддзел рукапісаў, ф. 293 ("Западнорусские акты"), воп. 1, № 5). Пергамен шырынёй 245 мм, вышынёй 145 мм, закладка для пячаткі 55 мм. Знішчаная пячатка на блакітным шаўковым шнурку. - Копія 1: Бібліятэка Чартарыйскіх у Кракаве, рукапіс 10 (Teki Naruszewicza, t. 10), № 34, с. 131. Копія лацінкай зроблена 1782.VII.29 па загаду А. Нарушэвіча. Пячатка на той час ужо была цалкам сапсаваная. - Копія 2 (пераклад на лацінскую мову, XVI ст.): Курніцкая бібліятэка Польскай АН, рукапіс 203.II.77, с. 47-48, пад загалоўкам "Littera ducis Georgii Dowhowth, qui promittit regi et regno Poloniae adhaerere, cum primum dux Vitoldus fuerit mortuus" (дата памылковая: 1301).

Асноўныя публікацыі: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 1. 1340-1506. СПб., 1846. С. 30, № 20 (па арыгіналу); Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. T. 2. Codex epistolaris saeculi decimi quinti. T. 1. 1384–1492 / Ex antiquis libris formularum corpore Naruszeviciano, autographis archivistique plurimis collectus opera A. Sokołowski, J. Szujski. P. 1. Ab anno 1384 ad annum 1444 / Cura A. Sokołowski. Kraków, 1876. S. 23, № 29 (па копіі 1); Akta unji Polski z Litwą. 1385-1791. Kraków, 1932. S. 43, № 42 (транслітарацыя лацінкай, дата: 24 лютага 1401 г.); Українські грамоти XV ст. / Підг. тексту, вступна стаття і коментарі В.М. Русанівського. К., 1965. С. 33-34, № 7 (па арыгіналу, прыкладзены яго фотаздымак; дата: 24 лютага 1401 г.). Электронная версія зроблена паводле выданняў "Akta unji" і "Українські грамоти XV ст."

Дата: У 1401 г. Вялікі пост пачынаўся 14 лютага, адпаведна чацвер другога тыдня Вялікага поста прыпадаў на 24 лютага. Год у грамаце пастаўлены памылковы: 1301.

      Мы, кн(я)зь Юрьи Довкговдъ, слюбуемъ и слюбил  есмо, иже тог  | Б(о)гъ не дай, што бы сѧ стало над моимъ г(оспо)д(а)рем  кн(я)зем  | великим Витовтом  перво, нижь над королемъ, тогды | по см(е)рти г(о)с(по)д(а)рѧ своего нѣ имѣю иного г(о)с(по)д(а)рѧ искати, | нижь корол  полского Володислава и Корунѣ Полской.
      А | на то дали есмо сю грамоту и пѣчѧть свою привѣ|сили.
      А псан оу Троцѣхъ оу четвергъ другоѣ нед(е)ли | Великог  поста, под лѣт  по Рожствѣ Х(ристо)вѣ тисѧч  и три|ста [sic] и первое лѣт.

На адвароце пазнейшыя запісы: 1) Littera Georgii Dowgowthi, qui promittit domino regi Poloniae Wladislao post mortem Wytowdi ducis coronae Poloniae assistere (запіс XVI ст.); 2) Georgius Dowgoth dux post mortem Vitoldi promittit se habiturum pro domino regem. Anno 1401; 3) Lithuaniae N. 42 (лічба перакрэслена); 4) N. 37 (лічба перакрэслена і напісана: 38); 5) Rta.

А.Л. Ідэнтыфікацыйны нумар электроннай версіі дакумента: d068 ад 2010.III.29.






Hosted by uCoz