История Беларуси IX – XVIII веков. Первоисточники. || Визуальные материалы.


Алесь Белы.

 

СТРАШНЫ ГОЛАД У КРАІНЕ РУСЬ І ЛІТВА…“

 

1571-ы, першы год перамір'я ў Інфлянцкай вайне з Масквой пасля 13 год няспынных баявых дзеянняў, не выдаўся для ВКЛ хоць бы адносна спакойным. Дажываў свой век апошні з Ягелонаў, бяздзетны Жыгімонт Аўгуст, пакідаючы адкрытым пытанне пра лёс навастворанай Рэчы Паспалітай. Войскі Івана Жахлівага, гатовага ў любы момант абвесціць свае прэтэнзіі на вакантны прастол, працягвалі акупіраваць Полаччыну. І быццам не жадаючы даваць хоць нейкую палёгку, сама прырода наканавала шматпакутнай краіне новае выпрабаванне: недарод. Ва ўмовах XVI ст. гэта аўтаматычна азначала голад, пошасці і спусташальныя страты насельніцтва. Усе гэтыя няшчасці ў 1571 г. выдаліся такія моцныя, што ўразілі не толькі аўтара “Хронікі Літоўскай і Жамойцскай”, які апісаў іх наступным чынам: “О голоде великом. Року 1571. Голод великий был в Полщи и в Литве, же убогие люди стерво здохлое и собак ели, наостаток трупы умерлых людей трупы выгребаючи з земли, ели и сами вмирали”. Звесткі пра падзеі ў ВКЛ хутка дасягнулі Заходняй Еўропы, і неўзабаве тагачасныя нямецкія газеты, “лятучыя лісткі”, разнеслі іх па ўсім хрысціянскім свеце, суправаджаючы такімі вусцішнымі падрабязнасцямі, ад якіх стыла кроў. Найбольш характэрна ўяўленні заходняга чытача пра падзеі 1571 г. ілюструе аўгсбургскі “лятучы лісток” 1571 г. са збору Яна Якуба Віка. Падрабязнае натуралістычнае апавяданне пра эпідэмію чумы, масавы канібалізм і іншыя жахі ў гэтым лістку суправаджалася маляўнічай расфарбаванай гравюрай, якая наіўна, але пераканаўча даносіла да паспалітага еўрапейца ўсю жудасць падзей у далёкіх Літве і Беларусі.

 

Так фантазія нямецкага мастака стварыла своеасаблівую ілюстрацыю да скупога паведамлення беларускага летапісу. Колькі такіх выяў, якія ілюструюць самыя розныя падзеі нашай гісторыі трагічныя і трыумфальныя, шэраговыя (але каштоўныя менавіта сваёй будзённасцю, звычайнасцю) і славутыя, сапраўдныя і легендарныя раскідана па розных архівах і бібліятэках Еўропы? Выявы замкаў і славутых бітваў, партрэты славутасцяў, побытавыя сцэнкі і сенсацыйныя “рэпартажы” пра неверагодныя падзеі, карціны мастакоў мінулага. Калі сабраць іх разам, ужо даўно вядомыя і тыя, якія толькі прыходзяць да нас? Можа, іх і няшмат, калі параўноўваць з больш цывілізаванымі краінамі. Але, мусіць, дастаткова, каб стварыць свой гістарычны “відэарад”, непазбежна падобны на тыя, якія маюць іншыя еўрапейскія краіны, але разам з тым уласны, непаўторны. Які абуджаў бы ў кожнага адукаванага чалавека пачуццё ўдзельнасці ў сваёй, айчыннай культурнай традыцыі, выклікаў бы свае, а не насунутыя камуністычнай і шавіністычнай прапагандай ды усё нівеліруючай “поп-культурай”, вобразы і асацыяцыі, натхняў бы сапраўды беларускіх мастакоў і дызайнераў. Каб са школы гэтыя вобразы ўваходзілі ў свядомасць, выхоўваючы не снобаў і не люмпенаў, а менавіта годных людзей, якія ганарацца сваёй краінай і адчуваюць адказнасць за яе лёс… Перафразіруючы вядомае выказванне, чалавек — гэта перш за ўсё тое, што спажываюць яго вочы, а не страўнік. Шкада, але пакуль мы недаравальна мала зрабілі, каб у нашых суайчыннікаў выхоўваўся нармальны густ, каб зрокавую памяць займалі не толькі збанкрутаваныя палітыкі і поп-зоркі. Сапраўды, нашая спадчына ў гэтым сэнсе бяднейшая за шмат якія іншыя, але менавіта таму мы мусім па каліўцы збіраць фрагменты страчанай карціны і карпатліва аднаўляць яе. Каб не было сорамна глядзець у вочы суседзям. Каб дзеці не думалі грэбліва, слухаючы нудныя натацыі настаўніцы: “ды што калі ў гэтай Беларусі было?”


 

Глядзець малюнак (600 кб): http://starbel.narod.ru/maliu/MALUNAK.gif

 

Арыгінал: Аўгсбургскі “лятучы лісток” 1571 г. З ласкі цюрыхскай Zentralbibliothek.

 

Подпіс пад малюнкам у арыгінале:

 

Ein Erschroeckliche doch Warhaftige grausame hungers nott und Pestilenzische plag so im Landt Reissen vnnd Littaw fürgangen im 1571 Jar. / Жахлівая, але праўдзівая звестка пра страшны голад і чумную пошасць, якія напаткалі краіну Русь і Літва ў 1571 годзе.

 

Сайт удзячны гісторыку Алесю Беламу за прысылку гэтага вельмі цікавага матэрыяла.


Hosted by uCoz