История Беларуси IX-XVIII веков. Первоисточники.


Нарративные источники, эпиграфика
Документальные, эпистолярные, законодательные источники
Памятники культуры, словесности, философской мысли
Музыка, театр, фольклор || Визуальные материалы
Полезные исторические веб-ресурсы
Каталог электронных книг, библиография
Метрика ВКЛ (Литовская Метрика)

Новая транслітарацыя Статута ВКЛ 1588 года.

Са жніўня 2002 г. па сакавік 2003 г. на сайце "Гісторыя Беларусі IX – XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы" па адрасе http://starbel.narod.ru/statut1588.htm была змешчана поўная электронная версія тэксту Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года. Транслітарацыю зрабіў А. Ліцкевіч па факсіміле арыгінальнага выдання Статута ВКЛ (Вільня, друкарня Мамонічаў, 1588), якое надрукавана ў выданні: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989. Пераклад з лаціны на рускую мову "Привилея на исключительное право Льва Сапеги издавать Статут ВКЛ 1588" перадрукаваны з таго ж выдання. Аглаўленне артыкулаў з арыгінала ў электроннай версіі не прыведзена. З’яўленне новай транслітарацыі было прадыктавана практычнай патрэбай у электроннай версіі Статута для сайта, каб на спецыялізаваным веб-рэсурсе першакрыніц кожны карыстальнік мог без цяжкасці атрымаць патрэбную даведку, працуючы з актавымі і іншымі гістарычнымі матэрыяламі.

Перш чым брацца за транслітарацыю, была разгледжана магчымасць скарыстацца ўжо існуючымі вядомымі транслітарацыямі. Выбарачная праверка маскоўскага выдання 1854 г. праведзена па зваротах Л. Сапегі да караля і да станаў ВКЛ, а таксама па вершы А. Рымшы. Гэтыя тэксты перададзеныя з захаваннем ераў, дыграфу "кг", надрадковыя знакі ўнесеныя ў радок без адмысловых заўваг, пунктуацыя не сучасная, а адпавядае "коскам" арыгінала. Еры і мяккія знакі транскрыбаваныя непаслядоўна: напрыклад, на старонцы Х "почьстивые" замест "почъстивые", "погамованье кожъдого" замест "погамованъе кождого", "худшимъ" замест "худъшимъ"; акрамя таго, за надрадковымі літарамі, ўнесенымі ў радок, ставіцца без тлумачэнняў і дужак то "ъ", то "ь" ("боитъ се", але побач тое ж надрадковае т перадаецца як "маеть").

Нямала недакладнасцяў. Напрыклад, стар. VIII: "мялдеского" замест "мяделского". Стар. IX: "зацнее" замест "зацные", "никойли" замест "николи", "присмотри" замест "присмотрет", "цноту съ" замест "цноту зъ". Стар. Х "ихъ есте смо" замест "ижъ естесмо", "когождого" замест "кождого", "у сихъ" замест "усихъ", "хрестианскими" замест "хрестиянскими". Стар. ХІ: "найбольше" замест "найбольшей", "обчимъ акымъ" замест "обчым якым", "и быхъ" замест "абыхъ". Стар. XII: "в милос" (?) замест "ваши милости" альбо "вашимости" (у арыгінале літары "вм" пад тытлам) і г.д. Устаўкі літар, раскрыццё тытлаў і памылкі друку ніяк не абазначаныя: напрыклад, на стар. Х "безпечне" ("безпчне" у арыгінале).

Мінскае факсімільнае выданне Статута ВКЛ, якое было падрыхтавана вялікім калектывам навукоўцаў і пабачыла свет у 1989 г., з’явілася выключным крокам наперад у вывучэнні гэтага помніка. Тым не менш, транскрыпцыя Статута з’яўляецца бадай што самым слабым месцам гэтага выдання.

Перш за ўсё з прынцыпамі гэтай транскрыпцыі нельга пагадзіцца, бо яна спрошчвае і нівеліруе моўныя асаблівасці помніка. Еры не перадаюцца (нават унутры словаў), "кг" перададзенае як "г", памылкі друку, ўстаўкі літар і раскрыцці тытлаў ніяк не абазначаюцца. "В ыменьях" альбо "з ыменей" паўсюль транскрыбавана як "в именьях", "з именей", такія характэрныя формы як "щого" (г. зн. "з чого") перададзеныя як "с чого" і г.д.

Шмат недакладнасцей ледзь не на кожнай старонцы ў правераных фрагментах. "Кром розсуду" замест "кромъ суду" (с. 81), "злостати" замест "зостати" (с. 83), "обвещаньем" замест "обвещеньемъ", "где бы" замест "кгды бы", "укрывжоны" замест "укривьжоны" (с. 84), "спушаючи" замест "спущаючи" (с. 85), "теж участвуем, где быхмо" (!) замест "тежъ уставуем, кгды быхмо" (с. 88), "або с чим" замест "або шъ чимъ" (с. 91), "их самой" замест "ижъ самой" (с. 96), "хробою" замест "хоробою" (с.158) і г.д. Некаторыя недакладнасці істотна скажаюць сэнс тэксту, як у раздз. 3, арт. 5, дзе прапушчана, адно, здаецца, "малаважнае" слоўца "а". Пачынаючы з раздзела 11 мы зноў праверылі дакладнасць транскрыпцыі. "Выведеньем" замест "выведаньемъ", "забил яким" замест "забилъ и якимъ", "они за вину" замест "ани за вину", "гродской" замест "кгродский" (усё на с. 281), "первый" замест "первей" (с. 283), "тут, хто" замест "тотъ, хто" (с. 284), "твердоустого" замест "твардоустого", "за то горле" замест "за то на горле" (с. 285), "доведех" замест "доводехъ" (с. 286), "госоподы" замест "господы" (с. 287), "зраненье до суду" замест "зраненье свое до суду" (с. 289), "паставил" замест "паствилъ" (с. 292), "будь бы хто" замест "где бы хто" (с. 299), "гребежи" замест "грабежи". На старонцы 303 у арт. 46 замест радка "Естли бы хто шляхтянъку мужатку забилъ будь при кгвал..." у транскрыпцыі ўстаўлены радок з суседняга арт. 47 "Естли бы хто шляхтича або шляхтянку, лет не дорослых..." (!). "За козеня летнее" замест "за козеня сеголетнее" (с. 327), "впрядника" замест "врядника" (с. 333), "в одной муце" замест "в оной муце" (с. 340). На апошніх старонках транскрыпцыі: "сколько" замест "колько", "чого ж часу" замест "того жъ часу" (с. 346), "унынити" замест "учынити", "о цыганах" замест "о цыганехъ", "могли бы я ставати" замест "могли бы ся ставати", "яко закон фирмацыею" замест "яко за конъфирмацыею" (с. 347).

Такім чынам, для стварэння электроннай версіі спатрэбілася зрабіць новую транслітарацыю паводле факсіміле Статута.

Гэта транслітарацыя спрошчаная, калі параўноўваць з існуючымі прынцыпамі выдання гістарычных помнікаў (якія вытрымліваюцца, напрыклад, у вільнюсскіх і мінскіх публікацыях кніг Літоўскай Метрыкі ці ў "Гістарычным слоўніку беларускай мовы"). Гэта тлумачыцца, па-першае, наяўнасцю агульнадаступнага факсіміле. Не перадаваліся курсівам надрадковыя знакі, выйшаўшыя з карыстання літары замяняліся сучаснымі (акрамя "ѣ"), у астатнім імкнуліся перадаць тэкст літара ў літару. Абзацы арыгінала паўсюль захаваныя. Пунктуацыя сучасная.

Змягчэнне пасля надрадковых т, л, н. Пасля т мяккі знак не ставіўся, нават у такіх формах, як "мают" альбо "мает", бо ў арыгінале часам сустракаліся і варыянты з ерам "маютъ" і г.д. У назоўніках на "-не", "-ню", "-нем" устаўляўся ў дужках мяккі знак пасля надрадковай н, бо мяккі знак прысутнічае ў тых жа самых словах і без надрадковага н. Да таго ж у формах на "-не" у абсалютнай большасці выпадкаў пасля н стаіць адмысловая літара (накшталт украінскай є), якая абазначае йотаванае "е". Рэальна ў адным абзацы побач знаходзяцца формы "уживанья", "поприсяженьємъ", "зезволенемъ" (разд. 3, арт. 3), але варыянтаў з мяккім знакам куды больш. Таксама не ставіліся мяккія знакі пасля надрадковых л і н (напрыклад, у словах "волность", "сполне", "панство"), бо як тады быць са словамі, дзе гэтыя гукі, відавочна, павінны быць цвердымі ("взял", "повинен"; у разд. 4, арт. 29: "повиненъ" і побач "повинень"), тым больш, што часта ў арыгінале яны перадаюцца і звычайнымі літарамі без змягчэння – "волность", "панство".

Наогул трэба зазначыць, што правапіс друкаванай версіі Статута даволі неўнармаваны. Сустракаюцца самыя розныя варыянты: "р" цвёрдае суіснуе з "р" мяккім ("горячомъ" - "горачомъ", "господаръ" – "господарь"), "маеть" – "маетъ", "чымъ" – "чимъ" і г.д. Гэта наводзіць на думку, што паміма "стракатасці" крыніц Статута складальнікі старабеларускіх версіяў розных артыкулаў або і наборшчыкі ў друкарні Мамонічаў маглі належаць да розных дыялектных групаў старабеларускай мовы (параўн., напрыклад, - "чужоземець" (разд. 4, арт. 29).

Спадзяюся, што сам зрабіў не надта шмат памылак у транслітарацыі альбо пунктуацыі. Ва ўсякім разе перавага электроннага выдання ў параўнанні з папяровым – менавіта ў магчымасці хутка выпраўляць заўважаныя памылкі і недакладнасці, што і раблю пры неабходнасці. Хацелася б таксама падкрэсліць тую станоўчую ролю, якую адыгрывае ў вывучэнні таго ці іншага помніка яго якаснае факсімільнае выданне.

Гэта прадмова была напісана ў 2003 г., а адрэдагавана 12 ліпеня 2009 г. Калі электронная версія Статута 1588 г. толькі стваралася, у Інтэрнэце гэты помнік быў прадстаўлены даволі сціпла. Па адрасе http://www.geocities.com/Paris/Chateau/7855/kasic/Statut/statut_vkl_1588.htm знаходзіўся пераклад на беларускую мову лацінкай 3 раздзела Статута 1588 г., зроблены ў 1992-2000 гг. Юрыем Касічам (Juraj Kasič) з Віцебска. У ім словаспалучэнне "земли Руское", напрыклад, перакладалася як "ziamli Malaruskaje". Цяпер, праз некалькі гадоў, на розных сайтах Польшчы, Украіны, Расіі з'явіліся электронныя версіі Статута 1529 і 1566 гг. З майго дазволу тэкст Статута 1588 г. быў перадрукаваны адсюль на сайце "Стары Гетман" (ён зараз знаходзіцца па адрасе hetman.by). На сайце Wikisource у беларускім раздзеле змешчаны поўнасцю (дазволу ўжо ніхто не пытаўся) тэкст Статута у маёй транслітарацыі, але няма спасылак ні на сайт, ні на маё аўтарства электроннай версіі. Гэта, на жаль, не адзіны выпадак.

Рэдагаванне, праведзенае ў ліпені 2009 г.: зменены HTML-код; выпраўлены некаторыя заўважаныя недакладнасці і памылкі; вялікая літара Ъ, якая абазначала яць, заменена на ѣ.

UPD, 14.III.2010: Данная электронная версия легла в основу текста Статута ВКЛ 1588 г., опубликованного в изд.: Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А-Я. Мн., 2010. С. 550-689.

А.Л.







Hosted by uCoz